Вы тут

Чаму першакурснікі БДУІР не хаваюцца на «камчатцы»?


«Я люблю глядзець на зорнае неба і марыць. Мая мара — стаць высакакласным праграмістам і стварыць што-небудзь незвычайнае і ўнікальнае. Магчыма, гэта будуць праграмы для якіх-небудзь касмічных распрацовак.

У 11-м класе я выйграў гарадскую алімпіяду па астраноміі. Хтосьці можа спытаць: а што можа быць агульнага паміж астраноміяй і праграмаваннем? Мне здаецца, ІT-тэхналогіі — гэта, у пэўным сэнсе, «космас» чалавечага развіцця, на гарызонце якога з'яўляюцца ўсё новыя і новыя «планеты» — спецыялізацыі, напрыклад, камп'ютарная лінгвістыка і штучны інтэлект, робататэхніка і праграмнае забеспячэнне для робатаў... Да таго ж і магчымасці чалавецтва становяцца «касмічнымі». Сваё эсэ дзінаццацікласнік з бабруйскай гімназіі №2 Захар Ступень назваў «Космас» чалавечага развіцця» і адправіў яго ў БДУІР. Канешне, яно не магло застацца не заўважаным і стала для юнака пропускам у праект «# ЯўБДУІР». Сёлета ён прайшоў ужо другі раз. Паўдзельнічаць у праекце пажадала больш як 100 чалавек. Абавязковай умовай для прэтэндэнтаў было сэлфі, зробленае падчас Дня адкрытых дзвярэй ва ўніверсітэце, і напісанне эсэ, у якім абітурыенты тлумачылі сваю матывацыю.


Расклад удзельнікаў праекта «# ЯўБДУІР» быў распісаны літаральна па хвілінах...

Калі вучыцца, дык у лепшых!

«А яшчэ, як мне здаецца, праграмаванне падобна на класічную музыку, якую я люблю слухаць: сваёй матэматычнай стройнасцю, упарадкаванасцю, імправізацыяй, натхненнем і геніяльнай завершанасцю — словам, нічога лішняга, шэдэўр у чыстым выглядзе. Гэта ў поўнай ступені адносіцца і да музычнага твора, і да дасканала напісанай камп'ютарнай праграмы, — напісаў Захар. — Лічу, нічога хоць трохі значнага ў гэтым свеце нельга стварыць без натхнення і імправізацыі, якія дазваляюць ажыццявіць прарыў у любой галіне... А праграмаванне, на мой погляд, гэта своеасаблівая «ўнутраная музыка», якая робіць наш свет больш цікавым, адкрываючы перад чалавецтвам усё новыя і новыя гарызонты развіцця.

У пэўным сэнсе я максімаліст і лічу: калі чамусьці вучыцца, дык толькі ў лепшых спецыялістаў. А Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, безумоўна, з'яўляецца лепшай ВНУ ў краіне, якая рыхтуе высокакваліфікаваныя, запатрабаваныя ў многіх галінах прамысловасці кадры. Я хачу развівацца, спазнаваць новае і самаўдасканальвацца, таму мой выбар — БДУІР! І гэта адзін з галоўных крокаў да маёй мары».

Інтэрнат як прыемны бонус

У студэнтаў БДУІР вельмі інтэнсіўны рытм жыцця. І, каб стаць паспяховым, трэба шмат працаваць

Убачыць студэнцкае жыццё без прыкрас і даведацца, чым вучоба ў ВНУ адрозніваецца ад школьных будняў, пашчасціла 60 адзінаццацікласнікам. Іх расклад быў распісаны літаральна па хвілінах: наведванне лекцый і лабараторных работ, знаёмства з вучэбна-навуковымі цэнтрамі на некалькіх факультэтах і ўніверсітэцкім спартыўным комплексам, абед у студэнцкай сталовай, «экскурсія» на фестываль творчасці «Студэнцкая вясна — 2017» і адкрыты чэмпіянат БДУІР па праграмаванні. Плюс брыфінг з адказным сакратаром прыёмнай камісіі і сустрэча з паспяховым выпускніком.

