Вы тут

Як выбраць прыёмнік для бацькоў


На працягу больш дзясятка гадоў мяне нават сваякі ўспрымалі як «голас з радыё», бо кожную раніцу ў 06.40 па абласным правадным вяшчанні мой голас будзіў народ: «Добрай раніцы, Гомельшчына! У эфіры праграма «Світанак», каля мікрафона Ірына Асташкевіч». У тыя зусім нядаўнія часы радыёпрыёмнік на кухні быў звычайным і нават неабходным дэвайсам. Дарэчы, і вяшчаў ён у многіх кватэрах бесперапынна з 6.00 да 24.00.


Хвалі і «прыбабахі»

Пра што гэта я? Які такі дэвайс? Такога англійскага слова (devіce — прылада, прыбор) ніхто не чуў, тым больш не ведаў, што яно абазначае. Дык вось, мяне настальгія зусім не мучыць, хачу вас запэўніць. У мяне, як і амаль ва ўсіх, радыё сёння ўключаецца па неабходнасці з мабільніка ці ў машыне. Але ж трэба ўлічваць, што сярод тэхнічна дасведчаных усё ж засталіся тыя, у каго лад жыцця значна парушыўся са знікненнем у доме звычайнага радыёпрыёмніка, які ў фонавым рэжыме нешта вяшчаў.

Трансляцыя са стацыянарных радыёкропак у Беларусі прыпынілася сёлета 1 жніўня. Да гэтага акта ў краіне рыхтаваліся, і нават загадзя. У тым ліку закупілі пэўную колькасць радыёпрыёмнікаў, якія сталі прадаваць праз філіялы «Белтэлекама». Канешне, іх можна было набыць і ў іншых месцах, але ж там былі самыя танныя — «МЭТА 212» беларускай вытворчасці менш чым за 20 новых рублёў. Што немалаважна для той катэгорыі людзей, якой яны больш за ўсё патрэбны, — пенсіянерам. Набыць і асвоіць сучасныя складаныя прыборы многім аказалася проста не пад сілу.

Дарэчы, сярод такіх людзей і мая маці, якая аддае перавагу інфармацыйным праграмам, меладычнай музыцы і спакойным галасам у эфіры. А яшчэ, як і многія людзі ў паважаным узросце, яна любіць браць прыёмнік на дачу і пад яго «акампанемент» праполваць бульбу.

Ну і хто выбірае прыёмнік сваім бацькам, якія не ведаюць як «гугліць» і знаходзіць тое, што патрэбна, у бясконцай прасторы інтэрнэта? Зразумела ж, мы, іх дзеці. Мне з гэтай праблемай прыйшлося сутыкнуцца дзесьці два гады таму. Сярод асноўных сфармуляваных запытаў, дарэчы, пачула такія: «Каб кнопак не было багата і каб быў канал «Культура».

Пачаўся доўгі, на працягу некалькіх месяцаў, пошук прыёмніка, які прымае ўльтракароткія хвалі, бо тая ж любімая маёй матуляй «Культура» вяшчае на 70,4 МГц, а сетка шкалы абсалютнай большасці прыёмнікаў, якія знаходзіліся ў продажы ў крамах Гомеля, адпавядала толькі FM-дыяпазону і пачыналася пасля 88 МГц. Між тым на цану мы з братам таксама звярталі ўвагу, і высветлілася, што яна на даволі просты прыёмнік з пашыраным дыяпазонам і некалькімі «прыбабахамі» заходзіць за паўмільёна на старыя грошы. Улічваючы, што мы не імкнуліся занадта эканоміць, было не зусім зразумела — за што такія грошы. Іх усё ж такі прыйшлося патраціць. Дарэчы, адзін «наварот» з тых, якія ёсць у матчыным прыёмніку, яна выкарыстоўвае з задавальненнем: слухае запісаную намі на флэш-карту музыку — ацаніла наяўнасць USB-увахода.

