Вы тут

Ці ўдасца дамовіцца ўладам і жыхарам Бараўлянскага сельсавета?


У Бараўлянскім сельсавеце востра стаіць праблема недахопу месцаў у дзіцячых садках: сваёй чаргі чакаюць каля чатырох тысяч малых. У 2014 годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне Мінаблвыканкаму і Мінгарвыканкаму пабудаваць дзве дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Абласныя ўлады з задачай справіліся: у вёсцы Лескаўка летась пабудавалі і адкрылі садок. А вось Мінскі гарвыканкам сутыкнуўся з праблемай выбару месца: знайсці яго ў Бараўлянах практычна немагчыма з-за шчыльнай забудовы. Пытаннем займаліся адпаведныя службы і спецыялісты. Высветлілася, што пад дзіцячы садок з адпаведнай інфраструктурай неабходна пяць гектараў зямлі. Падабралі два ўчасткі: у лесе і на землях сельскагаспадарчага прызначэння. Прыярытэт аддалі першай пляцоўцы. Вядома, папярэдне ўлады ўзгаднілі сваё рашэнне з кіраўніком дзяржавы і атрымалі дазвол.


Але рашэнне будаваць садок у лесе абурыла мясцовых жыхароў, якія сабраліся ў Доме культуры для абмеркавання карэкціроўкі генеральнага плана развіцця Бараўлян і аграгарадка Лясны да 2030 года. У зале не было дзе яблыку ўпасці. Людзі стаялі нават у праходах паміж крэсламі. Усе яны адназначна выказаліся супраць высечкі лесу і патрабавалі адмяніць карэкціроўку плана. Падтрымала прысутных і дэпутат Бараўлянскага сельскага Савета Ларыса Грыбалёва, якая з трыма дзецьмі жыве ў пасёлку. Яна расказала, што даведалася аб карэкціроўцы генплана выпадкова. Зрэшты, як і ўсе астатнія жыхары. Па словах Ларысы Грыбалёвай, аб гэтым не былі праінфармаваны і органы мясцовага самакіравання, таму яна мае намер паставіць пытанне на сесіі дэпутатаў мясцовага Савета.

Разам з тым намеснік старшыні Мінскага райвыканкама Ірына Савіцкая канстатавала, што высечка будзе весціся выбарачна, каб максімальна захаваць лес для малых. Акрамя таго, за кожнае ссечанае дрэва будуць пасаджаныя тры маладыя. На думку прадстаўніцы райвыканкама, менавіта гэтая пляцоўка найлепш падыходзіць для дзіцячага садка. «Не ставіць жа будынак пасярод голага поля, каб дзеці дыхалі пылам і пяском», — лічыць яна.

Яшчэ адна кропка сутыкнення інтарэсаў улад і жыхароў Бараўлян — чатырохпалосная аўтадарога, якая пазначана на плане і якая ў будучым дасць магчымасць трапіць у суседнія населеныя пункты не па аб'язной дарозе, а напрамую. Да яе ўладкавання мяркуецца прыступіць у 2030 годзе. Але ўжо цяпер уладальнікаў прыватнага сектара палохае перспектыва (як яны сцвярджаюць самі) зносу 34 дамоў, рэканструкцыі 280 дамоў, значнае ўшчыльненне індывідуальнай забудовы.

— Дарога была запланавана і ў генпланах развіцця 1988, 1994 і 2008 гадоў, — растлумачыў галоўны інжынер Інстытута «Белжылпраект» Валерый Ляўковіч.

Але спецыялісту запярэчылі: пра гэта ніхто не ведаў! На што атрымалі адказ:

— Вы куплялі свае ўчасткі пад будаўніцтва ў 1994-м. І мелі законнае права азнаёміцца з дакументам і ўпэўніцца, што там мяркуецца пракласці дарогу.

У сваю чаргу прадстаўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута «Горадабудаўніцтва» канстатаваў, што аб тым, ці знясуць гэтыя дамы, дакладна будзе вядома пасля распрацоўкі плана дэталёвай планіроўкі і будаўнічага праекта. Толькі тады будзе бачна, у каго і колькі метраў зямлі, магчыма, забяруць, а дзе можна «павярнуць» магістраль у абыход участка. Прычым, калі жыхары вырашаць, што ім хопіць і двухпалоснай дарогі, то іх меркаванне ўлічаць.

Галоўны архітэктар Мінскай вобласці Вадзім Нікалаенка прапанаваў прадоўжыць грамадскія слуханні і над канчатковым варыянтам папрацаваць разам з ініцыятыўнай групай. Мясцовыя жыхары аб'ядналіся ў суполку, якая налічвае, па словах арганізатараў, больш як 500 чалавек. Іх мэта — дабівацца перагляду праекта і адсочваць існуючы стан тэрыторый з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці.

Дык усё ж ці атрымаўся дыялог паміж двума бакамі? Цяжка сказаць. Тыя аргументы, якія прыводзілі мясцовым жыхарам спецыялісты і прадстаўнікі ўлады, людзей не задавальнялі. Часам спецыялістам і ўладам проста не давалі выказацца, давесці сваю пазіцыю, растлумачыць сітуацыю. Залу захліснулі эмоцыі: паўсюль стаяў шум, лямант. Адзін з прысутных нават запатрабаваў, каб слуханні правялі на плошчы, паколькі яму ў зале не хапае паветра... На маю думку, такія паводзіны не здольны прывесці да канструктыўных рашэнняў. Перш за ўсё трэба ўмець слухаць і чуць іншых. І паважаць чужое меркаванне, калі яно нават не супадае з тваім.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Умець слухаць і чуць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.