Раман МЯЗІН, адзінаццацікласнік баранавіцкай гімназіі №4 у сваім эсэ напісаў: «Я хачу ісці ў нагу з часам, атрымліваць адукацыю, якае гарантуе цікавую работу, магчымасць пастаяннага самаўдасканальвання. Гэта бадай што першае адказнае рашэнне ў маім жыцці. Я выбіраю БДУІР! Высокая планка... Але на маім пісьмовым стале пад шклом напісана: «Гэта немагчыма!» — сказала Прычына. «Гэта безразважнасць!» — заўважыў Вопыт. «Гэта марна», — адрэзаў Гонар. «Паспрабуй...», — шапнула Мара».

Каб здзейсніць сваю мару, хлопцу трэба будзе набраць ад 330 да 345 балаў. «Калі не прайду на бюджэт, буду падаваць дакументы на платнае, але больш чым 6—7 спецыяльнасцяў у сваіх прыярытэтах указваць усё роўна не стану, — прызнаўся хлопец. — Проста не бачу ў гэтым сэнсу». Вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання дазваляюць юнаку спадзявацца на лепшае. «Рускую мову і матэматыку пастараюся «выцягнуць» на 90 балаў і па фізіцы спадзяюся атрымаць недзе балаў 86, — канстатуе ён. — Займаюся з рэпетытарамі па ўсіх трох прадметах. А як яшчэ можна здаць добра тэст па рускай мове, калі ў фізіка-матэматычным класе на яго адводзіцца ўсяго адна гадзіна ў тыдзень?»

Дзіяна ШЭЛАТКАЧ, вучаніца сталічнай сярэдняй школы №125, таксама штодня займаецца з рэпетытарамі, прычым па чатырох прадметах. Акрамя рускай мовы, фізікі і матэматыкі, удасканальвае яшчэ і сваю англійскую мову. Факультэт камп'ютарных сістэм і сетак, на які яна замахнулася, — сур'ёзная вяршыня. І мара вельмі-вельмі многіх абітурыентаў. Летась, каб заняць бюджэтнае месца на ўпадабанай спецыяльнасці, трэба было набраць каля 360 балаў... "Я рэаліст. Таму рыхтуюся вучыцца на платным", — прызнаецца дзяўчына.

— У студэнтаў БДУІР вельмі інтэнсіўны рытм жыцця. У нас вельмі шмат самастойнай работы... І, каб стаць паспяховым, трэба шмат працаваць, — шчыра папярэджвае патэнцыяльных абітурыентаў куратар праекта, кіраўнік прэс-службы БДУІР Ала БАЯРКА. — Увогуле, вы жывяце ў вельмі цікавы, але няпросты час, бо цяпер немагчыма атрымаць адукацыю на ўсё жыццё. У трэндзе сёння робататэхніка, штучны інтэлект, мікра- і нанаэлектроніка. Але ніхто не ведае, якія прафесіі будуць у трэндзе заўтра. Асабіста я параіла б усім, хто нацэліўся на інжынерна-эканамічны факультэт, падстрахавацца і здаць
на ЦТ у якасці чацвёртага прадмета яшчэ і фізіку, бо там зусім невялікі набор на бюджэтныя месцы. А наяўнасць сертыфіката па фізіцы дазволіць вам выбіраць любую спецыяльнасць на ўсіх іншых нашых факультэтах. Аўтаматызаваная сістэма залічэння, якая дзейнічае ў БДУІР, дазваляе карэктаваць залічэнне ў залежнасці ад расстаноўкі абітурыентамі прыярытэтаў і наяўнасці незапоўненых месцаў на тых ці іншых спецыяльнасцях. У парадку ўбывання можна пазначыць усе спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю. Хоць дастаткова высокі працэнт абітурыентаў штогод указваюць усяго адну—дзве спецыяльнасці...Таксама раю не адкладваць падачу дакументаў на апошні дзень. Конкурсная сітуацыя абнаўляецца кожныя тры гадзіны. І вы будзе праінфармаваныя пра яе праз свой асабісты электронны кабінет..."

