Вы тут

Галоўны літаратурны музей краіны зноў працуе


Адбылася доўгачаканая падзея: у Дзень музеяў, 18 мая, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры пасля доўгага перапынку адчыніў дзверы для наведвальнікаў. Капітальны рамонт будынка, аднак, не стаўся прычынай поўнай ізаляцыі: увесь час установа ладзіла мерапрыемствы на іншых сваіх пляцоўках, сярод якіх найперш вылучаецца музей Максіма Багдановіча. Гэтаксама працягваўся праект «Літаратурныя падарожжы».


Фёдар Кісялёў падчас адкрыцця выстаўкі на фоне сваіх акварэляў, прысвечаных знакавым беларускім мясцінам.

Насамрэч гэтае адкрыццё сталася нечаканым. Раней дырэктар музея Зміцер Яцкевіч паведамляў СМІ, што яно мусіць адбыцца да 30-годдзя музея, то-бок, сёлета увосень. «Аднак будынак прастойвае, у той час як столькі прасторы гатова да актыўнай выставачнай работы. І мы вырашылі пачаць раней», — тлумачыць Зміцер Лявонцьевіч. «Зараз вяртаецца ў актыўны рэжым каля 90% музейнай прасторы. Што да поўнага вяртання, гэта працэс працаёмкі і доўгі... Між тым можна лічыць, што музей цалкам вярнуўся ў рабочы стан. Нашы супрацоўнікі правялі велізарную работу, чым я вельмі ўсцешаны».

Запатрабаванасць музея пацвярджаецца поспехам яго выставак за мяжой. Спадар Зміцер распавёў, што нядаўна ён вярнуўся з Эстоніі, дзе прайшло адкрыццё выстаўкі, прысвечанай Васілю Быкаву. І для многіх беларусаў Эстоніі, не толькі карэннага насельніцтва, яна сталася навіной, расказвае пра ўсім вядомага аўтара невядомае.

«Часам нават просяць працягнуць тэрмін дзеяння выязной выстаўкі, — кажа Зміцер Яцкевіч. — Бо для людзей, адарваных ад Радзімы, гэта магчымасць вярнуцца дадому, пачуць беларускую мову, убачыць, што яны не адны на гэтым свеце. З той жа нагоды, дарэчы, просяць, каб выстаўкі адкрывалі нашы супрацоўнікі».

Падрыхтоўка да адкрыцця супала з падрыхтоўкай да Ночы музеяў. Цяпер наведвальнікаў не проста запрашаюць у свет рэліквій і зашклёных скарбаў: гасцей чакае зала экслібрысаў з магчымасцю самім стварыць памятны адбітак, чакае багатая музычная праграма, а таксама квэст, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Ён уключыць заданні па ўсіх адкрытых залах, а гэта — згаданыя ўжо экслібрысы, экспазіцыя па творчасці Кандрата Крапівы, выстаўка «Ад матчынага парога», прысвечаная Рыгору Барадуліну, выстаўка «Залатая раніца», у межах якой прадстаўлены партрэты рэпрэсаваных пісьменнікаў, створаныя навучэнцамі мастацкага каледжа імя Глебава. Яркім акцэнтам сталася і экспазіцыя «Бялее ветразь адзінокі» з фондаў маскоўскага Дзяржаўнага літаратурнага музея, прысвечаная жыццю і творчасці Міхаіла Лермантава.

За гэтым сталом Кандрат Крапіва вырашаў свае складаныя партыі —  шахматныя і літаратурныя.

Азначана мастацтвам і самое вяртанне музея: першая імпрэза ў яго сценах — адкрыццё акварэльнай выстаўкі Фёдара Кісялёва. Назва яе — «У глыбінях зямлі нашых душ карані...» — і ёсць ключ разумення інсталяцыі, у якой спалучаныя мастацтва і літаратура. Фёдар Кісялёў прапануе для агляду работы, напісаныя ў межах «літаратурных» цыклаў: кожная акварэль — мастацкае пераўвасабленне мясцін, што падарылі нам Уладзіміра Караткевіча, Янку Купалу, Васіля Быкава, Адама Міцкевіча. Асабліва блізкія мастаку пісьменнікі роднага Пасожжа: Віктар Карамазаў (дарэчы, удзельнік імпрэзы), Аляксей Пысін і Міхась Стральцоў.

Акрамя літаратурных матываў, гучаць гістарычныя, зноў жа, праз адлюстраванне знакавых для Беларусі мясцін: Навагрудак, Сынкавічы, Варшаўская шаша — сімвал тысяч зламаных лёсаў, беларускага раздарожжа, на якім разгараліся ваенныя віхуры.

Не раз адзначалася, што гэтая імпрэза — тройчы святочная: адкрыццё ўласна музея гісторыі беларускай літаратуры, міжнародны Дзень музейных супрацоўнікаў і прэзентацыя выстаўкі (дарэчы, асобныя работы нідзе раней не выстаўляліся).

«Гэта сапраўды вялікае свята, — выказаўся старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца. — Калі ёсць у краіны музей — значыць, ёсць нацыя, якая мае скарбы, і іх трэба зберагаць для нашчадкаў. Захаванне скарбаў нацыі ў вечнасці — гэта яднае мастакоў і музеі. Мы працуем, сцвярджаючы свой дар і сплочваючы доўг перад Вышнім. Такімі Ён нас стварыў, і менавіта на гэтай зямлі, і мастак — такі, як Фёдар Кісялёў — не проста робіць прыгожую рэч: ён талентам сваім сцвярджае беларускасць».

Вядома, «дзень нараджэння» не застаўся без падарунка: Фёдар Кісялёў перадаў у дар музею работу «Зіма ў Навагрудку».

Уладзімір ГОРЫНЬ

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: Сонечныя фарбы адкрыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.