Вы тут

«Вогненныя вёскі. Нельга забыць»


Па звестках базы даных, размешчанай на сайце Нацыянальнага архіва Беларусі, на сённяшні дзень у гады Вялікай Айчыннай вайны было спалена з жыхарамі цалкам або часткова 9097 беларускіх населеных пунктаў. У гэтым журботным спісе ёсць і драгічынская вёска Сорацні. Амаль 80 гадоў мінула з тых часоў, але нічога не забылася — жыхары, якія выжылі ў той страшны дзень, успамінаюць падрабязнасці трагедыі. Гэта памяць, якая так проста не праходзіць, яна застаецца на ўсё жыццё...


Памяць ахвяр трагедыі спаленай вёскі ўвекавечана і на могілках —  там, дзе пахаваны бязвінна забітыя мірныя жыхары Сорацняў.

Вёска Сорацні знаходзіцца за 17 кіламетраў ад Драгічына, на самай мяжы з суседнім Іванаўскім раёнам. Да вайны каля вёскі праходзіла дарога або, як яе тады звалі, шлях. Гэтая дарога ішла з Янова (цяпер Іванава) праз суседнія Верамееўцы (цяпер Сычава) і Заверша на Бездзеж. Сёння яна ўжо не такая значная, як раней. За Сорацнямі дарога праходзіла праз лес — гэтая акалічнасць у вайну стала фатальнай для жыхароў вёскі. Неўзабаве пасля пачатку вайны ў тутэйшых лясах з'явіліся першыя партызаны з акружэнцаў, былых ваеннапалонных і мясцовых жыхароў. На лясной дарозе яны часта рабілі засады на нямецкія машыны. Гэтую тэрыторыю ў той час кантралявалі партызаны з атрада лейтэнанта Яўгена Макарэвіча, які загінуў у чэрвені 1943 года. Атраду прысвоілі імя загінулага камандзіра, камандаваць ім стаў Аляксей Сямёнаў. Немцы часта ездзілі па дарозе каля вёскі Сорацні — вазілі ў Янова спірт з Опаля. У Опалі, размешчаным за 11 кіламетраў ад Моталя, знаходзіўся спіртзавод, куды таксама часта наведваліся нацысты.

Хацелі дабіць жывых

Трагедыя ў Сорацнях здарылася не ў адзін дзень. Сведкі распавядаюць, што незадоўга да знішчэння вёскі праз Сорацні праехалі немцы на аўтамашынах, а ўслед ім раздаліся стрэлы. Немцы развярнуліся і паехалі назад у Сорацні. Інцыдэнт са стрэламі ў той дзень сур'ёзных наступстваў не меў.

Сведка трагедыі  Віктар Пратасевіч.

Аб тым, што там адбывалася, расказаў Віктар Лявонцьевіч Пратасевіч, які знаходзіўся тады ў вёсцы: «Немцы ехалі з Янова і ўжо праехалі Сорацні. У вёсцы знаходзіліся партызаны, якія стрэлілі гітлераўцам услед некалькі разоў, а затым схаваліся ў зарасцях дзікага вінаграду. Немцы вярнуліся, акружылі вёску, сагналі ўсіх жыхароў у цэнтр. Людзей сабралася нямала. Стаяла гармата, накіраваная на нашу хату. Яна стаяла пасярэдзіне сяла, каля возера. Маці ў акно зірнула і кажа: «Пойдзем і мы, а то яшчэ страляць пачнуць». Я з мамай і братам бацькі пайшлі туды. Мне была цікавая гармата, на яе ўсе глядзелі. Мама трымала мяне за руку. Усе стаялі і слухалі, што немцы казалі. Вёску тады не спалілі, толькі папярэдзілі, што калі яшчэ раз будуць па іх страляць, то прыедуць і ўсіх паб'юць. Пасля гэтага людзі сталі будаваць у лесе хаткі, пакрытыя мохам і верасам, ямы. Нярэдка ў іх начавалі. На другі раз вёску спалілі, людзей пабілі. На фурманках прыязджалі. Я тады ў лесе хаваўся, калі стала гарэць сяло. У хатах людзей забівалі. Засталася жывая пасля расстрэлу Пратасевіч Параскева, яе партызаны прывезлі ў лес. Я бачыў яе параненую. Жанчына потым расказвала, што немцы іх у хаце пабілі, а потым прыходзілі другі раз у хату і казалі: «Калі хто жывы, то адгукніцеся, мы вас выратуем». Але ніхто не адгукнуўся, яны хату падпалілі і пайшлі. Гэта яны жывых дабіць хацелі...».