Разбярыцеся з тэрмінамі: «захоўвання» і «гарантыйным»

Наш пастаянны чытач і падпісчык, гамяльчанін Уладзімір Яўгенавіч Пашук па сумяшчальніцтве аматар радыё. Ён з паразуменнем аднёсся да праблемы адключэння праваднога радыё ў мэтах агульнадзяржаўнай эканоміі сродкаў. Гаворыць, загадзя, яшчэ да адключэння вяшчання, набыў недарагі кітайскі радыёпрыёмнік. І спадзяваўся, што ён будзе спраўна і доўга працаваць. Але ж шчасце цягнулася толькі тры месяцы:

— З 1 жніўня па 6 лістапада працаваў мой прыёмнік. Мне падабалася, што ўвесь дзень можна было слухаць без перапынку. Але ж потым ён зламаўся. Усё бывае ў жыцці. Стаў я шукаць майстэрню. Паглядзеў, што мой гарантыйны тэрмін скончыўся — ён быў толькі 2 месяцы са дня продажу. Звярнуў увагу, што прыёмнік быў выраблены 5 гадоў таму — нядзіўна, што ён «загадаў доўга жыць». Усё ж я думаў, што яго недзе адрамантуюць. Але ж у майстэрнях мне называлі такія сумы! І казалі, што танней купіць новы, чым рамантаваць стары. Паколькі я інвалід другой групы і пенсіянер, раскідвацца грашыма магчымасці няма, пачаў шукаць больш-менш танны. Зайшоў на «Белтэлекам». Там прадаваўся прыёмнік за 18.66. Але ж перш, чым купляць, спытаў пра гарантыю. Адказваюць: 2 гады са дня продажу. Тады пытаю: а які тэрмін захоўвання з дня вырабу? Прадавец паглядзела — таксама 2 гады. Пытаю: а калі ён выраблены? У 2014 годзе. Аказваецца, пратэрмінаваны прадаюць. Дык, кажу, вы ж павінны былі яго адправіць таму, хто пастаўляў. Не стаў набываць, бо мне ж яго ніхто не адрамантуе. Напісаў ім скаргу.

Дарэчы, скарга Уладзіміра Яўгенавіча, былога выкладчыка ўніверсітэта, і стала падставай для разбіральніцтва, а значыць, і гэтага матэрыялу. Тым часам у атрыманым ад паважанай арганізацыі-манапаліста афіцыйным адказе гаворыцца, што «гарантыйны тэрмін захоўвання са дня вырабу — 30 месяцаў, гарантыйны тэрмін службы са дня продажу — 24 месяцы. Паведамляем, што гарантыйны тэрмін захоўвання са дня вырабу не парушаны, бо данае абсталяванне было выраблена ў лістападзе 2014 года (адзнака ў пашпарце радыёпрыёмніка МЭТА 212)».

Калі заўважылі, ёсць пэўнае і важнае разыходжанне ў 6 месяцаў па даце захоўвання. Прадавец у сэрвісным цэнтры Уладзіміру Пашуку адказала, што тэрмін захоўвання са дня вырабу складае 2 гады, а ў афіцыйным адказе пазначана, што ён — 2,5 года.

На словах, без прадастаўлення адпаведнага дакумента, начальнік аддзела прасоўвання паслуг Гомельскага філіяла РУП «Белтэлекам» Аляксандр Данілкоў мяне запэўніў, што тэрмін захоўвання радыёпрыёмніка быў працягнуты — да 30 месяцаў. Каб гэта зрабіць, між іншым, павінна праводзіцца адпаведная экспертыза ў вытворцы.

Пра гэта гаворыцца ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў»: «Рэалізацыя асобных нехарчовых тавараў, тэрмін службы і (ці) тэрмін захоўвання якіх мінулі (акрамя лекавых сродкаў), можа быць дазволены ў парадку, усталяваным урадам Рэспублікі Беларусь, па выніках правядзення адпаведнай экспертызы гэтых тавараў. Дазвол на далейшую рэалізацыю тавараў, тэрмін службы і (ці) тэрмін захоўвання якіх мінулі, павінны ўтрымліваць указанне на тэрмін, на працягу якога тавары магчымыя да выкарыстання».

Цікава, што прыёмнікі «МЭТА 212» тым часам чамусьці раптам зніклі з продажу ў сэрвісных пунктах «Белтэлекама», у чым пераканаўся і Уладзімір Яўгенавіч асабіста, і мае сябры, якія таксама зацікавіліся яго пакупкай. Між тым мне было прапанавана афармляць пытанні да гэтай арганізацыі выключна праз афіцыйны запыт. Што цяпер і раблю.

