Вы тут

Райветстанцыі пачынаюць выдаваць вакцыну для свойскай птушкі


Хутка да нас чародамі паляцяць птушкі, якія зімавалі ў цёплых краінах. На жаль, яны нясуць на сваіх крылах не толькі прыкметы вясны, але і розныя заморскія вірусы. Адзін з самых каварных — вірус Ньюкасла, ён выклікае хваробу Ньюкасла, якую яшчэ называюць азіяцкай чумой птушак. Але ад гэтай навалы ёсць прафілактыка: ветэрынарныя службы раёнаў прапануюць тым гаспадарам прыватных падворкаў, якія трымаюць птушку, правесці вакцынацыю пушыстай гаспадаркі.


Як сказаў карэспандэнту газеты начальнік Іванаўскай раённай ветэрынарнай станцыі Уладзімір Балюк, названы вірус вельмі небяспечны, перадаецца фактычна праз усё: ваду, паветра, корм, яйкі, пух, пер’е. Лячэння ж ад гэтай навалы няма, заражаная птушка гіне, а перад гэтым цяжка пакутуе, у яе павышаецца тэмпература цела, з’яўляюцца прыкметы паражэння нервовай сістэмы, скручваюцца шыя, ногі, апускаецца хвост, паражаецца таксама рэспіраторная сістэма, страўнікава-кішэчны тракт. Нярэдка хвароба Ньюкасла маскіруецца пад халеру, бранхіт, птушыны грып, іншыя хваробы, праяўляецца, пачынаючы з трэцяга дня пасля заражэння, сімптомамі прастудных захворванняў. Для чалавека гэты вірус пагрозы не ўяўляе, а вось пагалоўе птушкі здольны выкасіць за лічаныя дні. Таму вельмі важна своечасова правесці вакцынацыю.

— Ад хваробы распрацаваная вакцына, якая выпойваецца разам з вадой. У сябе ў раёне мы выдаём яе ў раённай ветлячэбніцы, а таксама ва ўчастковых ветэрынарных лячэбніцах, — працягвае Уладзімір Мікалаевіч. — Для таго каб атрымаць, трэба прыйсці ў прызначаны час з чыстай ёмістасцю для прэпарата. Важна перад вакцынацыяй вытрымліваць птушку без вады і корму хаця б чатыры гадзіны, а лепей — шэсць. Калі хтосьці з пажылых людзей не мае магчымасці прыехаць у населеныя пункты, дзе ёсць нашы ўчасткі, можа пазваніць нам, і спецыяліст выедзе на дом да гаспадара.

У Камянецкім раёне райветстанцыя таксама склала графік выдачы вакцыны. Супрацоўнікі ветэрынарна-санітарнай службы выдаюць яе ў кожным з сельсаветаў. Напрыклад, на мінулым тыдні прэпарат атрымалі жыхары Воўчынскага, Пелішчанскага, Рэчыцкага, Відамлянскага, Ратайчыцкага сельсаветаў. На гэтым тыдні вакцыну прывязуць у Агародніцкі, Раснянскі сельсаветы, будуць выдаваць і ў горадзе Высокае.

Жыхарка Агародніцкага сельсавета Лідзія Астапук шмат гадоў трымае ў гаспадарцы курачак, а таксама некалькі індыкоў. «Вядома, пайду, атрымаю вакцыну і зраблю прышчэпку свайго птаства, — сказала Лідзія Іванаўна. — Вось толькі невядома, як уберагчы іх ад кантакту з вераб’ямі, як раяць спецыялісты. Трымаць у хляве летам птушку не выпадае. А вераб’ёў у нас процьма, яны так і пільнуюць, каб ухапіць чаго з курынай кармушкі».

Сапраўды, адной з галоўных мераў прафілактыкі спецыялісты называюць недапушчэнне кантактаў дамашняй як з дзікай пералётнай птушкай, так і нашымі пастаяннымі «жыхарамі»: вераб’ямі, варонамі, галубамі. Як гэта зрабіць у рэальнасці? Ну, хаця б мінімізаваць магчымасць кантактаў. Асабліва на перыяд вяртання пералётных птушак варта карміць сваіх курэй, гусей, індыкоў у хлявах, а потым кармушкі, як і іншы інвентар, хаваць, не пакідаць на падворку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.