Хаваліся ў «акопах»

Такія папярэджанні і карныя меры не маглі спыніць партызанскую вайну. Партызаны працягвалі выконваць свае задачы па барацьбе з ворагам. Немцы прымянялі метад калектыўнай адказнасці жыхароў блізкіх ад месца нападзенняў на машыны вёсак. Спальвалі і забівалі па стандартнай фашысцкай фармуліроўцы — за сувязь з партызанамі. Як лічылі гітлераўцы, знішчэнне вёсак разам з насельніцтвам павінна было навесці страх на жыхароў, пазбавіць партызан прадуктаў харчавання і падтрымкі. Аднак партызанскі рух толькі ўзмацняўся: пасля такіх трагедый мясцовыя жыхары ішлі ў партызанскія атрады і таксама змагаліся з ворагам.

Па сведчанні відавочцаў, падставай для крывавай расправы над жыхарамі Сорацняў стала засада партызан на нямецкія машыны, у выніку якой былі забітыя нямецкія салдаты. Месца партызанскай засады знаходзілася на лясной дарозе недалёка ад вёскі, таму вінаватымі зрабілі нявінных мірных жыхароў. Па ўспамінах людзей, партызаны папярэдзілі жыхароў аб тым, што немцы могуць прыехаць з Янова і спаліць вёску.

144 жыхары спаленай вёскі ўвекавечаны пайменна.

Жыхары і самі разумелі, што дабром гэта не скончыцца, і сталі прымаць меры. На ноч сем'ямі выязжалі ў лес і там заставаліся да самай раніцы. У многіх людзей былі выкапаны «акопы» — так мясцовыя жыхары называлі ямы ў зямлі, перакрытыя дошкамі і замаскіраваныя зверху дзірваном, зямлёй і лісцем. У гэтым сховішчы рабілі невялікі замаскіраваны лаз. У зацішных месцах — у лесе, на агародах і ў кустах — капалі замаскіраваныя сховішчы для сем'яў, каб схавацца пры з'яўленні карнікаў. Многіх жыхароў гэта выратавала ў той дзень: яны пераседзелі ў «акопах», але частку людзей гітлераўцы адшукалі, расстралялі і спалілі. У асноўным выратаваліся людзі, якія знаходзіліся ўначы ў лясах і «акопах» за вёскай.

Вярнуліся на папялішча

На досвітку 15 верасня 1943 года немцы акружылі вёску, якая неўзабаве ператварылася ў папялішча. Карная акцыя пачалася, калі яшчэ было цёмна, нацысты хацелі захапіць усіх жыхароў вёскі.

Мне ўдалося знайсці сведку гэтай крывавай бойні, які знаходзіўся ў тую раніцу ў акружанай вёсцы і цудам ацалеў. З успамінаў Васіля Іванавіча Куровіча, які цяпер жыве ў драгічынскай вёсцы Агдэмер: «У вайну мы жылі ў Сорацнях. Сям'я наша складалася з шасці чалавек. У той дзень мы былі ў акопе за Вавулічамі. Там і начавалі. Потым надакучыла сядзець і раніцай пайшлі мы з дзедам, Пётр яго звалі, у Сорацні дадому. Прыйшлі і не заўважылі, як вёску акружылі. Дзед пайшоў збожжа накрываць — у скрыні яно было закапана за агародам. У гэты час па нас пачалі страляць з кулямёта. Кулі свісталі. Руку дзеду параніла — шкрабанула і куртку прабіла куля. Сталі заганяць людзей, дзяцей — каго дзе схопяць — у хаты, там і забівалі. Дзед прыбег дадому, калі ўжо пачыналі гарэць хаты з боку Іванава. Схапіў мяне, і мы пабеглі на вуліцу. Уцякаць не было куды. Побач капуста расла. У разору мы з ім і ляглі. Мяне ён схаваў, сам побач лёг і лісцем капусты накрыўся. Дзед не даваў галаву паднімаць, але я ўсё бачыў і чуў. Што там пачалося! Людзей заганялі ў хаты і расстрэльвалі. Маладых мужчын на парозе стралялі, жанчын і дзяцей у хаце забівалі. Наша хата гарэла. Куры «лендзянелі», свінні крычалі, каровы раўлі... За два метры ад мяне адзін немец злавіў свінню. Другі каня лавіў, па-нямецку крычаў «хальт, хальт». На шчасце, нас не ўбачылі ў капусце. Усё гарэла, ад хаты жар ішоў. Дзед бачыў, што няма спасу тут ніякага, схапіў мяне за руку, і мы паўзком па канюшыне рухаліся. За канюшынай былі могілкі — думалі там перачакаць. Падпаўзаем, а там немец стаіць. Мы яго не бачылі, калі паўзлі. А ён стаіць з аўтаматам і глядзіць на нас. Нічога не сказаў, толькі рукой махнуў — паказаў, куды ісці. Відаць, шкада яму нас стала — можа, у самога дзеці былі. Так мы і выратаваліся. Некалькі хат да лесу не спалілі. Вярнуліся пасля на папялішча...»