Паважанае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белтэлекам»! Магчыма, наш чытач і Ваш патэнцыяльны кліент першапачаткова памыліўся наконт тэрміну захоўвання прыёмніка, які ён у вас хацеў набыць. Таму, каб удакладніць сітуацыю, просім Вас прадаставіць копію афіцыйнага правядзення экспертызы, якая цяпер дазваляе продаж тавару (радыёпрыёмніка МЭТА 212), — з абавязковым указаннем, калі і кім яна была праведзена. Каб нашы з вамі суайчыннікі былі спакойныя, што сапраўды змогуць па гарантыі адрамантаваць беларускі тавар у яго вытворцы — мінскага прадпрыемства «Прамсувязь».

Паміж якасцю і таннасцю

Між тым пытаннем, дзе купіць радыёпрыёмнік, «каб быў танны, просты і якасны», задаюцца вельмі многія. На форумах у інтэрнэце павывучала асноўныя патрабаванні пры ажыцццяўленні пакупкі. Яны, здаецца, будуць карыснымі і нашым чытачам. На што трэба звярнуць увагу?

  • Надзейнасць і больш-менш прыстойны вонкавы выгляд.
  • Вельмі пажадана УКХ-дыяпазон, каб лавіліся «класічныя» станцыі тыпу «Культура» і г.д.
  • Добры і прыемны гук (у многіх сталых пажылых людзей слых ужо не вельмі добры).
  • Магчымасць павесіць на сцяну (г. зн., невялікі памер). Увогуле, важныя не толькі габарыты і вага, але і матэрыялы, з якіх прыёмнік зроблены. Напрыклад, для многіх важны ўдаратрывалы пластык, воданепранікальнасць і вільгацеўстойлівасць прыбора.
  • Сеткавае сілкаванне ў камплекце (каб не толькі ад батарэек).
  • Добры прыём ад унутранай антэны, кіраванне кнопкамі і памяць каналаў на некалькі радыёстанцый. Трэба, каб зручна было. Накшталт: націснуў-пераключыў.
  • Асобныя дадатковыя функцыі. Ну, каву ён вам можа і не зварыць, аднак наяўнасць USB-увахода вітаецца. Можа, каму даспадобы будзе і гадзіннік, будзільнік, таймер, падсветка... Але ж любыя «навароты», безумоўна, паўплываюць на цану.

Між тым па кожным з пунктаў са спецыялістамі можна размаўляць асобна і доўга. Гавораць, якасць прыёму лепш правяраць доследным шляхам. Знаўцы раяць быць асцярожнымі і прыдзірлівымі, вывучаючы ў краме тую ці іншую мадэль.

Прадаўцы любяць тыповыя адгаворкі, напрыклад, «у нас тоўстыя сцены», «у нас усталяваны люмінесцэнтныя лямпы», «мы знаходзімся на ніжнім паверсе, а на вуліцы прыёмнік працуе нармальна». Ну, вось і папытаеце дазволу праверыць якасць прыёму па-за «тоўстымі сценамі» і далёка ад лямпаў дзённага святла, якія ствараюць перашкоды. Няхай прадавец сам прадэманструе вам магчымасці мадэлі ў «звычайных» умовах.

Высакаякасны радыёпрыёмнік заўсёды мае добрую ўстойлівасць да перашкод і не будзе трашчаць і хрыпець на адлегласці 2 м ад самай магутнай люмінесцэнтнай лямпы, тоўстыя сценкі і столі не будуць перашкодай для прыёму сігналу. Свіст на кароткіх хвалях павінен насцярожыць, роўна як і трэск ці гуд на сярэдніх і доўгіх хвалях. Адчувальнае шыпенне ў FM-дыяпазоне таксама з'яўляецца прычынай адмовіцца ад сумніўнай пакупкі.

Дарэчы, на нашу «МЭТУ 212» нараканняў у інтэрнэце дастаткова, але ж у продажы яна не значыцца сёння практычна нідзе, у тым ліку і ў буйных сеткавых крамах. За вочы многія мне казалі, што прыёмнік, кошт якога 18—20 рублёў, з пункту гледжання сур'ёзнай радыётэхнікі — «дзіцячая цацка». Добры прыёмнік, як і добры тэлевізар, танным не будзе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Марная МЭТА?

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Культура

Мір. Cляды літаратурныя

Мір. Cляды літаратурныя

У Беларусі ведаюць Мір — цяперашні гарадскі пасёлак, а раней старадаўняе мястэчка — як унікальны адрас гістарычнай памяці.

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.