Вы тут

У Магілёве ўрачыста здалі першы ў краіне энергаэфектыўны дом


Ён першы нават па нумары і размешчаны на вуліцы імя Аркадзя Куляшова. Яшчэ два такія будынкі ўзводзяцца ў Мінску і Гродне. Але магілёўскія будаўнікі справіліся першымі. Дом стане родным для 160 шматдзетных сем'яў. Паветраныя шары, музыка, шчаслівыя ўсмешкі навасёлаў — падзея стала сапраўдным святам.


Сімвалічны ключ у руках навасёлаў – Паўла Свішчанкова і яго сыноў Антона і Максіма.

— Прыемна напярэдадні Новага года і Раства здаваць у эксплуатацыю такі вельмі важны сацыяльны аб'ект, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. — Гэты дом незвычайны тым, што пабудаваны па новых тэхналогіях. Я мяркую, што жыхары ўжо праз год адчуюць усе перавагі жыцця ў ім. Разам з імі будзем ацэньваць эфектыўнасць абсталявання. У далейшым будзем прымяняць такую тэхналогію на іншых аб'ектах жыллёвага будавання Магілёўскай вобласці.

Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця і пераразання чырвонай стужкі жыхары мелі магчымасць ацаніць сваё будучае жыллё, праўда, пакуль умоўна. Бо лёсаванне і ўручэнне ключоў ад кватэр яшчэ наперадзе. Пакуль сімвалічны ключ атрымалі Марына Варанцова і Павел Свішчанкоў, якія выхоўваюць траіх дзяцей. Сям'я атрымала ў новым доме трохпакаёўку. Свае эмоцыі Павел і Марына выказалі адным словам: «Крута!» Тры гады стаялі на чарзе і тут такое шчасце.

— Гэты дом — першы ў Беларусі энергаэфектыўны другога пакалення, які быў спраектаваны спецыялістамі і пабудаваны ў Беларусі пры падтрымцы праграмы ААН і Глабальнага экалагічнага фонду. Праграма развіцця ААН уклала ў яго мільён долараў, — паведаміла Кацярына Паніклава, намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі. — Але тыя сонечныя панелі і цеплавыя вузлы, якія ўсталяваны ў доме, не простыя. Нават сцёкавыя воды, якія ўтворацца тут, будуць выкарыстоўвацца для цяпла. Галоўная мэта — знізіць спажыванне энергіі ў два разы і абмежаваць выкіды парніковага газу, які ўплывае на змяненне клімату. У гэтым доме будзе расці новае пакаленне беларусаў, для якіх такі эканамічны падыход стане прыкладам у жыцці. Беларусь 15 гадоў таму прыняла новыя энергаэфектыўныя стандарты, чым вельмі выгадна стала адрознівацца ад іншых краін на постсавецкай прасторы.

Унутры дома ўсё прадумана да дробязяў. Нават ёсць спецыяльныя замкі на вокнах, якія не дадуць выпасці дзіцяці. А галоўнае, сем'і змогуць значна эканоміць. «Штомесячныя камунальныя выдаткі будуць такія ж, як у любым іншым доме, але ў тры разы меншыя за цяпло, — удакладняе Аляксандр Грабянькоў, кіраўнік праекта ПРААН і Глабальнага экалагічнага фонду па павышэнні энергаэфектыўнасці жылых будынкаў. — Абслугоўваннем дома зоймецца звычайная жыллёва-эксплуатацыйная арганізацыя. На працягу паўтара года будзем вучыць спецыялістаў, як працаваць. Тая сістэма, якая тут усталявана, не складаная. Галоўнае, каб ніхто не спрабаваў парушыць яе. Будзем тлумачыць жыхарам, наколькі гэта важна».

Наперадзе яшчэ канчатковая аздоба кватэр. Але людзі шчаслівыя. «Гэты дом найлепшы, — падзялілася адна шматдзетная маці. — Да таго ж блізка дзіцячы садок, школа, крамы таксама. Усё проста супер!» Самі кватэры невялікія, але тыя сем'і, якім трэба большая плошча, зоймуць адначасова дзве. Гэта вельмі зручна.

Будаўнікі таксама задаволены.

— Улічваючы, што гэта першы дом, а камунікацыі ў ім маюць свае асаблівасці, то адпаведна іх мантаж і ўсталяванне былі для нас першым досведам, — прызнаўся начальнік гарадскога ўпраўлення камунальнага будаўніцтва Андрэй Маскалёў. — Але ўсе пытанні, якія ўзнікалі па праекце, вырашаліся ў ходзе будаўніцтва. Дом унікальны. На яго даху размешчана 320 квадратных метраў сонечных батарэй. Яны будуць назапашваць і ператвараць сонечную энергію ў цеплавую і падаграваць ваду.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Нумар першы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.