Васіль Куровіч — адзін з тых, каму пашчасціла выжыць.

Цяжка без хвалявання слухаць гэтыя ўспаміны. Карнікі забівалі ўсіх, хто трапіў ім на вочы, нават нягледзячы на тое, што гэта былі жанчыны і маленькія дзеці. Выратаваліся ў асноўным тыя, хто начаваў у лесе, але засталіся жывымі і некаторыя жыхары, якія ў той жудасны дзень былі ў вёсцы. Аб тым, як выратаваліся яго бацькі, расказаў Іван Лукіч Федзюковіч: «Партызаны людзей папярэдзілі, што ў гэтыя тры дні немцы прыедуць з Іванава паліць Сорацні. На дарозе каля Сорацняў партызаны засаду зрабілі. Два дні мы выязджалі з фурманкай у лес і там начавалі, а на трэці дзень бацькі ў хаце засталіся. Я быў у лесе. Немцы акружылі вёску. У нас калодзеж быў, зруб драўляны. Каля калодзежа зрабілі акоп, замаскіравалі яго дзірваном і травой. Зверху ходу не было — толькі збоку. Там бацькі схаваліся — так і выратаваліся».

«Вёз ужо яе хаваць, але раптам пачуў, што дыхае, што жывая»

Гісторыю выратавання Праскоўі Андрэеўны Пратасевіч, якое інакш як цудам не назавеш, цяпер у Сорацнях ведаюць усе і распавядаюць ужо, як легенду. Яе дачка Кацярына Фадзееўна Пратасевіч, жыхарка Сорацняў, расказала, як гэта было: «У тую ноч шмат людзей з вёскі не паехала ў лес хавацца: ужо восень была, ноччу холадна — які сон на возе? Толькі развіднела, як немцы акружылі вёску. Ніхто не паспеў сысці. У нас быў «акоп». Калі б толькі свае схаваліся, то засталіся б жывыя, а так з другіх хат да нас пайшлі хавацца, а немцы іх убачылі ды выгналі ўсіх. Маці і бацька Васі Куровіча там былі, а ён сам з дзедам у капусце ляжаў. «Акоп» быў таемны, але немцы заўважылі, што там хаваюцца людзі, і падышлі. Кажуць па-руску: «Вылазьце, да шэфа вас павяду на разбор справы». Загналі ўсіх у нашу хату. Маму звалі Праскоўя, яна ў хаце была. Загналі ўсіх, а там стаяў немец з аўтаматам — ён усіх і біў. Маму маю ранілі — дзевяць куль прайшлі праз яе. Аднак змагла, як карнікі сышлі, у «акоп» запаўзці. Калі пасля трагедыі ў вёску прыехалі партызаны, брат мамы Пётр знайшоў яе параненую і павёз у атрад. Думалі, што яна мёртвая. Дзядзька вёз ужо яе хаваць, але раптам пачуў, што мама дыхае, што жывая».

Праз Праскоўю Пратасевіч прайшло дзевяць куль: адна — праз руку, другая — праз грудзі, астатнія зверху выйшлі: у раёне вуха і праз рот. Нягледзячы на гэта, жанчына вылечылася і пасля доўга жыла. Прастрэленую кулямі, шчаслівую світку, яна доўга захоўвала ў сваёй хаце.

