Вы тут

Самы важны дзень у жыцці


Восеньскае лірычнае.

Восень — пара вяселляў. Можа, гэта і не канстатацыя факта, а ўсяго толькі стэрэатып мыслення і, так бы мовіць, сезонны штамп, але што з ім зробіш? Нават калі ты чвэрць стагоддзя знаходзішся ў шлюбе, восенню табе таксама думаецца пра вяселле. Дакладней, пра вяселлі. Пра ўсе вяселлі разам, адначасова. Яны ж, які б ні быў сезон, на вочы не-не ды і трапляюць. І што тады?..


Я не ведаю, якія думкі ўзнікаюць у іншых назіральнікаў за чужымі самымі важнымі днямі ў жыцці, а ў мяне кожны позірк на шчаслівую маладую пару суправаджаецца нечым такім, што апісаць немагчыма. Але я паспрабую.

Кожны раз, калі назіраеш за вяселлем, адчуваеш сябе замяшанай у ім. Быццам цябе асабіста прызначылі адказнай за лёсы ўсіх маладых у свеце. За шчаслівыя лёсы. І табе жыццёва неабходна, каб ніводная з пар не пасварылася праз месяц, не расчаравалася праз год і не думала пра расстанне ўвогуле. Як, скажы, табе гэта зрабіць? Якімі душэўнымі намаганнямі здзейсніць? Якімі крыламі абараніць усіх? Якую ахвяру прынесці?..

Ты глядзіш на жаніха і нявесту, якія перакананы ў тым, што цяпер яны адно цэлае, якіх запэўніла ў гэтым выдадзенае ў загсе пасведчанне, якіх з усіх бакоў наперабой называюць ужо сям'ёй — і не бачыш, як ні стараешся, ні гэтага адзінага цэлага, ні, тым больш, сям'і. Перад вачыма на фоне чалавечай разнастайнасці — проста два прыгожыя стварэнні, якія толькі што, атрымліваючы згаданае пасведчанне, падпісаліся абараняць адно аднаго ад нягод. Табе здаецца, што варта выпусціць іх з-пад увагі — і яны пасварацца, пасля расчаруюцца, пасля пачнуць разважаць пра расстанне. Канечне, ты выпускаеш іх з-пад увагі — яе ім хапае і без цябе. І вось мінае час — яны ўжо сварацца. Нехта ўжо і расчараваўся. Некоторыя думаюць пра расстанне.

І табе, каб пазбавіцца пачуцця асабістай віны за іх сваркі і расчараванні, застаецца толькі распасцерці крылы над тым адзіным, за што ты па-сапраўднаму адказная, — бараніць ад сварак і расстання СВАЁ. Бо ты ўжо ведаеш вагу кожнай сваркі, сто разоў прымярала расчараванне і кожны раз спыняла выбар на надзеі, бо расстання для цябе (можа, адзінай такой у свеце) не існуе.

Ты, канечне, добра памятаеш, калі вы сталі сям'ёй. Не раней, чым тады, калі ён нарэшце склеіў знешнюю рамку тваіх самых любімых пяльцаў (праз пяць гадоў пасля іх паломкі) і роўна ў той дзень, калі ты, стаміўшыся чакаць, выкінула ў смецце... рамку ўнутраную — як ужо непатрэбную. Але ты распасцерла крылы і сказала яму ахвярнае «дзякуй».

Сем'і, ты ведаеш, не спускаюцца з ганка загса ў акружэнні сяброў і кветак. Але яны ўзыходзяць, бывае, на гэты ганак, каб спусціцца чужымі людзьмі. Скажаш, яны і былі чужымі? Хто ведае? Можа, проста не было ў яе любімых пяльцаў?

Святлана Дзянісава, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.