Вы тут

Прыбытак ад экспарту геалагічных паслуг у краіне склаў амаль $30 млн


План дзеянняў па інтэнсіфікацыі засваення мінеральна-сыравіннай базы Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады прадугледжвае рэалізацыю мерапрыемстваў па павелічэнні аб'ёмаў экспарту за кошт геалагічнага вывучэння і распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў за мяжой.


Сёння ў гэтым кірунку працуюць такія кампаніі, як «Беларуснафта», «Белгорхімпрам», буравая кампанія «Дэльта», «Геасэрвіс», Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі. Свае паслугі беларускія спецыялісты прапануюць у краінах Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і СНД.

— Па выніках 2016 года прыбытак вышэйзгаданых прадпрыемстваў ад экспарту геалагічных паслуг склаў амаль 30 млн долараў ЗША, — расказаў начальнік упраўлення па геалогіі Мінпрыроды Сяргей Мамчык. — Асноўнымі кірункамі працы сталі геафізічныя даследаванні, бурэнне свідравін і здабыча карысных выкапняў.

Лідар па аказанні геалагічных паслуг за мяжой,  «Беларуснафта», праводзіць геафізічныя даследаванні, капітальны рамонт свідравін, тэлеметрычнае суправаджэнне бурэння на радовішчах нафты, сэрвіснае абслугоўванне абсталявання ў Эквадоры, Расіі, Украіне. Усяго за мінулы год агульны кошт выкананых работ склаў 14,1 млн долараў ЗША. У планах гэтай кампаніі таксама правядзенне даследаванняў для аднаўлення радовішчаў у Індыі, супрацоўніцтва ў вобласці здабычы нафты ў Конга, аказанне сэрвісных паслуг па сейсмаразведцы ў Пакістане і інш.

Спецыялісты «Белгорхімпрама» сёння займаюцца будаўніцтвам «пад ключ» горна-абагачальнага камбіната магутнасцю 1,4 мільёна тон у год хларыду калію на базе Гарлыкскага радовішча калійных соляў у Туркменістане. Буравая кампанія «Дэльта» аказвае паслугі па правядзенні інжынерна-геалагічных пошукаў на аб'ектах будаўніцтва Расійскай Федэрацыі, а «Геасэрвіс» — у Расіі, Украіне і Венгрыі.

Асноўнымі краінамі, дзе ў мінулым годзе працавалі спецыялісты НВЦ па геалогіі, сталі Расійская Федэрацыя (выкананне праграм Саюзнай дзяржавы) і Кітай (лабараторныя даследаванні горных парод). У якасці перспектыўных рынкаў дзяржаўнае прадпрыемства таксама разглядае Пакістан, краіны Паўднёва-Усходняй Азіі — В'етнам, Лаос і інш.

— Цяпер на ўзгадненні в'етнамскага боку знаходзіцца праект Мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В'етнама, — расказаў Сяргей Мамчык.


Па словах міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуты, каб эфектыўна выканаць задачу, пастаўленую кіраўніком дзяржавы па пашырэнні экспарту геалагічных паслуг, трэба ўзмацніць каардынацыю паміж Мінпрыроды і арганізацыямі, якія выконваюць геалагічныя паслугі, а таксама шукаць выйсце на новыя рынкі збыту паслуг. Ужо сёння фінансаванне праектаў, магчымая рэалізацыя якіх цяпер абмяркоўваецца ў Мінпрыроды, у некалькі разоў перавышаюць фінансаванне праектаў за 2016 год.

Даць ваду пустыні

Супрацоўніцтва ў геалагічнай сферы наша краіна наладжвае сёння і на Афрыканскім кантыненце — з Анголай, Суданам і Егіптам. З апошнім беларускія спецыялісты звязваюць асаблівыя надзеі на павелічэнне экспарту геалагічных паслуг.

У верасні 2016 года кампанія АMSС & З і Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі падпісалі Дамову аб супрацоўніцтве па правядзенні работ, звязаных з бурэннем і выпрабаваннем глыбакаводных свідравін на сушы для ўрада Арабскай Рэспублікі Егіпет.

Цяпер беларускі бок праводзіць пошук сродкаў для выканання работ і набыцця неабходнага буравога і дапаможнага абсталявання, разглядаецца таксама магчымасць стварэння ў Егіпце прадстаўніцтва па рэалізацыі праекта.

Вераніка КОЛАСАВА

kоlаsаvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Запатрабаваныя геолагі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.