Вы тут

Пачуцці, пакладзеныя на літары


Зборнік выбраных руска- і крыху беларускамоўных вершаў Сабіны Брыло «Это буквы» ўжо сваёй назвай дае зразумець, што шукальнікам глыбіннага сэнсу ў паэзіі будзе адначасова вельмі цікава і незразумела. Але таямнічыя сэнсы шукаць не варта: вершы С. Брыло простыя і прамыя, іх нават можна назваць своеасаблівымі дзённікавымі запісамі. Адны больш інтымныя, пачуццёвыя, іншыя — пра калготкі, якія вісяць на крэсле. І вобразы, і метафары ў асноўным побытавыя, «жыццёвыя».


Сабіна Брыло не ставіць мэту ўразіць чытача хітрым паэтычным радком або мудрагеліста замаскіраваць свае любоўныя праблемы пад дываном з метафар пра высокае. Яна быццам піша як ёсць, як прыйшло ў галаву, як сцягнулі з канапы пасярод дня за ручкай з нататнікам. Многія вершы нібы не скончаныя ці быццам кінутыя на паўслове, нібы перарваная думка, якая і ў поўным варыянце пакінула б больш пытанняў, чым адказаў, а зараз і зусім нядобра чапляе сваёй нявызначанасцю. Тыя, хто любіць даступныя і «агульназразумелыя» вершы, хутчэй за ўсё, не будуць задаволены.

Але зборнік С. Брыло каштоўны не ступенню чыстага разумення яго чытачом. Ён каштоўны непатрабавальнай шчырасцю, непрыхаванай непрыгожасцю чалавечага жыцця і няўрымслівасцю думкі. Спалучэнне гэтае вельмі своеасаблівае:

Когда кто-то другой любит того, кого любишь ты —

Это невыносимо и кажется несправедливым.

По логике текста, здесь должно быть какое-то «но» —

 Но я не знаю, какое, — и его здесь нету.

Чытаючы такую паэзію, можна або абурана адкінуць кніжку ўбок са словамі: «Аўтар наогул дбаў пра форму, пра ідэю?»; або ашалела саскочыць ужо са сваёй канапы і закрычаць: «Вось яно! Я гэта разумею, я гэта адчуваю!».

Тэма любві — рамантычнай, сексуальнай, сямейнай, да сябе — праходзіць праз увесь зборнік. Яе вечна не хапае, але яна нясцерпна патрэбная. І да такой ступені, што лірычная гераіня гатова хоць параўноўваць сябе з ежай у халадзільніку, хоць марыць пра тое, каб стаць гасцініцай: абы ўпусціць у сябе як мага больш людзей.

Если бы я была домом,

И у меня был выбор —

Каким домом мне быть, —

Я бы сделала выбор

Не в пользу семейного дома —

Я бы стала гостиницей.

У камплекце з «вечнымі тэмамі» ідзе вобраз маці і жанчыны — і часцей ён сумны, варты жалю або зусім жудасны. Ён настолькі прасякнуты пахам варыўні, бытавухай і чужым непатрэбным успрыманнем «цябе», што робіцца маркотна, калі ўспамінаеш: так і жывём. Заўсёды холадна, заўсёды ежа (ці ты яе, ці ты — яна, нават калі са згоды), заўсёды трэба імкнуцца быць некім іншым, не сабой.

когда ты спрашиваешь:

ну, что опять задумалась? —

я думаю, есть ли еще в мире

хотя бы одна шутка,

которой не нужно подыгрывать.

Рамантызацыі ў вершах С. Брыло няма. І калі паглядзець на зборнік строга, забыўшыся на хвіліну пра лірыку і паэтычныя ўздыхі, то «Это буквы» — кніга пра дэпрэсію. Гераіня з верша ў верш дэманструе фармальныя прыкметы чалавека ў дэпрэсіі: увесь час ляжыць, сябе не глядзіць, нават сіл прычасацца ў яе няма. Увесь зборнік — як адно вялікае чаканне чагосьці, безэмацыянальные, пазбаўленае сэнсу.

Загалоўны верш зборніка на самай справе ўяўляе сабой вельмі паказальную сітуацыю кантэкстуальнай інтэрпрэтацыі. А таксама — найлепшага ў паэзіі Сабіны Брыло. Нейкай калі не самаіроніі, то самасумленнасці. Маўляў, я магу напісаць пра што пажадаю. І пра боль, і пра цэтлікі, і пра тое, як неабходна заставацца сабой у свеце, які абавязкова чакае ад цябе таго, што ты не можаш і не хочаш рабіць.

Когда все это

Все это

Все

Превращается в буквы —

Смотришь на буквы,

Думаешь: это буквы.

Верш нібы расшыфроўвае назву зборніка, у ім гераіня нібы папярэджвае: тут можа і не быць тых патаемных сэнсаў, якія вы хочаце ўбачыць. Пачуцці, пакладзеныя на літары, — гэта проста літары. Аўтар вельмі сумленная ў гэтым плане: яна як бы і не прэтэндуе на ўрачыстае ўнясенне сваіх твораў у спіс Высокай Паэзіі. Яна проста выдала зборнік літар, якія, магчыма, штосьці для яе значаць і якія, магчыма, не значаць нічога для кагосьці іншага. І гэта па-свойму займальна: як прыйсці на ўрачыстую вячэру ды замест шыкоўных страў убачыць на стале засохлы хлеб, недаедкі ад снедання... І не прыдрацца — труфеляў ніхто і не абяцаў.

Гэты верш хутчэй пра дысацыяцыю, чым пра сэнс і тое, з якім узрушэннем мы шукаем яго ў чужых літарах:

Между добром и злом — выбрал меня.

Не лучшее, но, слава Богу — не вечное.

Валерыя ДЗЯТКОВА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.