Вы тут

Сапраўднае застаецца


У чарговы раз перачытваю манаграфію «Крылы рамантыкі», раздзелы ў калектыўных навуковых выданнях, артыкулы і рэцэнзіі Тамары Чабан. Акрамя чыста прафесійнага інтарэсу, да гэтага прычынілася «круглая» дата: 31 мая вядомая даследчыца літаратуры, прызнаны крытык магла б адзначыць сваё 65-годдзе. На вялікі жаль, ужо чвэрць стагоддзя побач з імем і прозвішчам Тамары Канстанцінаўны Чабан даводзіцца ўжываць дзеясловы прошлага часу і ўмоўнага ладу: пераможаная невылечнай хваробай, 20 сакавіка 1992 года яна адышла ў небыццё. Робячы захады па ўратаванні свету ад новых магчымых Чарнобыляў, пратэстуючы (словам і справай) супраць рэалізацыі розных бяздумных праектаў, накшталт затаплення поймы Заходняй Дзвіны, маладая энергічная жанчына і ў страшным сне, пэўна, не магла ўявіць, што неўзабаве ў «зону бяды» трапіць сама. І што асірацеюць яе маленькія дзеці, у несуцішным горы будуць дажываць век бацькі. Не рэалізуюцца, застануцца толькі ў планах яе шматлікія навукова-творчыя задумы.


Тамара Чабан.

Крыху суцяшае (калі можна назваць гэта суцяшэннем), што Тамара Чабан здолела выкласціся і на кароткай часавай дыстанцыі (яе актыўная прысутнасць у літаратуразнаўстве і крытыцы доўжылася паўтара дзясятка гадоў), ярка, запамінальна, вынікова.

Годным унёскам у айчынную філалагічную навуку стала кандыдацкая дысертацыя Т. Чабан «Рамантычныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» (1982), абароне якой папярэднічаў выхад згаданай вышэй манаграфіі (выпадак па тым часе, бадай, беспрэцэдэнтны). Калі ж улічыць, што і кніга, і дысертацыя былі напісаны аспіранткай-завочніцай, то настойлівасці, працаздольнасці і відавочнай адоранасці Тамары Канстанцінаўны можна толькі здзіўляцца. У праблемным полі даследавання аказаліся складаныя аспекты літаратуразнаўчага дыскурсу: рамантычная канцэпцыя асобы, характар увасаблення мастацкага ідэалу, асаблівасці рамантычнай паэтыкі. Ва ўсіх гэтых пытаннях Т. Чабан выявіла зайздросную дасведчанасць, кампетэнтнасць, самастойнасць думак і меркаванняў, выкладзеных свежа, нетрафарэтна. Ужо тады, на пачатковым этапе навуковай дзейнасці, выразна абазначыўся галоўны прынцып літаратуразнаўцы: ажыццяўляць даследчую работу ў суаднесенасці аналізу і абагульненняў, не зніжацца да эмпірычнасці і не захапляцца адцягненым тэарэтызаваннем. І тады ж заўважыліся ўласцівыя Т. Чабан пачуццё такту і тонкі густ, непрадузятасць ацэнак і меркаванняў. Яны будуць засцерагаць ад схематызму і спрошчанасці, катэгарычнасці, гэтак як і перабольшанняў ці, наадварот, прыніжэння той ці іншай з’явы ў творчым працэсе.

Гэтыя якасці ў роўнай меры выяўляліся як у літаратуразнаўчых, так і ў крытычных працах Тамары Чабан. Будучы маладой па ўзросце, яна мела імідж высокапрафесійнага, аўтарытэтнага крытыка, з якім лічыліся, да каго прыслухоўваліся. Выступаючы ў розных крытычных жанрах (праблемны, дыскусійны артыкул, літаратурны агляд, творчы партрэт, інтэрв’ю, рэцэнзія і інш.), Т. Чабан з аднолькавым поспехам ацэньвала як агульналітаратурную сітуацыю, так і адметнасць канкрэтнай творчай індывідуальнасці. Асаблівую зацікаўленасць выклікалі напісаныя ёю гадавыя агляды маладой беларускай паэзіі, творчыя партрэты, рэцэнзіі на кнігі паэтак-сучасніц Яўгеніі Янішчыц, Валянціны Коўтун, Ніны Мацяш, Раісы Баравіковай, Дануты Бічэль, Галіны Каржанеўскай і інш.

