Вы тут

Птушкі вучацца лётаць, ці Калі нельга «ратаваць» подлеткаў


Некалькі гадоў таму аўтар «Роднай прыроды» Андрэй Феакцістаў убачыў на зямлі каля адной з гомельскіх высотак маладую, яшчэ бяспёрую птушку. Ёй аказалася птушаня сокала, якое ўпала падчас аднаго з «трэніровачных» палётаў.

На шчасце, гісторыя з маладым драпежнікам скончылася шчасліва — з дапамогай спецыялістаў абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сакаляня трапіла на ператрымку ў Жлобінскі заапарк, адкуль, здаровае і накормленае, вярнулася ў прыроду. Але ў большасці выпадкаў «ратаванне» можа прынесці подлеткам бяду.


Арнітолагі сцвярджаюць: падзенне подлеткаў на зямлю — натуральны, вучэбны працэс, і ўмешвацца ў яго не трэба. Першыя спробы лётаць праходзяць на гнездавым участку, дзе бацькі працягваюць апекаваць і падкормліваць сваіх дзетак. Забраўшы ж здаровую маладую птушку з прыроды, людзі могуць ёй моцна нашкодзіць і нават наблізіць яе гібель.

На жаль, не ўсе гэта разумеюць, і штогод у грамадскую арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны» звяртаюцца дзясяткі людзей з пытаннем — што рабіць з крылатымі знайдышамі. І першая парада ад арнітолагаў у такіх сітуацыях: не чапаць подлеткаў!

Трэба таксама ведаць, што маладыя птушкі не зусім падобныя на сваіх бацькоў. І часта менавіта гэта становіцца прычынай, чаму людзі забіраюць, як ім здаецца, хворую ці недаразвітую птушачку. Насамрэч з птушанём усё ў парадку.

Чым выдае сябе подлетак?

— у птушаняці можа тырчаць пух на галаве ці спіне;

— хвост кароткі, як быццам «абгрызены»;

— махавыя і рулявыя пёры часткова ў трубачках;

— па краях дзюба ўпрыгожана жоўтымі валікамі.

Калі вы заўважылі хоць бы адну з гэтых прыкмет, то перад вамі — подлетак. Птушаня вучыцца, не замінайце яму!

Што рабіць пры сустрэчы з птушанём?

Калі вы ўбачылі подлетка ў дзікай прыродзе (у лесе, на полі, каля вадаёма) — адыдзіце далей і не станавіцеся прычынай стрэсу для птушаняці і яго бацькоў.

Калі вы заўважылі подлетка ў горадзе, ацаніце месца ў плане небяспекі для птушаняці. Калі побач праезная частка, сцяжынка, пляцоўка для выгулу сабак ці дзіцячая пляцоўка, лепш акуратна перанесці малога да найбліжэйшых кустоў ці дрэў, падсадзіць на галінку: бацькі знойдуць яго. Рабіце гэта толькі ў самых небяспечных месцах і вельмі акуратна: падчас пагоні птушка падвяргаецца стрэсу, да таго ж можна пашкодзіць яе яшчэ далікатныя косці ці вырваць пёры. Не варта таксама спрабаваць пакарміць подлетка.

Калі вы ўжо забралі такую птушку дахаты — як мага хутчэй вярніце яе туды, адкуль узялі! Пажадана пасадзіць птушаня на галінку, на казырок пад'езда ці дах гаража, каб па вашым паху яе не знайшлі сабака ці кот.

— Вельмі важна не прыносіць птушанят дахаты! — падкрэслівае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён ЛЕВЫ. — Людзям шкада птушанят, як шкада маленькіх дзяцей ці кацянят. Але птушаняты — гэта зусім іншае! Яны прывыклі жыць у дзікай прыродзе і ніколі не стануць «кватэрнымі». Так, не ўсе птушаняты змогуць стаць сталымі птушкамі, бо іх падсцерагае шмат небяспек. Але гэта натуральны адбор. У той жа час падумайце: вы ўзялі дахаты моцнае птушаня, якое выжыла б у прыродзе само. А больш за палову выпадкаў такой «дапамогі» заканчваюцца сумна — нават да смерці птушкі.

Усе, хто турбуецца за лёс подлеткаў, павінны памятаць: птушанят чапаць НЕЛЬГА!

Акрамя таго, па беларускім заканадаўстве адабранне птушак з дзікай прыроды забаронена, і вас могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Падрыхтавала Вераніка КОЛАСАВА

kоlаsаvа@zvіаzdа.bу

Фота Андрэя Феакцістава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.