Вы тут

Аляксей Жыгалковіч: Вярнуўся да музыкі праз здымкі кліпаў


Роўна 10 гадоў таму Аляксей Жыгалковіч стаў пераможцам дзіцячага «Еўрабачання» ў Ротэрдаме. Тады яму было ўсяго 11, і пра папулярнасць хлапчук зусім не марыў. Сёння ён выпускнік факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, здымае дакументальнае кіно і музычныя кліпы. Пра тое, чаму больш не хоча выступаць на сцэне, пра сваіх любімых выканаўцаў і планы на будучыню Аляксей распавёў «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Ці пазнаюць цябе цяпер, калі проста ідзеш па вуліцы?

— Калі называю сваё прозвішча. Толькі пасля гэтага мне могуць сказаць: «Слухай, ты ж падобны да таго хлопчыка, што выйграў дзіцячае «Еўрабачанне». Гэта ты?» Людзі не чакаюць натрапіць на мяне ў кавярні або краме. Бывае, што ўжо калі адпрацую з кімсьці, потым гэты чалавек кажа: «Мне здымаў кліп пераможца «Еўрабачання».

— Ці дапамагала табе ў нечым тая перамога, калі ты ўжо вучыўся ў акадэміі?

— Калі толькі паступаў, дакладна ведаў, што досведу ў мяне крыху больш, чым у астатніх. Стаўленне ў прынцыпе было не лепшае і не горшае, проста іншае. Магчыма, часам перамога ў «Еўрабачанні» мне і дапамагала. Але бывала і наадварот: калі думаў, што магу нічога не рабіць, — а я і праўда нейкія рэчы не браў да галавы.

— Калі вярнуцца на 10 гадоў назад: ці чакаў, што выйграеш конкурс?

— Калі шчыра, не. У 2005 годзе была перамога Ксюшы Сітнік. У 2006-м выступаў Андрэй Кунец і заняў другое месца. Мы ішлі не па перамогу. Была песня, былі добрыя людзі, з якімі працавалі тады, — вырашылі паўдзельнічаць.

— Кім марыў стаць у дзяцінстве?

— Мне заўсёды падабалася спяваць. Калі, мне было 5—6 гадоў, я глядзеў адну з дзіцячых творчых перадач і заявіў бацькам, што хачу туды трапіць. Так мяне аддалі ў дзіцячую студыю. Потым была музычная школа. Я насамрэч тады думаў звязаць сваё жыццё з музыкай.

— Як цябе праводзілі на «Еўрабачанне» твае сябры і аднакласнікі?

— Я практычна не быў у школе напярэдадні конкурсу, амаль не гуляў на вуліцы з сябрамі. З верасня па снежань ішла актыўная падрыхтоўка. Таму памятаю толькі, як усе сябры, аднакласнікі, родныя і не толькі сустракалі ў аэрапорце, калі я ўжо прыляцеў з перамогай.

— Песню ты напісаў сабе сам?

— Так, гэта адна з умоў конкурсу. У песні «З сябрамі» вельмі простыя, наіўныя словы. Канешне, дзецям дапамагаюць дарослыя. Аранжыроўку, напрыклад, зрабіў кампазітар Яўген Алейнік.

Пасля гэтага песні больш не ствараў. А цяпер пішу сцэнарыі для кліпаў і кіно.

— Як зразумеў, што музыка не тваё і ты хочаш здымаць відэа?

— Прайшоў час пасля перамогі ў конкурсе, і я ўсвядоміў, што трэба развівацца. Захапіўся здымкамі і мантажом. Да музыкі проста ўжо не адчуваў цягі. У 15 гадоў пайшоў у кінашколу і там атрымаў базавыя веды. Пачаў здымаць канцэрты, канферэнцыі, потым — кароткаметражнае кіно. Але пасля таго, як паспрабаваў сябе ў музычных кліпах, зразумеў: гэта маё. Іншымі словамі, да музыкі я вярнуўся, але праз іншы ўваход.

У відэа ты сам ствараеш прадукт цалкам, а ў музыцы часцей за ўсё ты пасярэднік паміж кампазітарам і гледачом.

— Над чыімі кліпамі працуеш?

— Я супрацоўнічаў спачатку з сябрамі і добрымі знаёмымі. Здымаў кліпы для Кірыла Ермакова, Волі Сацюк, Зіны Купрыяновіч. Зараз выходжу на новы ўзровень. Працую не толькі ў Беларусі. Вось, напрыклад, зусім нядаўна здымаў кліп для расійскага гурта «Лаві». Мне падабаецца рабіць з кліпа міні-гісторыю, каб ён быў падобны на невялічкі фільм.

