Вы тут

Вольга Мацвееня: Я там, дзе віруе жыццё


Падчас V Форуму маладых журналістаў адным з пераможцаў прэміі «Дэбют» стала загадчык аддзела пісьмаў і зваротаў грамадзян газеты «Івацэвіцкі веснік» Вольга Мацвееня (Шэляговіч), якую прызналі найлепшым рэпарцёрам. Пра свой шлях у журналістыку і жыццёвыя прынцыпы дзяўчына расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Я мяркую, што трапіць у нашу прафесію прасцей, чым у ёй затрымацца, — лічыць Вольга. — Многія выпускнікі сыходзяць з дыстанцыі і кладуць дыплом на паліцу. Мне ў гэтым плане пашчасціла — пасля школы разглядала два варыянты будучыні: вучобу на юрыста ці журналіста. Выбрала другі варыянт, падстрахаваўшыся мэтавым накіраваннем, і гэта работа ў выніку мяне па-сапраўднаму захапіла.

Падчас вучобы студэнтка праходзіла практыку ў розных выданнях, найбольш супрацоўнічала з газетай «Аргументы і факты ў Беларусі» — да таго часу, пакуль не трапіла на практыку ў БелТА, дзе паўтара года працавала паралельна з вучобай ва ўніверсітэце. Пасля заканчэння Інстытута журналістыкі яе размеркавалі ў раённую газету «Івацэвіцкі веснік», якая давала мэтавае накіраванне.

— Раённая газета вучыць падбіраць трапныя словы для аповеду пра простых людзей, якія насамрэч не такія і простыя, а годныя самых высокіх слоў, — сцвярджае Вольга. — Пасля двух гадоў адпрацоўкі ў Мінск я не вярнулася, хоць магчымасць была. Працую ў «Івацэвіцкім весніку» ўжо сем гадоў, пішу пад дзявочым прозвішчам Шэляговіч. Дарэчы, у гэтай газеце некалі працаваў мой дзядуля, таксама журналіст, пісьменнік Мікалай Васільевіч Банасевіч, так што журналістыка ў мяне «ў крыві». Да таго ж тут мая малая радзіма, тут жывуць мае родныя і блізкія людзі. У Івацэвічах я сустрэла мужа, у нас нарадзілася дачушка — нядаўна ёй споўнілася тры гады, тут знаходзіцца мой дом і віруе жыццё, у якім мне камфортна як жонцы і маці. А калі дома лад, то і на рабоце ўсё атрымліваецца — я так лічу.

Загадчыкам аддзела пісьмаў і зваротаў грамадзян Вольга стала прыкладна год таму, а да гэтага была карэспандэнтам. Ранейшыя абавязкі яна выконвае і цяпер — піша матэрыялы, як і іншыя творчыя супрацоўнікі рэдакцыі. Але з новай пасадай з'явілася шмат «папяровай» работы: рэгістраваць дакументы, рабіць справаздачы, разглядаць звароты грамадзян, разбірацца ў скаргах, падтрымліваць зваротную сувязь з заяўнікамі. Бывае, лісты чытачоў даюць падставу для напісання артыкула, калі праблема сур'ёзная і патрабуецца ўмяшанне СМІ.

— Матэрыялаў на конкурс я падавала некалькі дзясяткаў — найлепшыя з тых, што былі напісаны за апошні час, — кажа Вольга. — Якімі крытэрыямі кіравалася журы, выбіраючы мяне ў якасці лаўрэата, не ведаю. У цэлым жа да ўзнагарод стаўлюся па-філасофску. Ёсць прызнанне з боку калег, кіраўніцтва — цудоўна, вялікі дзякуй, але гэта не самамэта. Найбольш арыентуюся на прызнанне чытача, на яго павагу да маёй пазіцыі.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА


Шэсць яблыкаў

Апошнім часам усё больш заўважаю, як любяць людзі скардзіцца на жыццё. Падстаў процьма: мала плацяць, недастаткова паважаюць, дрэнна лечаць, спраўна падманваюць, не так, як некалі, кахаюць... Скарга — ці не народная наша забава. Не прынята ў нас хваліцца — каб не пазайздросцілі, крый Божа. А наракаць на жыццё — справа іншая.

Не тое, каб я супраць. Але заўважыла, што людзі, якія жывуць з вечнай прэтэнзіяй да жыцця, сталі мяне стамляць. А падчас апошняй такой размовы ўспомніўся мне дзедаў аповед пра шэсць яблыкаў. Было гэта ў даваенны час. Гадкоў майму дзеду Мікалаю было мо 10. І хоць жыў ён у вёсцы, садовыя дрэвы былі там рэдкасцю, не было іх на бацькоўскім падвор'і. І вось на Спас мой прадзед Васіль прынёс у хату шэсць яблыкаў, асвяцілі іх у царкве і паклалі ў прыскрынак куфэрка, каб разносілі водар па ўсёй хаце. Гэты самы водар і давёў да бяды, бо малы Коля не ўтрымаўся перад спакусай і з'еў адразу ўсе шэсць пладоў.

Бяда не прымусіла сябе чакаць — праз некалькі гадзін адчуў хлопча болі ў жываце, і пацягнула яго на двор. А потым зноў і зноў. Гэта была крываўка — страшная па тых часах хвароба, бо якое тады магло быць лячэнне ў сялянскай хаце?

Павёз бацька адзінага сына ў бальніцу ў Косава (бліжэйшы горад), дзе 12 сутак ставілі яго на ногі. За лячэнне бацька заплаціў 60 злотых. Для сям'і гэта былі вялікія грошы, за іх можна было купіць паўтоны збожжа і жыць цэлы год. А так сын асудзіў сям'ю на голад... Як кажуць, бяда не прыходзіць адна — у марозную лютаўскую ноч згарэла іх хата з усім сціплым дабром, і прытулкам для сям'і стаў куток у хаце суседзяў. Каб пачаць новае жыццё, засеяць поле, прыйшлося жабраваць. Дзед казаў: «Якое гэта цяжкае слова — жабрак. Пакуль сам ім не станеш, напэўна, не зразумееш». І вось пасля аднаго такога паходу па вёсцы, калі чалавек аддаваў перадапошні акраец хлеба ці жменю збожжа, прадзед Васіль сказаў цвёрдае «Не!». Маўляў, больш не пайду па людзях, «Не магу, нажывём, зараблю — і вазьмуся за сваю хату». І ўзяўся, і сам пабудаваў!

Усё пазнаецца ў параўнанні. Найхутчэй людзі, якія сёння наракаюць на цяжкае жыццё, і не ведаюць, што такое сапраўдная бяда. А калі яна і сапраўдная, то найхутчэй прывялі да яе нашы памылкі, нашы «шэсць яблыкаў». Нездарма жартуюць людзі: «У мяне ўсё было б добра, калі б не... я». Не ведаю, як каму, але калі мне цяжка на сэрцы, стукае ў скроні тое «Не!» майго мудрага прадзеда, якое з жабрака ператварыла яго ў руплівага гаспадара. Усё ў нашых руках, таму ніколі іх нельга апускаць.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр

З'явіўся ён дзякуючы спонсарскай падтрымцы кампаніі Vіzor Games. 

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.