Цэнтральнай сустрэчай насычанай праграмы знаходжання азербайджанскай дэлегацыі на нашай зямлі стала сустрэча з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігарам КАРПЕНКАМ.
— Паміж Рэспублікай Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікай традыцыйна складваюцца цёплыя адносіны. Яркае пацвярджэнне таму — правядзенне Дзён моладзі дзвюх краін, якія сталі сапраўдным святам сяброўства і ўзаемаразумення, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Для нас, як, упэўнены, і для Азербайджана, пытанні дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі заўсёды будуць вельмі важнымі, таму што кожная дзяржава задумваецца над тым, у якім напрамку будзе далей развівацца грамадства, якой будзе яго сацыяльна-эканамічная мадэль.
Па словах Ігара Карпенкі, у Беларусі сёння назапашаны багаты вопыт дзейнасці студэнцкіх атрадаў, якім мы гатовы дзяліцца з калегамі, і мы гатовы прыняць студэнцкую моладзь Азербайджана ў нашых студатрадах.
Падчас дыялогу з міністрам адукацыі абмяркоўваліся пытанні навучання грамадзян дзвюх дзяржаў, сумеснага прызнання дакументаў аб адукацыі, узаемадзеяння студэнтаў дзвюх краін у сферы навукі, сістэма грантаў, удзел моладзі ў прыняцці рашэнняў у сферы маладзёжнай палітыкі. Беларускіх студэнтаў цікавіў таксама вопыт падрыхтоўкі азербайджанскіх спартыўных валанцёраў да першых Еўрапейскіх гульняў, якія прайшлі ў Баку ў 2015 годзе. Наступныя гульні, як вядома, пройдуць у 2018 годзе ў Беларусі.
На сённяшні дзень паміж установамі вышэйшай адукацыі дзвюх краін ужо заключаны і рэалізоўваюцца 19 міжнародных дагавораў, у рамках якіх ажыццяўляюцца сумесныя навуковыя, педагагічныя і адукацыйныя праекты. Важнай падзеяй стала ўключэнне ў 2012 годзе чатырох вядучых беларускіх ВНУ ў Дзяржпраграму навучання азербайджанскай моладзі за мяжой. Распрацаваны праект стварэння ў Азербайджане рэсурсных цэнтраў пачатковай прафесійнай адукацыі будаўнічага і машынабудаўнічага профіляў.
Надзея НІКАЛАЕВА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?