Вы тут

«Беларусь 3» адзначыць 100-годдзе Янкі Брыля і яшчэ шэраг круглых дат


Наступны тыдзень стане вельмі насычаным на імяніны вядомых дзеячаў мастацтва, у гонар якіх сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3» падрыхтаваў адмысловыя святочныя праграмы.


Так, да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР Янкі Брыля яго вядомыя творы будуць чытаць у эфіры акцёры тэатра і кіно — у прыватнасці, у спецыяльных відэароліках прагучаць урыўкі з апавяданняў «Маці» і «Галя». Пра малавядомыя факты з жыцця і творчасці пісьменніка нагадае гледачам 4 жніўня перадача «Святло далёкай зоркі».

Зрэшты, аўтар і вядучы «Святла далёкай зоркі» Аляксандр Дамарацкі раскажа ў асобных серыях цыкла і пра іншых юбіляраў тыдня. 1 жніўня праграма будзе прысвечана 80-годдзю дырыжора Юрыя Яфімава, 2 жніўня — раскажа пра народную артыстку БССР, адну з дзвюх жанчын-дырыжораў Савецкага Саюза Таццяну Каламійцаву. 3 жніўня вядучы ўспомніць пра мастака Мікалая Селешчука, а 5 жніўня пагаворыць з гледачамі пра яркія ролі заслужанай артысткі БССР, актрысы Алімпіяды Шах-Парон, 95-годдзе з дня нараджэння якой святкуецца сёлета.

У нядзелю «Беларусь 3» адзначыць перад'юбілейны дзень нараджэння славутага беларускага кампазітара, народнага артыста СССР Ігара Лучанка — спецвыпускам праекта «Легенды беларускай эстрады», а таксама творчым вечарам «Неспакойнае сэрца».

Акрамя таго, увечары 6 жніўня заўзятыя тэатралы змогуць прычыніцца да святкавання 60-гадовага юбілею мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра, лаўрэата Дзяржпрэміі Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Мікалая Пінігіна. Менавіта ў ягоную творчую лабараторыю завітаюць тэлевізійнікі ў чарговым выпуску праграмы «Майстры і куміры», а крыху пазней тэлегледачы ўбачаць запіс спектакля «Сымон-музыка» ў пастаноўцы юбіляра.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Культурны тыдзень з юбілярамі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.