Дарэчы, адзін з важных бонусаў праекта «# ЯўБДУІР» — гэта гарантаванае месца ў студэнцкім інтэрнаце для ўсіх іншагародніх яго ўдзельнікаў. Праўда, гэты бонус дзейнічае толькі першы год, а далей ужо ўсё залежыць ад паспяховай вучобы і грамадскай актыўнасці новаспечаных студэнтаў. Але ўсё ў іх руках...

Сесія з валяр'янкай

ІT-тэхналогіі — гэта, у пэўным сэнсе, "космас" чалавечага развіцця, на гарызонце якога з'яўляюцца ўсё новыя і новыя "планеты

Цікава, што летась дзень, праведзены школьнікамі ва ўніверсітэце, забяспечыў ім не толькі мноства ўражанняў, але і моцную матывацыю да паступлення: 90% з іх сталі студэнтамі ўніверсітэта.

— Асабіста я пасля праекта яшчэ больш разгубілася. Мне сталі падабацца практычна ўсе факультэты, — смяецца Анастасія ШАЙПАК, першакурсніца факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання. — Проста пераканалася, што цікавых і перспектыўных спецыяльнасцяў вельмі шмат. Таму ў спіс сваіх прыярытэтаў унесла іх аж дваццаць. Але па сваіх балах прайшла на трэцюю спецыяльнасць, указаную ў прыярытэтах — «прамысловая электроніка».

— Калі ў чалавека ёсць мэта і сіла волі, ён будзе развівацца ў абраным кірунку, нават калі яму і не ўдалося паступіць на першую спецыяльнасць, — запэўнівае яшчэ адна ўдзельніца леташняга праекта Аляксандра ХАВАНСКАЯ, студэнтка спецыяльнасці «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў лагістыцы» інжынерна-эканамічнага факультэта. — Так, першая сесія ў мяне прайшла з валяр'янкай. Хоць я і здала ўсе прадметы з першага разу, але шчыра скажу, што было страшна. Паступіць — не самае галоўнае. Вучоба тут сур'ёзная...

А вось Кірылу КЛІМОВІЧУ ўдалося ўвасобіць мару тысяч абітурыентаў і стаць студэнтам самай прэстыжнай, калі меркаваць па прахадных балах, спецыяльнасці «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» факультэта камп'ютарных сістэм і сетак (ФКСіС).

— Напрыканцы 8-га класа я ўжо дакладна ведаў, што буду паступаць у БДУІР, хоць да гэтага моманту ў мяне былі непаразуменні з фізікай. Але калі дайшлі да тэмы «электрычнасць», тут я і «загарэўся». Цвёрда вырашыў, што буду выбіраць інжынерную спецыяльнасць. «Загугліў» у інтэрнэце і выйшаў на ФКСіС. Тры гады вагаўся, кім хачу быць: праграмістам ці сістэмным праграмістам? У выніку выбраў інжынера — сістэмнага праграміста: гучыць больш крута, — жартуе хлопец. — На праекце «# ЯўБДУІР» сустрэў «клёвых» хлопцаў і дзяўчат: мы стварылі «УКантакце» сваю групу і цяпер наш пазыўны «Чацвёрты інтэрнат, хто дома?»

— Самым каштоўным у праекце было наладзіць сувязі і знайсці сяброў. Дзякуючы сацыяльным сеткам мы былі ў курсе спраў усіх, да і зараз не губляем адзін аднаго, — падтрымлівае Мікіта КЛЮШУН, першакурснік факультэта камп'ютарнага праектавання. — Уліцца ў студэнцкае жыццё дастаткова складана. Тое, што нам даюць у школе, усяго толькі шчылінка ў фізіку і матэматыку.

Нядзіўна, чаму ў першыя месяцы вучобы студэнты на матэматыцы спрабуюць заняць у аўдыторыі першыя сталы: каб быць бліжэй да выкладчыка, усё пачуць і нічога не прапусціць. Займаюць іх за паўгадзіны да лекцыі. Пры гэтым для ўсіх першакурснікаў, якія маюць у гэтым патрэбу, арганізуюцца дадатковыя бясплатныя заняткі, якія дапамагаюць падцягнуць узровень іх падрыхтоўкі.

