Вы тут

Пра перспектывы развіцця мінеральна-сыравіннай базы нашай краіны


Па словах начальніка ўпраўлення па геалогіі Мінпрыроды Сяргея Мамчыка, у 2016-м удалося не толькі ўтрымаць здабычу нафты на ўзроўні 1,6 млн тон за год, але і нарасціць яе. У далейшым, каб забяспечыць рост здабычы, спецыялісты плануюць праводзіць новыя геолага-разведвальныя работы і ўцягваць у гаспадарчы абарот залежы з запасамі, якія цяжка здабываюцца. «У цэлым запасамі нафты Беларусь забяспечана на 35 гадоў», — падкрэсліў прадстаўнік Мінпрыроды.


У 2016 годзе прырост запасаў адзначыўся і ў іншых катэгорыях карысных выкапняў: каменнай солі, крэйды, пяску, пясчана-гравійнай сумесі, сапрапелю і торфу. Апошнія, дарэчы, высока цэняцца не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Сяргей Мамчык расказаў, што беларускія торф і сапрапель выклікаюць інтарэс у краінах Блізкага Усходу — Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Катары, Саудаўскай Аравіі. Яны могуць выкарыстоўвацца як арганамінеральныя ўгнаенні для развіцця земляробства. Сёння разглядаецца пытанне аб пастаўках угнаенняў на аснове сапрапелю ў гэтыя краіны.

Адным з перспектыўных у плане экспарту спецыялісты лічаць і шчэбень, запатрабаваны ў краінах-суседках Беларусі. Толькі за мінулы год, у параўнанні з 2015-м, экспарт гэтага матэрыялу вырас больш чым у 2,5 раза. Калі два гады таму краіна атрымала каля $ 28 млн, то папярэднія вынікі 2016-га гавораць пра $ 65 млн.

Нізкая якасць мінеральнай сыравіны, невялікія запасы на асобных радовішчах і вялікія глыбіні залягання карысных выкапняў — усе гэтыя і іншыя праблемы сёння істотна ўскладняюць работу беларускім геолагам. Каб дасягнуць поспеху на гэтых складаных участках, неабходна развіваць выкарыстанне сучасных тэхналогій для пошуку, разведкі і распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў. Над гэтым сёння працуюць спецыялісты Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара ўстановы Сяргей Круглікаў.

— У межах навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы «Скіф-Нетры», якая рэалізуецца з 2015 года, наш інстытут распрацаваў і часткова вырабіў больш магутныя высокапрадукцыйныя вылічальныя комплексы «Скіф-Геа», якія дазволяць вырашаць шэраг задач, звязаных з геолагаразведкай.

Як расказала Вольга Бярозка, дырэктар філіяла «Інстытут геалогіі» Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі, беларускія вучоныя шукаюць спосабы выкарыстання адходаў, што ўтвараюцца пры распрацоўцы радовішчаў.

— Работа ў гэтым кірунку дае рэальную магчымасць утылізаваць вялікую колькасць адвалаў і знізіць выдаткі на імпарт дэфіцытнай сыравіны, — адзначыла Вольга Бярозка. — Пасля дадатковых даследаванняў нашы распрацоўкі будуць прапаноўвацца ў вытворчасць.

Вераніка КОЛАСАВА

kоlаsаvа@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Не нафтай адзінай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.