З асаблівым піетэтам ставілася крытык да творчай асобы Алеся Разанава — гэта вынікала як з яе публічных лекцый перад аматарамі слоўнага мастацтва, так і з апублікаваных матэрыялаў (аглядныя артыкулы, рэцэнзія «На мяжы невымоўнага» на кнігу «Вастрыё стралы», дыялог крытыка з паэтам «Паэзія — у спасціжэнні паэзіі…» і інш.). Як тонкі, праніклівы крытык Т. Чабан выразна ўсведамляла маштаб і адметнасць разанаўскага творчага дару, разумела, што ён — лідар пакалення, ва ўсякім разе, паэтычнага (пакалення, да якога належала і яна сама). Адсюль і піетэт перад паэтам, старэйшым за крытыка на няпоўных пяць гадоў. Сказанае, аднак, не азначае, быццам у гаворцы пра творчасць А. Разанава прысутнічаюць ноты паддобрывання, захвальвання. Зусім не. Паэт ацэньваецца па высокім рахунку мастацкасці, крытык жа, па ўсім відаць, ведае цану слову і сабе, не займаецца самапрыніжэннем. Гэта выдатна прадэманстравана ў памянёным дыялогу «Паэзія — у спасціжэнні паэзіі…» У адрозненне ад многіх іншых публікацый такой жанравай разнавіднасці, у якіх роля крытыка найчасцей зводзіцца да фармулявання лапідарных пытанняў, у дадзеным выпадку дыялог адбываецца «на роўных», абазнанасць, глыбіня разважанняў крытыка не саступае глыбіні роздуму паэта-інтэлектуала. Вось у якім гістарычным «зрэзе» і руху прадстаўлена крытыкам роля паэзіі: «…У часы язычніцтва паэзія была замовай, лекамі, вяшчунствам, малітвай… У антычнасці — своеасаблівай міфалогіяй, апяваннем багоў і герояў… У рымскай дзяржаве — адным з відаў палітычнай дзейнасці, публіцыстычнага аратарскага майстэрства. У часы Арыстоцеля і Лукрэцыя Кара паэтычнай мовай выкладалася філасофія, навука «аб прыродзе рэчаў» і паходжанні свету. Сярэдневяковыя рэлігійныя трактаты і духоўныя павучанні таксама часта гучалі на мове паэзіі» («Дзень паэзіі-89»).

Гаворачы пра дзве іпастасі, у якіх Тамара Чабан выступала аднолькава паспяхова, варта падкрэсліць наступнае: яна ўмела «развесці» літаратуразнаўчы і крытычны падыходы, інструментарый, сродкі моўнастылёвага выражэння. Планавыя інстытуцкія тэмы былі вытрыманы ў акадэмічным стылі, утрымлівалі неабходную для навуковага даследавання атрыбутыку. Крытычныя ж матэрыялы ўяўлялі сабой уласна крытыку, былі «крытыкай без злучніка “і”» (М. Мушынскі). Шмат якія тэксты ў якасці ілюстрацыі напрошваюцца на цытаванне. Прыгадаем хіба публікацыю «Трэцяя рэальнасць» — адказы на пытанні лімаўскай анкеты пра самаўсведамленне крытыкі, яе здольнасць (ці няздольнасць) уздзейнічаць на літаратурны працэс. Нават у межах невялікай публікацыі аўтар здолела абазначыць тэарэтычныя аспекты праблемы і выйсці на жывую літаратурную рэальнасць: «…Рэдка была крытыка для пісьменніка “зрячим посохом”, найчасцей — грознай дубінай… А потым ператварылася ў “палачку-выручалачку” ў кішэні масцітых і тытулаваных… А цяпер усё часцей становіцца “палачкай-выбівалачкай” у групавых камандных гульнях…» («ЛіМ», 1.IX.1989). Відавочна, што ў дадзеным выпадку мы маем справу не са спакойным акадэмічным стылем, а з баявітым словам крытыка, які, калі трэба, не цураецца іранічных і нават з’едлівых інтанацый.