Размеркавацца... ва ўласную кампанію

 “Паспяховымі я лічу Біла Гейтса і Стыва Джобса. А мы яшчэ нічога прынцыпова новага не стварылі, — сціпла кажа Павел.

«Дэвіз факультэта камп'ютарных сістэм і сетак — «Ад мары — да поспеху». Паверце, у ім закладзены глыбокі сэнс», — звярнуўся да ўдзельнікаў праекта «# ЯўБДУІР» пяцікурснік Павел ЛІТВІНКА.

Пяць гадоў таму хлопец стаў студэнтам ФКСіС без экзаменаў, дзякуючы перамозе ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. Ужо ва ўніверсітэце ён захапіўся стартап-рухам, стаў наведваць тэматычныя мерапрыемствы, удзельнічаць у хакатонах і акселератарах і перамагаць там са сваімі праектамі. А ў 20 гадоў разам з сябрамі, таксама студэнтамі, зарэгістраваў стартап АLTА-АL і заняўся распрацоўкай штучнага інтэлекту для «ботаў». Мэтай было стварыць праграму, якая будзе дапамагаць чалавеку здзяйсняць выбар, даваць парады падчас нефармальных стасункаў з «ботам» у чаце (накшталт стасункаў з рэальным чалавекам), напрыклад, які выбраць крэдыт ці дэпазіт, у якім абменным пункце больш выгадныя курсы валют, дзе знаходзіцца найбліжэйшае аддзяленне банка і гэтак далей. Чат-бот «Альта» быў задуманы як рэальны фінансавы памочнік, якога трэба было навучыць разумець пытанні, сфармуляваныя звычайнымі людзьмі.

— Я даўно распрацоўваю праграмныя прадукты, але ніколі раней не чуў, каб людзі прызнаваліся праграме ў каханні, яны стасаваліся з «ботам» як з жывым чалавекам. Мы бачылі, што людзям падабаецца тое, што мы робім, і гэта нас натхняла...

Сёння Павел Літвінка ўзначальвае ТАА «Ботскейп», разам са сваімі сябрамі займаецца тэхналогіямі машыннага навучання і стварае «боты» для розных мэт. Без пяці хвілін выпускнік не любіць, калі пра яго кажуць, што ён паспяховы.

Павел Літвінка: "Час — вельмі важны рэсурс. Яго заўсёды не хапае".

— Поспех можна вымяраць па-рознаму. Паспяховымі я лічу Біла Гейтса і Стыва Джобса. А мы яшчэ нічога прынцыпова новага не стварылі, — сціпла кажа ён і дзеліцца з будучымі першакурснікамі парадамі — Калі вы паступіце ва ўніверсітэт, вам будзе здавацца, што часу з-за вучобы ні на што не хапае. Бярыце ад яе максімум для сябе. Прызнаюся, што самыя высокія адзнакі былі ў мяне на першым курсе, бо пасля даводзілася паралельна з напісаннем лабараторных, курсавых і здачай экзаменаў шмат працаваць. Таму ў маёй залікоўцы прадстаўлены ўвесь спектр — ад 4 да 10 балаў. Для мяне вучоба — толькі сродак для самарэалізацыі. У чым я дакладна пераканаўся, дык гэта ў тым, што за гады вучобы ўсё ў нашай сферы змяняецца кардынальна. І што насамрэч важна — гэта ўменне прыстасоўвацца і хутка адаптавацца.

Час — вельмі важны рэсурс. Яго заўсёды не хапае. Але чым больш вы ставіце перад сабой задач, тым больш вам удаецца: раптам высветліцца, што вы яшчэ можаце запісацца на курсы кіравання і курсы вывучэння англійскай мовы. Паралельна ўдзельнічайце ў розных прафесійных мерапрыемствах, якія дапамагаюць у развіцці: наведвайце хакатоны, каб пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і знайсці аднадумцаў. Збярыце сваю каманду. Памятайце, што выкладчыкі заўсёды ідуць насустрач і толькі вітаюць, калі студэнты кааперуюцца і робяць разам штосьці карыснае і цікавае.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА і прэс-службы БДУІР

Загаловак у газеце: Ад мары — да поспеху

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц? 

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.