Вы тут

Устаноўлена скульптура Божай Мацi «Знаменне» Лагойскай


Калi ўязджаць у Лагойск з боку сталiцы па Мiнскай вулiцы, то ў скверы каля скрыжавання дарог бачыцца велiчны помнiк — манумент Божай Мацi. Яна сустракае i вiтае гасцей горада, праводзiць тых, хто ад'язджае, жадае iм добрай дарогi.


Скульп­тар Ула­дзi­мiр СЛА­БОД­ЧЫ­КАЎ  ка­ля сва­ёй ра­бо­ты — ма­ну­мен­та  Бо­жай Ма­цi «Зна­мен­не» Ла­гой­скай.

Велiчны манумент iлюструе фiгуру Божай Мацi, якая нiбыта спусцiлася на зямлю, да людзей. Скульптура стаiць на звычайным прыродным каменi. Валун патрэбнага памеру i формы знайшлi ў суседнiм Вiлейскiм раёне. Аўтарам чатырохметровай бронзавай статуi Божай Мацi з'яўляецца знакамiты беларускi скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусi, загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў Уладзiмiр Слабодчыкаў. Перад iм стаяла складаная задача перанесцi вобраз Божай Мацi «Знаменне» Лагойскай з iконы ў аб'ёмныя скульптурныя формы. Як адзначыў Уладзiмiр Iванавiч падчас свайго выступлення на ўрачыстай цырымонii адкрыцця скульптуры, незвычайнай рысай кампазiцыi з'яўляецца тое, што на галаве ў Багародзiцы размяшчаецца карона. Гэты элемент рэдка сустракаецца на iконах.

Прылеглая тэрыторыя вакол скульптурнай кампазiцыi ўпарадкаваная: праект добра прадуманы i выкананы. Для рэалiзацыi задумкi многа часу i сiл аддала галоўны архiтэктар Лагойска Святлана Рыжанкова. Яна расказала:

— Мы доўга шукалi месца для манумента i потым прыйшлi для высновы, што ён павiнен стаяць менавiта на пагорку. Божая Мацi, па задуме, будзе аберагаць горад i ўсiх яго жыхароў. Пакроў абароны сiмвалiзуюць раскiнутыя ў бакi рукi Багародзiцы.

Пасля малiтвы скульптурны вобраз Божай Мацi асвяцiў епiскап Барысаўскi i Мар'iнагорскi Венiямiн i павiншаваў усiх лагайчан з гэтай падзеяй. У прамове ўладыка зазначыў:

— Мы глядзiм на выдатны вобраз Божай Мацi. Яна з'яўляецца лесвiцай духоўнай, якая злучае неба i зямлю. Рукi яе ўзнятыя, што сiмвалiзуе малiтву. Адзежа мае форму царскага ўбору — гэта значыць, Мацi Божая з'яўляецца царыцай неба i зямлi. Жоўтая карона вакол галавы паказвае на нябесную славу Прасвятой Багародзiцы i з'яўляецца знакам святасцi.

Старажытная iкона Божай Мацi «Знаменне» Лагойскай заўсёды была святыняй Свята-Мiкалаеўскай царквы горада. Гэта iкона здаўна лiчылася цудатворнай. Людзi прыходзiлi да яе са сваiмi бедамi, малiлiся, прасiлi дапамогi — i яна добрым людзям спрыяла. Цiкавая гiсторыя iконы. Яна, верагодна, з'явiлася ў Лагойску ў XVII стагоддзi. З тых часоў перажыла некалькi трагiчных момантаў: знiкла i лiчылася страчанай, была ў прыватнай калекцыi. У 1907 годзе адбыўся шматтысячны хрэсны ход з Мiнска ў Лагойск, i абраз урачыста вярнулi ў Свята-Мiкалаеўскую царкву. На жаль, за савецкiм часам, падчас ганенняў на рэлiгiю ў 1930-х гадах iкона iзноў знiкла. Застаецца спадзявацца, што ў будучынi яна вернецца ў Лагойск. А ў Свята-Мiкалаеўскiм храме Лагойска цяпер знаходзiцца ўшанаваны спiс цудатворнай iконы Божай Мацi.

Няма сумненняў, што i скульптура Божай Мацi з цягам часу стане сiмвалам Лагойска, яго вiзiтнай карткай, яшчэ адным знакавым месцам, куды будуць прыходзiць людзi i ў цяжкiя хвiлiны жыцця, i ў святочныя днi.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВIЧ

Загаловак у газеце: Абаранi ад усяго злога...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.