Вы тут

Раім схадзіць


Месяц польскай літаратуры, прэзентацыя праекта «Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы», канцэрт Lords of the Sound і выстава работ Пабла Пікаса – афіша «Звязды» з 14 па 20 лістапада. 


Музычнае шоу «Танга Буэнас-Айрэса»

Фота: argentina-travel-blog.sayhueque.com

Дзе: Цэнтральны Дом афіцэраў (вул. Чырвонаармейская, 3)

Калі: 16 лістапада, 19:00

Колькі каштуе: ад 29 р.

Музычнае шоу раскажа аб развіцці танга ў Буэнас-Айрэсе. Дзякуючы свайму музычнаму стылю, стылю ў адзежы і паводзінах, духу танца, майстэрству танцораў, пачуццёвасці і харызме «Танга Буэнас-Айрэса» было ўзнагароджана асацыяцыяй міжнародных крытыкаў Нью-Ёрка Latin Ace Awards 2015 тытулам «Лепшае музычнае шоу года». 


Месяц польскай літаратуры

Фота: skr.su

Дзе: Прэс-клуб (вул. В. Харужай, 3, офіс 601)

Калі: 17 лістапада, 19:00

Колькі каштуе: бясплатна

У гэты дзень адбудзецца прэзентацыя кнігі Малгажаты Шэйнэрт «Насыпаць горы. Палескія гісторыі» – літаратурнага факта пра беларускае Палессе.

Удзел у мерапрыемстве прымуць сама аўтарка і перакладчыцы Марыя Пушкіна і Алена Пятровіч.    


Прэзентацыя праекта «Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы»

Фота: marketing.by

Дзе: Палац мастацтва (вул. Казлова, 3)

Калі: 19 лістапада, 17:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Выданне «Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы» – гэта розныя напрамкі сучаснага дызайну і гісторыя матэрыяльнай культуры Беларусі пад адной вокладкай. Гэта ўнікальны беларускамоўны праект, які ўздымае праблему нацыянальнай ідэнтычнасці ў сферы дызайну. Больш за 500 старонак ілюстраванага матэрыялу з актуальнай інфармацыяй аб культурным здабытку беларусаў, знаходках сучасных айчынных дызайнераў.

Прэзентацыя адбудзецца 19 лістапада на пляцоўцы другога вядомага праекта Беларускага саюза дызайнераў – біенале «Пастулат».


Канцэрт Lords of the Sound

Дзе: КЗ Мінск (вул. Кастрычніцкая, 5)

Калі: 20 лістапада, 20:00

Колькі каштуе: ад 17.50 р.

20 лістапада аркестр Lords of the Sound выступіць у Мінску ў рамках сусветнага тура.

Гэты праект аб'ядноўвае разам таленавітых музыкантаў, якія выконваюць кампазіцыі сучасных аўтараў.

Lords of the Sound – на такую «сціплую» назву стваральнікаў натхніла кінатрылогія The Lord of the Rings (Уладар кольцаў). Музыканты кажуць, што імя калектыва адначасова з'яўляецца спасылкай да іх рэпертуара і своеасаблівым выклікам самім сабе.

Галоўная асаблівасць Lords of the Sound у тым, што іх выступленні – не проста музыка, а паўнавартаснае шоў, дзе кожная песня суправаджаецца ўнікальным відэашэрагам, светлавым прадстаўленнем і жывым вакалам.

Для Lords of the Sound гэта будзе першы візіт у Мінск, таму музыканты плануюць прадставіць беларускай публіцы ўсё лепшае са свайго рэпертуару. Аркестр выканае каверы на музычныя хіты ад Prodigy, Nirvana, Adele, Scorpions, Depeche Mode, The Beatles, Lana Del Ray, Michael Jackson, саўндтрэкі да такіх фільмаў, як «Вялікі Гецбі», «Інтэрстэлар», «Матрыца», «Тытанік», «Шэрлак Холмс», «50 адценняў шэрага» і інш.


Выстава «Вялікія класікі ХХ стагоддзя: Пабла Пікаса, Хуан Міро, Васіль Кандзінскі»

Фота: afisha.tut.by

Дзе: Дом карцін (пр-т Пераможцаў, 89/3)

Калі: па 11 снежня

Колькі каштуе: 10 р., студэнты і пенсіянеры – 7 р., школьнікі – 5 р.  

