Вы тут

У Мінску прайшоў медыяфестываль «Галасы маладых за ўстойлівае развіццё — 2020»


Разуменне ўстойлівага развіцця як прынцыпова новага этапу жыцця чалавечай цывілізацыі дапамагае па-новаму зірнуць на ролю адукацыі ў рэалізацыі ідэй глабальнай і нацыянальнай бяспекі, эканамічнай устойлівасці, экалагічнай цэласнасці і сацыяльнага дабрабыту ўсіх і кожнага. Яскравым доказам гэтаму стала правядзенне ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка медыяфестывалю «Галасы маладых за ўстойлівае развіццё — 2020».


— Медыяфестываль быў уключаны ў план мерапрыемстваў Савета па ўстойлівым развіцці на 2020—2021 гады і з'яўляецца часткай маладзёжнай кампаніі «Насустрач будучыні, якую мы хочам», што праходзіць у Беларусі у межах святкавання 75-годдзя ААН, — патлумачыла начальнік каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ Інеса ЗУБРЫЛІНА.

Як адзначыла суразмоўніца, ва ўніверсітэце аддаецца вялікая ўвага асваенню будучымі педагогамі кампетэнцый у галіне ўстойлівага развіцця і ўсведамлення іх ролі як патэнцыйных мультыплікатараў ідэй і прынцыпаў устойлівага развіцця сярод навучэнцаў, бацькоў і калег-педагогаў.

— Паміж нашым універсітэтам, Міністэрствам адукацыі і Офісам Пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь сёлета ў сакавіку быў падпісаны план мерапрыемстваў маладзёжнай кампаніі «Насустрач будучыні, якую мы хочам», — падкрэслівае Інеса Зубрыліна.

На медыяфестываль прыехалі навучэнцы, студэнты і выкладчыкі розных устаноў адукацыі практычна з усіх рэгіёнаў краіны. Да таго ж да анлайн-фармата далучылася вялікая колькасць удзельнікаў. Па выніках экспертнай ацэнкі да публічнага прагляду і былі рэкамендаваныя 19 з 43 заяўленых работ. Экспертная група ўсебакова змагла ацаніць і адабраць самыя цікавыя відэасюжэты для сумеснага абмеркавання ўдзельнікамі медыяфестывалю.

Намінацыя «Будучыня, якую мы хочам: ААН-75» была звязана з адным з самых маштабных у гісторыі глабальных абмеркаванняў, пачатак якому паклаў Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, — абмеркаваннем будаўніцтва той будучыні, якой бы нам хацелася. І згаданая намінацыя стала яшчэ адным голасам гэтай дыскусіі, у яе рамках была прадэманстравана работа каманды сярэдняй школы № 40 Гродна з сугучнай назвай «Будучыня, якую мы хочам».

Лагічным працягам дыскусіі стала намінацыя «Насустрач новай этыцы Зямлі». Прэамбула тэксту Хартыі Зямлі пачынаецца словамі: «Мы жывём у пераломны момант гісторыі Зямлі: час, калі чалавецтва павінна абраць сваю будучыню». Але трэба памятаць, што прымусіць змяніць свае маральныя перакананні і пераацаніць каштоўнасці амаль немагчыма. Доказам гэтаму сталі прадстаўленыя ў намінацыі работы «Хартыя Зямлі +20» (СШ № 3 Оршы) і «Навіны «Зялёная пятніца» (СШ № 14 імя Я. М. Фаміна Брэста).

Кожны з нас разумее, што існуючыя мадэлі паводзін чалавека патрабуюць кардынальных крокаў у рэчышчы задач, звязаных з адаптацыяй чалавека да кліматычных змен. Пошуку спосабаў гэтай адаптацыі былі прысвечаны работы намінацыі «Клімат змяняецца. А ты?»: «Падарожжа ў часе» (прадстаўлены студэнцкім саветам інжынернага факультэта Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта), «Шлях сапсаванай таблеткі» (СШ № 3 Пінска) і іншыя. Падчас абмеркавання ўдзельнікі адзначылі, што найлепшы спосаб прыцягнення ўвагі да праблемы кліматычных змен і ўключэння асяроддзя ў дыскусію — гэта расповед праз уласную гісторыю, рэальныя факты і непадробную зацікаўленасць да аб'екта абмеркавання.

Аўтарам відэасюжэтаў, заяўленых у намінацыі «Раскажы пра Мэты Устойлівага Развіцця (МУР)», трэба было на прыкладзе сваіх праектаў і ініцыятыў «перавесці» складаныя паняцці ўстойлівага развіцця на мову, зразумелую розным катэгорыям людзей. Дасягнуць устойлівых перамен можна толькі сумеснымі намаганнямі, нікога не пакідаючы ўбаку. Гэта вядучы прынцып інклюзіі, і абыйсці такую тэму было немагчыма. У намінацыі «Беларусь інклюзіўная» было прадстаўлена пяць работ, аўтары якіх выдатна адлюстравалі галоўныя прынцыпы, якімі кіруецца выкананне і дасягненне МУР: нікога не пакінуць убаку; універсальнасць; узаемасувязь і непадзельнасць; павага правоў чалавека.

У намінацыі «Мы — агенты ўстойлівых перамен» таксама было заяўлена пяць работ. Пры іх абмеркаванні ўвага скіроўвалася на фактычныя, сапраўдныя, рэальныя прыклады змен, да якіх мы імкнёмся і якіх самі спрабуем дасягнуць, і іх практыкаарыентаванасць.

Трэба сказаць, што ўсе ўдзельнікі медыяфестывалю атрымалі дыпломы лаўрэатаў і прызы ад Офіса Пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь.

А вось прыз глядацкіх сімпатый па выніках анлайн-галасавання атрымала каманда «Рука ў руцэ» Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна. Спецыяльнага прыза ад БДПУ ўдастоены Студэнцкі савет факультэта педагогікі і псіхалогіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Спецыяльныя прызы ад Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ ўручаны прадстаўнікам камандаў «Агенты сацыяльнай майстэрні» СШ гарпасёлка Краснаполле, «Эка-дзеці Палесся» СШ № 3 Пінска, «Разам» СШ № 40 Гродна і «Школа руплівых гаспадароў» СШ № 12 гэтага ж абласнога цэнтра.

— Работы лаўрэатаў медыяфестывалю «Галасы маладых за ўстойлівае развіццё — 2020», дапрацаваныя з улікам заўваг экспертаў, будуць паказаны на пасяджэнні тэматычнай дыскусійнай пляцоўкі «Насустрач будучыні, якую мы хочам: маладзёжная пазіцыя» падчас ІІІ Міжнароднага сімпозіума «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў — сацыяльны дагавор», правядзенне якога запланавана сёлета ў БДПУ з 2 да 3 снежня, — рэзюмавала Інеса Зубрыліна.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Загаловак у газеце: Насустрач будучыні, якую мы хочам

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.