Вы тут

Музычна-адукацыйны праект «Беларусь-тур» падводзіць прамежкавыя вынікі


Верасень мінулага года стаў не толькі пачаткам школьных заняткаў, але і стартам дабрачынных канцэртаў і майстар-класаў для вучняў музычных школ па ўсёй Беларусі. За плячыма калектыву «Беларусь-тур» засталася ўжо палова краіны: з запланаваных 120 гарадоў выступленні прайшлі больш як у 60 населеных пунктах.


Ініцыятыва «Беларусь-тур» скіравана на папулярызацыю беларускага музычнага мастацтва. У межах праекта лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі, кампазітар, спявак, акардэаніст Ігар Квашэвіч сустракаецца з вучнямі мастацкіх ды музычных школ ва ўсіх раёнах краіны. Акрамя заняткаў з таленавітымі дзецьмі, залаты акардэон Беларусі праводзіць эстрадныя канцэрты ў мясцовых дамах культуры для ўсіх аматараў музычнага мастацтва. Вынікам гадавога тура стане фінальны гала-канцэрт у Мінску, у якім на аднолькавых правах з дарослымі выканаўцамі возьмуць удзел маладыя таленты. Праект «Беларусь-тур» ажыццявілі з дапамогай Міністэрства культуры і грамадскай арганізацыі «Белая Русь».

— Міністэрства культуры далучылася да праекта «Беларусь-тур»: дапамагала ў асвятленні цыкла мерапрыемстваў, дасылала афіцыйныя лісты ў падтрымку ініцыятывы, — кажа галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Іна МАРДУСЕВІЧ. — Пасля выступленняў Ігара Квашэвіча ў захапленні былі не толькі дзеці, але і іх бацькі, педагогі. Зараз мы атрымліваем шмат лістоў з падзякамі ад дырэктараў музычных школ на імя міністра культуры Барыса Святлова.

Ініцыятар праекта Ігар Квашэвіч падзяліўся з журналістамі ўражаннямі ад паўгадавога музычнага падарожжа па беларускіх гарадах. Па словах акардэаніста-віртуоза, найбольшым адкрыццём праекта стала запатрабаванасць ініцыятывы, а таксама вялікая колькасць здольных дзяцей. Вызначыць самых лепшых надзвычай складана: праект яшчэ толькі «перайшоў экватар», пазнаёміўся з паловай канкурсантаў, а ўжо пабачыў шмат годных кандыдатаў на ўдзел у фінальным гала-канцэрце.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Перайшлі экватар

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.