Вы тут

Цэнтрвыбаркам устанавіў вынікі выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу


Найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Беларусь пачне сваю работу роўна праз тыдзень. Першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў новым статусе адбудзецца ў Мінску 24 і 25 красавіка. Ужо вядома, каму даверана прымаць найважнейшыя рашэнні, якія датычацца нашай краіны, — Цэнтральная выбарчая камісія ўстанавіла вынікі выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.


Такім чынам, у яго склад уваходзіць 400 дэлегатаў ад структур грамадзянскай супольнасці і 350 дэлегатаў ад мясцовых Саветаў дэпутатаў (290 дэлегатаў выбіраецца ад шасці абласцей, дэпутаты Мінскага гарсавета ўваходзяць ва УНС аўтаматычна). Астатнія з’яўляюцца дэлегатамі найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя Рэспублікі Беларусь згодна са сваёй пасадай. Гэта Прэзідэнт, члены ўрада, прадстаўнікі вертыкалі ўлады (старшыні рай-, гарвыканкамаў, абласных выканаўчых камітэтаў), заканадаўчай галіны ўлады (дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі), судовай улады, якая прадстаўлена Канстытуцыйным і Вярхоўным судамі.

Гістарычныя вехі УНС і новыя паўнамоцтвы ЦВК

Адкрываючы пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі, на якім былі ўстаноўлены вынікі выбараў дэлегатаў УНС, старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка нагадаў гісторыю гэтага інстытута народнай улады ў нашай краіне. «Першы Усебеларускі народны сход прайшоў у Беларусі ў 1996 годзе, — канстатаваў ён. — Тады Прэзідэнт ініцыяваў абмеркаванне актуальных праблем развіцця краіны ў фармаце народнага сходу. Амаль 5 тысяч чалавек былі вылучаны для ўдзелу ў яго рабоце працоўнымі калектывамі і грамадзянамі па месцы жыхарства і службы. Была разгледжана і прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 1996 — 2000 гады і адобрана ініцыятыва правядзення рэспубліканскага рэферэндуму. Кожныя наступныя пяць гадоў народнае веча давала ацэнку дзеянням улады за мінулую пяцігодку, вызначала асноўныя напрамкі і параметры развіцця дзяржавы, выпрацоўвала планы эканамічнага, сацыяльнага развіцця краіны на маючы адбыцца пяцігадовы тэрмін». 

Усяго ў гісторыі суверэннай Беларусі прайшло шэсць Усебеларускіх народных сходаў. Рашэннем рэспубліканскага рэферэндуму, які адбыўся 27 лютага 2022 года, УНС быў нададзены канстытуцыйны статус. 

Як звярнуў увагу старшыня Цэнтрвыбаркама, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дапоўнена главой, дзе дадзена вызначэнне Усебеларускаму народнаму сходу як найвышэйшаму прадстаўнічаму органу народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які будзе вызначаць стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечваць непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. Па яго словах, Канстытуцыяй вызначана, хто з’яўляецца дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, устаноўлена яго гранічная колькасць і тэрмін паўнамоцтваў. Акрамя Асноўнага Закона краіны, заканадаўчай асновай утварэння УНС, з’яўляецца Закон «Аб Усебеларускім народным сходзе» і Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, якім рэгулююцца пытанні выбрання дэлегатаў УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці.

У сувязі з гэтым Цэнтральная выбарчая камісія нададзена шэрагам новых паўнамоцтваў. «ЦВК прызначае выбары дэлегатаў УНС, вызначае нормы прадстаўніцтва дэлегатаў ад мясцовых Саветаў дэпутатаў кожнай вобласці, роўную колькасць дэлегатаў ад кожнага суб’екта грамадзянскай супольнасці, устанаўлівае вынікі выбараў, склікае і вядзе першае пасяджэнне УНС да выбрання яго старшыні, — удакладніў Ігар Карпенка. — Па сутнасці, цяперашні склад ЦВК рэалізуе на практыцы заканадаўчыя нормы і выбудоўвае сістэму ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі і структурамі грамадзянскай супольнасці ў пытаннях фарміравання Усебеларускага народнага сходу».

Большасць мужчын і прадстаўнікі розных сфер 

Выбары дэлегатаў УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў былі праведзены ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і ў тэрміны, устаноўленыя каляндарным планам. З 350 дэлегатаў — 196 мужчын і 154 жанчыны. Вышэйшую адукацыю маюць 328 чалавек, вучоную ступень, вучонае званне — 13, дзяржаўныя ўзнагароды — 51. Партыйнымі з’яўляюцца 189 чалавек: у партыі «Белая Русь» знаходзяцца 158 чалавек, КПБ — 13, ЛДПБ — 2, РППС — 16. Дэлегаты УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў прадстаўляюць наступныя сферы дзейнасці: прамысловасць, транспарт, будаўніцтва — 75 чалавек; адукацыю — 59; ахову здароўя — 29; МУС, МНС, Мінабароны, мытню — 16; АПК — 44; ЖКГ, гандаль, бытавое абслугоўванне — 13; культуру, банкаўскую справу, СМІ — 23; іншыя катэгорыі — 91 чалавек. Самаму старэйшаму дэлегату УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў — 71 год, самаму маладому — 18 гадоў. 

Згодна з дзеючым заканадаўствам і ў тэрміны, устаноўленыя каляндарным планам, прайшлі і выбары дэлегатаў УНС ад грамадзянскай супольнасці. Сярод 400 дэлегатаў — 206 мужчын і 194 жанчыны. Вышэйшую адукацыю маюць 356 чалавек, вучоную ступень, вучонае званне — 26, дзяржаўныя ўзнагароды — 102. Партыйнымі з’яўляюцца 132 дэлегаты. У партыі «Белая Русь» знаходзяцца 112 чалавек, КПБ — 14, ЛДПБ — 1, РППС — 5. Самаму старэйшаму дэлегату УНС ад грамадзянскай супольнасці — 79 гадоў, наймаладзейшаму — 18 гадоў.

У размове з журналістамі Ігар Карпенка адзначыў, што члены ЦВК і прадстаўнікі апарата ўдзельнічалі ў пасяджэннях, сачылі за тым, як праходзіла працэдура выбрання дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. «На сённяшні момант мы валодаем поўнай інфармацыяй аб тым, што ўсё было праведзена ў адпаведнасць з заканадаўствам, — падкрэсліў ён. — Ёсць адпаведныя дакументы, якія гэта пацвярджаюць. Яны прадастаўлены ў ЦВК». 

Кажучы аб парадку дня Усебеларускага народнага сходу, кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі паведаміў, што на першым пасяджэнні выбіраецца старшыня УНС, яго намеснік, члены Прэзідыума УНС. Акрамя гэтага, выносяцца пытанні зацвярджэння Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны. Пры гэтым, па словах Ігара Карпенкі, парадак дня УНС можа яшчэ ўдакладняцца.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.