— Ты выпускаешся з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З чым звязаная твая дыпломная работа?

— Здымаў кароткаметражны дакументальны фільм-партрэт пра мастака. Я ведаю яго даўно, у яго вельмі цікавая гісторыя. Прыкладна да 19 гадоў ён нічым не займаўся. А потым у яго здарылася клінічная смерць, і ён пачаў маляваць. Тры дні я фактычна жыў з ім: назіраў за тым, як ён малюе, вывучаў яго асяродак.

— Хто цябе падтрымлівае ва ўсіх тваіх праектах і пачынаннях?

— З самага дзяцінства гэта робяць мае бацькі. Дзе б я сябе ні выпрабоўваў, яны заўсёды мяне падтрымлівалі і стараліся ўсяляк мне дапамагчы. А ўжо на працягу апошніх пяці гадоў мяне падтрымлівае каханая дзяўчына, з якой мы хутка створым сям'ю. Апошнія мае дасягненні здзейсніліся дзякуючы ёй.

— Што б ты яшчэ хацеў зняць? Мабыць, ёсць нейкія рэжысёрскія мары?

— Напэўна, самая глабальная мэта ў прафесійным плане — зняць свой поўнаметражны фільм.

— Якую музыку слухаеш?

— Thе Wееknd, Brunо Mаrs, часам — Kаnуе Wеst і Drаkе. Лічу, што гэта музыка нашага пакалення.

Але, шчыра кажучы, я мала слухаю музыку, асабліва ў навушніках. Люблю кампазіцыі «глядзець». Напрыклад, кліпы на YоuTubе. Так я чэрпаю натхненне для работ.

— Чыімі рэжысёрскімі работамі захапляешся? На каго хацеў бы раўняцца?

— Ёсць адзіны творца (я не ведаю, як ён працуе і як ён гэта робіць), якім я па-сапраўднаму захапляюся як чалавекам і як прафесіяналам. Гэта Алан Бадоеў. Ён проста зачароўвае сваёй думкай. З замежных — гэта Dіrесtоr Х, Джозэф Кан. Але яны, хутчэй, здзіўляюць маштабамі здымак. Калі кожны кліп — як асобны фільм. Нават некаторае кіно цябе іншы раз не так чапляе, а тут за тры кароткія хвіліны ты перажываеш буру эмоцый.

З кінарэжысёраў падабаюцца Дэвід Фінчэр, Гай Рычы, Марцін Скарсэзэ, Алехандра Гансалес Іньярыту — рэжысёр фільма «Выжылы» з Леанарда Дзі Капрыа.

— Кантактуеш зараз з кім-небудзь з «дзяцей «Еўрабачання»?

— Камунікую з Воляй Сацюк. З ёй мы знялі не адну работу. З Андрэем Кунцом сустракаліся на падрыхтоўчых курсах рэжысёраў экраннага мастацтва. З Ксюшай Сітнік менш кантактую, яна цяпер не ў Беларусі.

— Ці глядзіш цяпер «Еўрабачанне»? Што трэба зрабіць Беларусі, каб перамагчы на дарослым конкурсе?

— Так, гляджу. Але, калі шчыра, не ведаю рэцэпта перамогі. Я лічу, што немагчыма ведаць наперад, што спадабаецца публіцы і журы. Мне шкада тых выканаўцаў, якім сапраўды патрэбная сцэна. Яны рыхтуюцца, прабіваюцца наперад у нацыянальных адборах сваіх краін, а перамога дастаецца не ім. Не думаю, што гэта конкурс прафесіяналаў, хутчэй гэта шоу. А вось у дзіцячым «Еўрабачанні» больш цэняцца не нумар і шоу, а вакал і прафесіяналізм.

— Паехаў бы цяпер на конкурс, калі б прапанавалі?

— Шчыра кажучы, не. Я люблю ўдзельнічаць у конкурсах, дзе дакладна разумею, што трэба для перамогі. А дарослае «Еўрабачанне» для мяне ў гэтым плане загадка. Да таго ж, немагчыма проста паехаць на гэты конкурс. Гэта пэўны лад жыцця, гэтай мэтай трэба «гарэць». А я знайшоў сябе ў іншым.

Ганна БАГІНО

bаhіnо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.