Вы тут

Беларусь можа стаць кансультацыйным бокам Дагавора аб Антарктыцы


Беларусь збіраецца атрымаць статус кансультацыйнага боку Дагавора аб Антарктыцы. Пра гэта расказаў начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ) Аляксей ГАЙДАШОЎ падчас пашыранага рабочага пасяджэння Міжведамаснай камісіі па пытаннях Антарктыкі. Мэтай мерапрыемства былі разгляд ходу выканання Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Дагавора аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы паміж урадамі Беларусі і Расіі, абмеркаванне планаў навуковага і лагістычнага партнёрства з Расійскай Федэрацыяй на 2017—2018 гады, у тым ліку ў межах правядзення 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі.


— Першае пытанне, якое стаіць у нас на парадку дня, — аналіз інфармацыі ад беларускай дэлегацыі, якая ўдзельнічала ў 40-й кансультацыйнай нарадзе па Дагаворы аб Антарктыцы, што прайшла ў Пекіне некалькі месяцаў таму, — расказаў Аляксей Гайдашоў. — Таксама будзе разглядацца пытанне падрыхтоўкі пакета дакументаў у міжнародныя органы на ўзгадненне статусу кансультацыйнага боку. Калі ўсё атрымаецца, гэта паставіць нас на адзін узровень з самымі буйнымі эканомікамі свету, якія ўдзельнічаюць у рабоце сістэмы Дагавора аб Антарктыцы. Права голасу, права вета, права ўдзелу ў распрацоўцы і прыняцці рашэнняў, якія датычацца сучаснасці і будучыні «белага» кантынента, — вось што атрымае Беларусь у гэтым выпадку. Таму для краіны пытанне стратэгічнае. Мы ўжо не будзем сядзець, як той казаў, на прыстаўным крэсле, а станем непасрэдна ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах па ўрэгуляванні дзейнасці на шостым мацерыку планеты.

Як адзначыў начальнік БАЭ, пытанні двухбаковага супрацоўніцтва з Расіяй не абмяжоўваюцца сферамі навукі і лагістыкі. Вялікую дапамогу нашай краіне расіяне аказваюць якраз на міжнароднай арэне. Так, у Пекіне разглядалася пытанне аб пераглядзе працэдуры ўзгаднення статуса кансультацыйнага боку ў Дагаворы аб Антарктыцы. Першапачаткова праект дакумента быў вынесены на абмеркаванне ў вельмі жорсткай рэдакцыі, якая магла негатыўным чынам адбіцца на працы палярнікаў з Беларусі і іншых краін, якія яшчэ не маюць гэтага статусу. Дзякуючы ў тым ліку і цвёрдай пазіцыі дэлегацыі Расіі ўдалося зрабіць яго больш дэмакратычным.

Падрыхтоўчыя работы па фарміраванні чарговай БАЭ ўжо распачаліся. У жніўні пройдуць першыя этапы падрыхтоўкі ўдзельнікаў экспедыцыі. На кожнае вакантнае месца будуць разглядацца па 3—4 кандыдаты. Усяго плануецца адправіць у Антарктыду 6 ці 7 спецыялістаў (у залежнасці ад фінансавання). Яны пройдуць гутарку, псіхалагічнае тэсціраванне, медыцынскую камісію, праверку на прафесійную прыгоднасць. Па папярэднім графіку навукова-экспедыцыйнае судна «Акадэмік Фёдараў» высадзіць удзельнікаў БАЭ ў раёне базіравання ў сярэдзіне снежня. Эвакуацыя запланавана на канец лютага або пачатак сакавіка. Апроч навуковай работы спецыялісты зманціруюць і ўстановяць на платформу чарговыя тры секцыі Беларускай антарктычнай станцыі.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Не сядзець на прыстаўным крэсле

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.