Вы тут

Стартавала дзявятая беларуская антарктычная экспедыцыя


Палярнікі сустрэліся з грамадскасцю, каб расказаць пра досвед мінулых экспедыцый і ва ўрачыстай абстаноўцы пачаць чарговую. Сёлета навуковая супольнасць краіны адзначае юбілей — ужо дзесяць гадоў Беларусь вядзе рэгулярныя навуковыя і экспедыцыйныя даследаванні ў Антарктыцы. Якія планы навукоўцаў на бліжэйшыя гады і што будзе зроблена непасрэдна падчас экспедыцыі?


— Пачнецца рэалізацыя дзяржаўнай праграмы палярных даследаванняў на 2016—2020 гады, — расказаў начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей ГАЙДАШОЎ. — У адрозненне ад папярэдніх дзвюх праграм, мы паставілі вельмі амбіцыйныя мэты, дасягнуць якіх разлічваем ужо напрыканцы пяцігодкі. Па-першае, плануецца завяршыць будаўніцтва першай чаргі Беларускай антарктычнай станцыі. Па-другое, мы будзем падаваць заяўку на атрыманне статусу кансультатыўнага боку Дамовы аб Антарктыцы. Па-трэцяе, збіраемся ўпершыню правесці зімовачныя круглагадовыя мерапрыемствы ў 2019—2020 або ў 2020—2021 гадах. Безумоўна, будзе рэалізоўвацца і новая навуковая праграма, якая складаецца з даследаванняў па пяці кірунках.

Удзельнікі дзявятай беларускай антарктычнай экспедыцыі адправяцца на самы паўднёвы кантынент у лістападзе, вяртанне запланавана на май. У складзе каманды шэсць спецыялістаў: начальнік Аляксей Гайдашоў, інжынер-эколаг Юрый Гігіняк, інжынер-механік Аляксей Захватаў, механік па эксплуатацыі калёсных і гусенічных машын Ігар Зміеўскі, электраманцёр Пётр Папаламаў, інжынер-радыёметрыст Вадзім Свідзінскі. Трое з іх пабачаць Антарктыду ўпершыню. Галоўнай задачай палярнікаў стане мантаж платформы і першай секцыі (санітарна-гігіенічнага прызначэння) ужо другога аб'екта Беларускай антарктычнай станцыі.

— Наяўнасць станцыі ў Антарктыдзе — гэта не проста сімвал, не іміджавы момант, — падкрэсліў Аляксей Гайдашоў. — Гэта выключна практычная неабходнасць. Акрамя таго, статус кансультатыўнага боку Дагавора аб Антарктыцы, якога мы дабіваемся, прадугледжвае наяўнасць пэўнага апорнага пункту для даследаванняў. Калі казаць пра навуковую дзейнасць, то нашы спецыялісты будуць вывучаць аэразольны і газавы склад атмасферы, азонавы слой, геафізіку, біялогію і мікрабіялогію.

Ужо трэці раз у Антарктыду ў складзе беларускай экспедыцыі адправіцца вядучы навуковы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Юрый Гігіняк — ён ужо быў на «белым кантыненце» падчас сезонаў 2010—2011 і 2013—2014 гадоў, а таксама першым з беларускіх біёлагаў аказаўся там яшчэ ў 1970 годзе! Цяпер навукоўцу 71 год, але мара зноў пабачыць вечныя льды стала рэальнасцю.

— Безумоўна, я вельмі рады, што прыму ўдзел у чарговай экспедыцыі, бо адношуся да тых людзей, што ў Антарктыдзе «нарадзіліся», — усміхаецца Юрый Гігіняк. — Але справа, вядома, не ў эмоцыях, а ў навуковым інтарэсе. Я буду праводзіць вельмі цікавыя і важныя для нашай навукі біялагічныя даследаванні. Марскія, прэснаводныя і наземныя экасістэмы, імхі і лішайнікі — усё гэта ў цэнтры нашай увагі. Будзем вывучаць уплыў тэмпературы і ўльтрафіялету на розныя віды, шукаць новыя спосабы прымянення мясцовай расліннасці. Акрамя таго, ёсць у мяне і пэўная роля па перадачы вопыту маладым навукоўцам — трэба паказаць ім, што гэта не адпачынак, а сур'ёзная праца з небяспекай для жыцця. Шкада, што гэтым разам мы прабудзем там няшмат часу — каля трох месяцаў, але, спадзяюся, наша работа дазволіць удзельнікам наступных экспедыцый заставацца ў Антарктыдзе на зімоўкі.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Не імідж, а практычная неабходнасць

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.