Значнасць навуковага і крытычнага патэнцыялу Тамары Чабан добра ўсведамлялася як у літаратурных колах (доказ таму — агромністая колькасць рэдакцыйных заказаў), так і ў калектыве, дзе яна працавала. У якасці пацвярджэння спашлюся на вядомы факт. У 1980-х — пачатку 1990-х гадоў у Інстытуце літаратуры ішла інтэнсіўная работа над шасцітомным біябібліяграфічным слоўнікам «Беларускія пісьменнікі». Праз узначаленую Адамам Мальдзісам бібліяграфічную групу, што працавала каля дзясятка гадоў, прайшлі, за выключэннем двух-трох чалавек, усе маладыя супрацоўнікі. Тамара Канстанцінаўна якраз і была з таго выключэння. І загадчык аддзела, і кіраўніцтва інстытута ў цэлым слушна лічылі, што ў інтарэсах установы перспектыўны, падрыхтаваны тэарэтык павінен займацца тэорыяй, а не губляць час на няхай сабе патрэбную, але шмат у чым тэхнічную працу. І Тамара апантана займалася сваёй любімай тэорыяй (варта прыгадаць яе раздзел «Лірычнае самавыяўленне паэта і сацыяльная рэальнасць», апублікаваны ў калектыўнай манаграфіі «Ідэйна-тэарэтычныя пытанні сучаснага літаратурнага працэсу» (1987), а таксама кнігу «Сучасная паэзія і фальклор» (1988), выдадзеную ў суаўтарстве з Я. Гарадніцкім. А яшчэ былі два раздзелы ў чатырохтомных «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей», некалькі раздзелаў у праграме па літаратуры для сярэдняй школы, якая стваралася ў тыя гады.

Квінтэсэнцыяй навуковых роздумаў, свайго роду лебядзінай песняй стаў для Тамары Чабан артыкул «Космас “Вянка”», што ў якасці літаратурнага каментарыя апублікаваны ў першым томе Поўнага збору твораў Максіма Багдановіча. У ім, як і ў «лебядзіных песнях» іншых аўтараў, ёсць нейкая своеасаблівая прасветленасць, так бы мовіць, надсветавасць. Чалавеку нібы адкрываюцца новыя далягляды, новыя сэнсы, невядомыя астатнім. Пачынаючы з дня выхаду «Вянка», пра кнігу пісалі такія знакамітыя крытыкі і даследчыкі літаратуры, як А. Навіна, І. Замоцін, Я. Плашчынскі, У. Дзяржынскі, А. Лойка, М. Стральцоў, Р. Бярозкін, У. Конан і інш. Пераасэнсаваўшы зробленае выдатнымі папярэднікамі, Т. Чабан у многім пайшла адметным шляхам. Варта адзначыць, што прапанаваная ёй кампазіцыя прынята за аснову пры падрыхтоўцы кнігі да выдання ў Поўным зборы твораў М. Багдановіча. Значэнне таго, што зроблена Т. Чабан у галіне багдановічазнаўства, на мой погляд, не да канца ўсвядомлена.

Навукова-крытычная спадчына Тамары Чабан пацвярджае ісціну пра наяўнасць выключэнняў з правіл. Дае «збоі», у прыватнасці, усталяванае меркаванне наконт хуткага старэння літаратуразнаўчых і крытычных прац. У работах Т. Чабан няшмат таго, што называюць данінай часу, што гучыць не актуальна. Адкінуўшы некаторую рыторыку савецкіх часоў (якой у Т. Чабан не так і многа), маем работы, сэнс і значэнне якіх актуалізуецца ў грамадска-культурнай прасторы пачатку ХХІ стагоддзя.

 За межамі размовы засталіся такія важныя сферы дзейнасці Т. Чабан, як навуковае рэдагаванне, укладальніцкая праца, старшынства і членства ў розных грамадскіх саветах, рэдакцыйных калегіях, у школе «Юны літаратар». І, несумненна, агромністая работа па абароне прыроды і беларускай мовы. Усімі гэтымі справамі Тамара Чабан займалася з поўнай самааддачай, выдаткоўваючы багата маральных і фізічных сіл і часу, якога заставалася ўсё менш.

Акідваючы мысленным позіркам тое, што зрабіла, які след і памяць пра сябе пакінула Тамара Чабан, згадваю лацінскае выслоўе littera scripta manent (напісанае застаецца). Безумоўна, застаецца. Асабліва тады, калі яно сапраўднае.

Алена ГУРСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.