План дзеянняў па інтэнсіфікацыі засваення мінеральна-сыравіннай базы Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады прадугледжвае рэалізацыю мерапрыемстваў па павелічэнні аб'ёмаў экспарту за кошт геалагічнага вывучэння і распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў за мяжой.
Сёння ў гэтым кірунку працуюць такія кампаніі, як «Беларуснафта», «Белгорхімпрам», буравая кампанія «Дэльта», «Геасэрвіс», Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі. Свае паслугі беларускія спецыялісты прапануюць у краінах Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і СНД.
— Па выніках 2016 года прыбытак вышэйзгаданых прадпрыемстваў ад экспарту геалагічных паслуг склаў амаль 30 млн долараў ЗША, — расказаў начальнік упраўлення па геалогіі Мінпрыроды Сяргей Мамчык. — Асноўнымі кірункамі працы сталі геафізічныя даследаванні, бурэнне свідравін і здабыча карысных выкапняў.
Лідар па аказанні геалагічных паслуг за мяжой, «Беларуснафта», праводзіць геафізічныя даследаванні, капітальны рамонт свідравін, тэлеметрычнае суправаджэнне бурэння на радовішчах нафты, сэрвіснае абслугоўванне абсталявання ў Эквадоры, Расіі, Украіне. Усяго за мінулы год агульны кошт выкананых работ склаў 14,1 млн долараў ЗША. У планах гэтай кампаніі таксама правядзенне даследаванняў для аднаўлення радовішчаў у Індыі, супрацоўніцтва ў вобласці здабычы нафты ў Конга, аказанне сэрвісных паслуг па сейсмаразведцы ў Пакістане і інш.
Спецыялісты «Белгорхімпрама» сёння займаюцца будаўніцтвам «пад ключ» горна-абагачальнага камбіната магутнасцю 1,4 мільёна тон у год хларыду калію на базе Гарлыкскага радовішча калійных соляў у Туркменістане. Буравая кампанія «Дэльта» аказвае паслугі па правядзенні інжынерна-геалагічных пошукаў на аб'ектах будаўніцтва Расійскай Федэрацыі, а «Геасэрвіс» — у Расіі, Украіне і Венгрыі.
Асноўнымі краінамі, дзе ў мінулым годзе працавалі спецыялісты НВЦ па геалогіі, сталі Расійская Федэрацыя (выкананне праграм Саюзнай дзяржавы) і Кітай (лабараторныя даследаванні горных парод). У якасці перспектыўных рынкаў дзяржаўнае прадпрыемства таксама разглядае Пакістан, краіны Паўднёва-Усходняй Азіі — В'етнам, Лаос і інш.
— Цяпер на ўзгадненні в'етнамскага боку знаходзіцца праект Мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В'етнама, — расказаў Сяргей Мамчык.
Па словах міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуты, каб эфектыўна выканаць задачу, пастаўленую кіраўніком дзяржавы па пашырэнні экспарту геалагічных паслуг, трэба ўзмацніць каардынацыю паміж Мінпрыроды і арганізацыямі, якія выконваюць геалагічныя паслугі, а таксама шукаць выйсце на новыя рынкі збыту паслуг. Ужо сёння фінансаванне праектаў, магчымая рэалізацыя якіх цяпер абмяркоўваецца ў Мінпрыроды, у некалькі разоў перавышаюць фінансаванне праектаў за 2016 год.
Даць ваду пустыні
Супрацоўніцтва ў геалагічнай сферы наша краіна наладжвае сёння і на Афрыканскім кантыненце — з Анголай, Суданам і Егіптам. З апошнім беларускія спецыялісты звязваюць асаблівыя надзеі на павелічэнне экспарту геалагічных паслуг.
У верасні 2016 года кампанія АMSС & З і Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі падпісалі Дамову аб супрацоўніцтве па правядзенні работ, звязаных з бурэннем і выпрабаваннем глыбакаводных свідравін на сушы для ўрада Арабскай Рэспублікі Егіпет.
Цяпер беларускі бок праводзіць пошук сродкаў для выканання работ і набыцця неабходнага буравога і дапаможнага абсталявання, разглядаецца таксама магчымасць стварэння ў Егіпце прадстаўніцтва па рэалізацыі праекта.
Вераніка КОЛАСАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kolasava-1
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] mailto:kоlаsаvа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/gealagichnyya-paslugi
[6] https://zviazda.by/be/tags/gealogiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/belgorhimpram
[8] https://zviazda.by/be/tags/andrey-kauhuta
[9] https://zviazda.by/be/tags/karani-i-krony