Вы тут

Склад 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі аказаўся маладзёжным


Вельмі маладзёжным атрымаўся склад 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі: сярэдні ўзрост яе ўдзельнікаў — ад 25 да 35 гадоў. Пры гэтым сярод апошніх ёсць і тыя, хто адправіцца на Паўднёвы полюс Зямлі ўжо не першы раз. Маладзёжны адукацыйны цэнтр «Фіяльта», які напярэдадні старту юбілейнай экспедыцыі арганізаваў сустрэчу грамадскасці з беларускімі палярнікамі, даў яе ўдзельнікам наступныя характарыстыкі.


Сярод удзельнікаў экспедыцыі — маладыя твары.

Аляксей ЗАХВАТАЎ, інжынер-механік, выпускнік Мінскага аўтамеханічнага каледжа, неаднаразовы ўдзельнік і прызёр этапаў спаборніцтваў для пазадарожных аўтамабіляў, майстар на ўсе рукі (і слесар, і зваршчык, і кіроўца). У экспедыцыі ўдзельнічае трэці раз.

Максім ГАРБАЦЭВІЧ, інжынер-радыёметрыст, закончыў факультэт радыёфізікі БДУ, захапляецца матацыкламі, выконвае не толькі ролю навуковага супрацоўніка па даследаванні атмасферы і азонасферы, але ў выпадку неабходнасці добра спраўляецца з абавязкамі праграміста і электрыка. Камунікабельны, ураўнаважаны, адказны, непатрабавальны да быту. У экспедыцыі ўдзельнічае другі раз.

Павел ШАБЛЫКА, інжынер-геафізік, закончыў геаграфічны факультэт БДУ, добра спраўляецца з абавязкамі дзяжурнага па кампусе, стараецца гатаваць вынаходліва і разнастайна, захапляецца псіхалогіяй, пастаянна расце ў прафесійным плане, але яшчэ патрабуе пільнай «бацькоўскай увагі». У экспедыцыі — другі раз.

Дарэчы, Павел Шаблыка ўпершыню трапіў на полюс холаду ў 24-гадовым узросце, адправіўся туды стажорам-даследчыкам Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, а вярнуўся малодшым навуковым супрацоўнікам. У экспедыцыі ён займаўся геалакацыяй і назіраннямі за ваганнямі магнітнага поля Зямлі і магнітнымі анамаліямі. Але паколькі яго работа вымагала пастаяннага знаходжання, так бы мовіць, на «свежым паветры», а метэаўмовы, у прыватнасці моцны вецер (да 40 метраў за секунду), не заўсёды дазвалялі яму гэта рабіць, Паўлу давялося ўзяць на сябе і бытавыя пытанні. Ён, па словах нязменнага кіраўніка ўсіх беларускіх антарктычных экспедыцый Аляксея Гайдашова, стаў фактычна іх карміцелем, за што ўсе палярнікі былі яму вельмі ўдзячныя. Адсюль — і вынаходлівасць на кухні.

«Гатэль» для палярнікаў.

Пасля яго вяртання ў Беларусь мы цікавіліся ў Паўла, да чаго немагчыма было падрыхтавацца, адпраўляючыся ў далёкае падарожжа, і што стала самым складаным у экспедыцыі.

— Ні да чаго немагчыма падрыхтавацца, бо гэта зусім іншы свет: стасункі ў замкнёнай прасторы, вялікія штодзённыя нагрузкі, адсутнасць сувязі, да якой мы ў будзёным жыцці прызвычаіліся і на якую не звяртаем увагі, складаныя кліматычныя ўмовы. Але жаданне зноў трапіць у экспедыцыю ў мяне ёсць, — канстатаваў ён.

Праз два гады хлопец вырашыў зноў вярнуцца ў Антарктыду. «Спадзяюся, што на гэты раз мне пашанцуе больш...» — смяецца ён.

Ёсць у экспедыцыі і навабранцы. Напрыклад, Артур ІВАШКА — майстар па рамонце і эксплуатацыі машын і механізмаў (ураўнаважаны, адказны, гаваркі, выдатны сем'янін). Ці ўрач Дзмітрый КАЎКО: ён таксама захапляецца матацыкламі і спортам, у экспедыцыі акрамя абавязкаў урача будзе выконваць работы па эколага-біялагічнай праграме, звязаныя з адборам проб і ўзораў прыродных матэрыялаў, а таксама адказваць за арганізацыю здаровага харчавання членаў каманды.

Уладзімір НЕСЦЯРОВІЧ — спецыяліст па рамонце і абслугоўванні будынкаў і камунікацый, навучаўся ў прафесійна-тэхнічнай навучальнай установе, дзе атрымаў прафесіі газаэлектразваршчыка і аўтаслесара. Можа быць у адной асобе і цесляром, і слесарам, і сантэхнікам. Як і большасць калег па экспедыцыі, захапляецца аўтамабілямі.

Усяго ў Антарктыду адправіліся сем чалавек. Там яны правядуць палярнае лета. Гэта найбольш спрыяльны час для экспедыцыі: тэмпература вагаецца ад +3 да -28 градусаў, у той час як у зімовы перыяд яна апускаецца да -56 градусаў.

Задачы перад беларускімі палярнікамі сёлета стаяць не менш важныя і складаныя, чым у папярэдніх экспедыцыях. Яны працягнуць будаўніцтва і мантаж новай станцыі. У мінулым годзе быў закладзены другі аб'ект Беларускай антарктычнай станцыі — 8-секцыйны службова-лабараторны модуль. Усталяваная платформа і сабраная адна секцыя. Падчас сёлетняй экспедыцыі плануецца зманціраваць яшчэ тры секцыі. Па выніках сезона будуць уведзены ў строй чатыры паўнавартасныя секцыі для працы і пражывання з васьмі запланаваных на другім аб'екце. Дарэчы, любая з іх функцыянальная сама па сабе і можа выкарыстоўвацца па прызначэнні асобна. Для кожнага палярніка будзе адведзена невялікае памяшканне для пражывання, дзе ёсць усё неабходнае, у тым ліку санвузел, міні-кухня, спальнае месца. Для профільных навуковых дысцыплін абсталёўваюцца асобныя даследчыя лабараторыі. У перспектыве з'явіцца таксама амбулаторна-хірургічная секцыя. У 2019—2020 гадах Беларусь плануе перайсці да круглагадовых зімовачных мерапрыемстваў у Антарктыдзе.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: «Дзяды» і навабранцы Антарктыды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».