Кацярына Пратасевіч, дачка Праскоўі Пратасевіч, якая, нягледзячы на дзевяць куль, што прайшлі праз яе цела,  засталася жывая.

«У кожнай хаце людзей забівалі, а потым дамы палілі, — распавяла Кацярына Пратасевіч. — Адзін немец ішоў, на тычку надзеў факел і падпальваў — стрэхі саламяныя былі і адразу загараліся. Другі адрыны падпальваў. Удзельнічалі ва ўсім гэтым і паліцаі. Яшчэ адна сястра мая стрыечная засталася жывая: кулі прайшлі скрозь каўнер яе кофты. Калі карнікі абыходзілі хаты — глядзелі, ці ўсіх забілі, — яна вылезла праз акно. А там калодзеж стаяў блізка, драўляны зруб. Яна залезла ў калодзеж і сядзела там, пакуль людзі з лесу не прыйшлі. Я была ў той дзень у «акопе» на полі. Сяброўка прыйшла і кажа маме: «Адпусціце Кацю са мной у акоп». Маці пытае: «А там месца ёсць?». Яна кажа: «Ёсць». Я пайшла з ёй, а яны засталіся ў вёсцы. З «акопа» мы ў Верамееўскі лес пабеглі і адтуль бачылі, як немцы гналі кароў. Спачатку каровы ішлі, потым авечкі, гусі. У канцы коні ішлі, прывязаныя адзін да аднаго. Сваіх родных, якія загінулі, пахавалі на могілках. У скрыню сабралі ўсё, што ад іх засталося, і дзевяць чалавек пахавалі. Сяло было вялікае — хата на хаце, дзяцей шмат. Многа сірот засталося...».

У кожнага свой лёс

Як усё дзіўна і загадкава бывае ў нашым жыцці. Адных людзей лёс памілаваў — яны засталіся жыць насуперак усяму. Другія назаўжды засталіся ў вогненнай вёсцы. Як часам лёс бывае жорсткі да адных людзей і як шчасліва паварочваецца да другіх.

Час няўмольна ідзе далей, ужо мала засталося сведак гэтай трагедыі. Жыхарка вёскі Ніна Аляксандраўна Максімовіч дагэтуль у падрабязнасцях памятае падзеі таго дня: «З суседняга сяла Веремееўцы адзін стары, Чумак, дзесьці даведаўся, што Сорацні будуць паліць, і нам сказаў. Тады ўсе выехалі на ноч у лес, але немцы не прыехалі. Той ноччу не прыехалі, а на другую прыехалі і акружылі сяло. Каго знаходзілі ў хаце, таго забівалі, хаты палілі. Мы з мамай жылі. Я ёй кажу: «Пайшлі і сёння ў «акоп». А яна кажа: «Ты ідзі, а я ў поле пайду». Я пайшла ў лес. Мама накіравалася да суседкі Праскоўі Пратасевіч, а яна ёй кажа: «Чаго ты пойдзеш мучыцца ў той «акоп». Завошта нас немцы будуць біць? Пастаўкі мы выканалі, дзяцей у Нямеччыну забралі. А калі немцы прыедуць, то пойдзем у наш «акоп». У іх быў у агародзе вялікі «акоп» выкапаны. Вось і пайшла маці да іх. Калі немцы прыйшлі, у гэтым «акопе» схаваліся ўсе сваякі: Фадзей, Праскоўя, сёстры Ніна, Оля, дзед Пётр... І мая мама туды трапіла. 12 душ у «акоп» схаваліся. Немцы ўбачылі іх і ўсіх загналі ў хату. Усіх пастралялі. Дзяўчынка 1925 года нараджэння — Максімовіч Пелагея — засталася жывая. Яна была ў пінжаку, так ён увесь пасечаны кулямі быў, але ў яе не трапіла. Калі карнікі выйшлі, яна вылезла праз акно, скінула пінжак і залезла ў калодзеж. Ведала, што ў калодзежы мала вады было. Знаходзілася там, пакуль людзі з лесу не прыйшлі. Яна стала крычаць, і яе выцягнулі з калодзежа. Праскоўя Пратасевіч параненая была, змагла выпаўзці з хаты і запаўзла ў «акоп». Дзевяць куль па ёй выпусцілі, а яна жывая засталася. Наша хата не згарэла, але я засталася адна...».