«Дом карцін» прывёз з-за мяжы больш за семдзесят графічных работ самых вядомых мастакоў, якія ўчынілі рэвалюцыю ў мастацтве, якія вызначылі аблічча і асноўныя плыні мадэрнізму, якія верылі, што мастацтва можа змяніць жыццё.

Мастацкая галерэя «Дом карцін» прадстаўляе выставу «Вялікія класікі ХХ стагоддзя» і работы Пабла Пікаса, Хуана Міро і Васіля Кандзінскага.

У рамках выставы запланаваны лекцыі, экскурсіі і творчыя майстэрні, якія дапамогуць гледачу пранікнуцца работамі вялікіх рэвалюцыянераў мастацтва ХХ стагоддзя.


Выстава «Factum Est Factum»

Фота: belartunion.by

Дзе: Палац мастацтва (вул. Казлова, 3)

Калі: па 20 лістапада, аўт. – нядз.: 11:00-19:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

На трыенале прадстаўлены культурны пласт, створаны за апошнія тры гады ў межах маштабнага конкурснага арт-праекта Беларускага саюза мастакоў.

У выставачнай экспазіцыі можна ўбачыць творы, выкананыя як у традыцыйных, так і эксперыментальных тэхніках, з выкарыстаннем разнастайных аўтарскіх тэхналогій і новых матэрыялаў розных напрамкаў мастацкага тэкстылю, керамікі, шкла, металу.

Выстава-конкурс «FACTUM EST FACTUM» падзелена на дзве катэгорыі: «Дэбют» і «Прафесіяналы». Журы, у склад якога ўваходзяць аўтарытэтныя мастацтвазнаўцы, вызначыць пераможцаў у намінацыях: «Дэбют», «Арт-аб'ект», «Новы погляд», «Традыцыя», «Інсталяцыя». Будуць і прызёры, якіх выберуць наведвальнікі выставы.


Выстава «Пастулат»

Фота: sway.com

Дзе: Палац мастацтва (вул. Казлова, 3)

Калі: па 20 лістапада, аўт. – нядз.: 11:00-19:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Ужо ў трэці раз адчыніла свае дзверы біенале «ПАСТУЛАТ». Куратарам праекта з'яўляецца старшыня Беларускага саюза дызайнераў і сябра Беларускага саюза мастакоў Дзмітрый Сурскі. Біенале праводзіцца сумеснымі намаганнямі абодвух роднасных творчых саюзаў. Свае работы прадставяць больш чым 100 удзельнікаў – дызайнераў, мастакоў, фатографаў, скульптараў Беларусі.  


Лекцыя «Зорныя навіны»

Фота: tck.tv

Дзе: Мінскі Планетарый (вул. Фрунзе, 2)

Калі: 19 і 26 лістапада, 20:00

Колькі каштуе: бясплатна

Па суботах у мінскім гарадскім планетарыі вас чакае займальнае падарожжа ў свет астраноміі ў межах цыкла лекцый «Зорныя навіны», дзе вы зможаце даведацца пра самыя свежыя навіны астраноміі за тыдзень. А гэта: падзеі, адкрыцці, з'явы ў космасе: на Сонцы, іншых планетах, галактыках. 


Выстава «Ментальныя дрэвы, гарады»

Фота: afisha.tut.by

Дзе: «Кніжная Шафа» (пр-т Дзяржынскага, 9)

Калі: па 19 лістапада, 10:00-20:00

Колькі каштуе: бясплатна

Кніжна-выставачная прастора «Кнiжная Шафа» прадстаўляе выставу канцэптуальнай фатаграфіі вядомага беларускага фотамастака Сяргея Кажамякіна — «Ментальныя дрэвы, гарады». Экспазіцыя ўяўляе сабой адаптаваны пад прастору фрагмент цыклу фотаздымкаў «Беларускі ментальны пейзаж».

Выстава складаецца з двух частак цыклу фотаздымкаў: «Ментальныя дрэвы» 2012 г. і «Сучасная кітайская архітэктура. (Ментальныя гарады)», 2012 г.

Абодва праекты непарыўна звязаны месцам і часам дзеяння. Парк імя 40-годдзя Кастрычніка і ўсе тыя перыпетыі, якія адбыліся з ім цягам апошніх гадоў, натхнілі аўтара на мноства эмацыйных, эстэтычных, інтэлектуальных, філасофскіх і сацыяльных перажыванняў, якія і сфармавалі цэлы шэраг разнастайных мастацкіх вобразаў.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.