Вы тут

Максім Багдановіч: дарога ў Сербію


Класіка беларускай паэзіі і раней перакладалі ды прапагандавалі ў Сербіі, з якой у беларускай літаратуры лучнасць самая цесная.


А вось толькі што асобным выданнем выйшлі ў свет пераклады, здзейсненыя Даянай Лазаравіч. «Вянок» па-сербску стаў і падсумоўваннем пэўных зацікаўленняў літаратара ў яе вывучэнні беларускага прыгожага пісьменства. Даяна Лазаравіч — ужо вядомы ў Бялградзе і Мінску літаратуразнаўца. У гэтым годзе яна абараніла магістарскую дысертацыю па бібліяграфіі беларуска-сербскіх сувязяў. Між іншым, першую ў краіне. Так што, сёлета ў Даяны — адразу дзве значныя падзеі: выданне сербскага «Вянка» і выданне бібліяграфічнага даведніка. У розных перыядычных выданнях яшчэ раней былі надрукаваны пераклады паэзіі Петруся Броўкі, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Грачанікава, іншых беларускіх мастакоў слова.

Днямі Даяна Лазаравіч пабывала ў Мінску, прыняла ўдзел у рабоце Міжнароднай летняй школы беларусістыкі. Творчыя здабыткі сербскай перакладчыцы і даследчыцы адзначаны Ганаровай граматай Выдавецкага дома «Звязда» і Граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі. Спадарыню Даяну прымалі ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь, дзе яна падзялілася планамі на будучыню. Сербскую перакладчыцу запрасілі на традыцыйную Міжнародную выстаўку-кірмаш, якая пройдзе па традыцыі ў лютым 2018 года ў Мінску. Мяркуецца, што ганаровым госцем выстаўкі будзе Сербія. Удзел у сустрэчы ў Міністэрстве інфармацыі прыняў вядомы беларускі сербіст доктар філалагічных навук Іван Чарота. Ён выдатна валодае сербскай мовай, выдаў каля 100 кніг перакладаў з сербскай на беларускую і рускую мовы, а таксама — з беларускай на сербскую. Іван Аляксеевіч назваў выданне «Вянка» па-сербску падзеяй, якая надае новы віток увагі да спадчыны класіка беларускай паэзіі ва ўсёй Еўропе.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.