Нам патрэбна гэта памяць

Так загінула вёска, у якой да вайны было 83 хаты і пражывалі 317 чалавек. Па апошніх даных, у агні загінулі 144 чалавекі, больш як палова з іх — дзеці. Пасля адыходу карнікаў ад вёскі заставаліся чорныя галавешкі ад спаленых хат ды пячныя коміны. Хавалі загінулых на могілках не ў адну брацкую магілу, а асобна — кожная сям'я сваіх. Цяпер гэтыя магілы са сціплымі бетоннымі помнікамі, усталяванымі пасля вайны, знаходзяцца на мясцовых могілках.

У Ніны Максімовіч  у агні загінулі ўсе родныя.

Ужо ў наш час з'явілася магчымасць увекавечыць у Сорацнях памяць аб сваіх нявінна забітых і спаленых земляках. І хоць у цэнтры вёскі стаіць помнік усім жыхарам, загінулым ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941—1945 гадах, у тым ліку тым, хто ваяваў на фронце і ў партызанах, але палічылі, што памяць аб трагедыі спаленай вёскі павінна быць ушанаваная на могілках — там, дзе пахаваны нявінныя мірныя жыхары. Гэта ідэя знайшла водгук у душы неабыякавы людзей — у выніку быў выкананы праект скульптурнай кампазіцыі з дрэва.

Як расказала Людміла Карнеева, каардынатар гуманітарнага праекта «Вёска, якая не павінна знікнуць», ініцыятарам увекавечання трагедыі ў Сорацнях выступіла грамадскае аб'яднанне «Тур». Ідэю падтрымала і дапамагло ажыццявіць кіраўніцтва Драгічынскага райвыканкама. Была праведзена вялікая работа: супаставіўшы і прааналізаваўшы ўспаміны жыхароў са спісамі з архіва і кнігі «Памяць», удалося дакладна выявіць прозвішчы 144 загінулых землякоў. У рабоце па рэалізацыі праекта прынялі ўдзел мясцовыя жыхары, шматлікія энтузіясты, валанцёры БРСМ, ваенна-патрыятычны клуб «Перасвет». У выніку атрымалася скульптурная кампазіцыя, у якой, па задуме аўтараў, ушанаваны тры пакаленні жыхароў спаленай вёскі.

Помнік усім жыхарам вёскі Сорацні, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вядомыя беларускія разьбяры па дрэве Анатоль Туркоў з Камянца, Уладзімір Чыквін з Кобрына і Мікалай Скляр з Гродна выканалі скульптуры з дрэва. Для сваіх твораў мастакі выбралі дуб — дрэва моцнае і прыгожае. У цэнтры кампазіцыі стаіць маці з немаўляткам на руках, а па баках — хлопчык з дзяўчынкай і дзядуля. Побач усталявана мемарыяльная дошка, на якой напісаны імёны ахвяр трагедыі. Таксама тут размешчаны ўспаміны мясцовых жыхароў, якія цудам засталіся жывымі ў той дзень. Няма апраўдання таму генацыду, які праводзілі нацысты на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Няма на карце нашай краіны такога месца, дзе б не было спаленых вёсак, забойстваў мірных жыхароў і не лілася кроў.

Вёска Сорацні паля вайны аднавілася. У дзень памяці — 15 верасня — на мясцовых могілках звычайна праходзіць жалобны мітынг-рэквіем па загінулых у той дзень жыхарах. Святар чытае малітву, выступаюць людзі — просяць Бога не дапусціць больш такой трагедыі, з надзеяй, што так і будзе. Але зноў у розных месцах планеты працягваюцца ваенныя канфлікты, у якіх л'ецца кроў і гінуць мірныя людзі. Не ўсіх гісторыя навучыла, не ўсе зрабілі высновы з гэтага нацысцкага генацыду. Беларусы — адны з нямногіх, хто захоўвае памяць аб тых страшных падзеях. Вельмі глыбока кранаюць душу словы, напісаныя на мемарыяльнай дошцы каля спісаў ахвяр: «Мы раслі б, каханымі былі б, бацькамі былі б, дзядамі былі б, мы жылі б...».

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ


Пра­ект ство­ра­ны пры фі­нан­са­вай пад­трым­цы ў ад­па­вед­нас­ці з Ука­зам Прэ­зі­дэн­та № 131 ад 31 са­ка­ві­ка 2022 го­да.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».