У нас пакуль што не прыжылася традыцыя вырашаць тыя цi iншыя праблемы разам з псiхолагам. Беларусы збольшага прызвычаiлiся цярпець — хiба самым блiзкiм паскардзяцца, а вось па дапамогу да спецыялiстаў звяртаюцца, калi, што называецца, ужо зусiм край... Мiж тым, боль у душы — такi ж самы непарадак, як боль цялесны, i трэба не цярпець, а высвятляць яго прычыны i шукаць спосабы пазбаўлення, сцвярджаюць стваральнiкi першага ў Беларусi тэлевiзiйнага псiхалагiчнага рэалiцi «Усё складзецца».
Першыя выпускi выйшлi на АНТ яшчэ ў чэрвенi, а ў кастрычнiку стартаваў новы сезон. I, трэба адзначыць, пасля працяглых летнiх канiкулаў цiкавасць гледачоў да праграмы не зменшылася, а колькасць ахвотных паўдзельнiчаць у ёй перавалiла за 90.
Наколькi вынiковай аказваецца тэрапiя пад прыцэлам мноства тэлекамер, хто гатовы адкрыта гаварыць пра свае праблемы на ўсю краiну, i як адгукаюцца гэтыя словы ў далейшым жыццi, «Звяздзе» расказалi сцэнарыст, рэдактар i сувядучая праграмы Мiранiка МАРТ i прадзюсар праекта Валерыя ЛЯДЗЯЕВА.
— Многiя замежнiкi адзначаюць, што беларусы — даволi закрытыя людзi, i ў нас не прынята несцi свае праблемы да псiхолага. Адкуль жа бяруцца людзi, гатовыя раскрыць душу перад усёй краiнай, i цi многа iх наогул?
— Гэта сапраўды так, — пагаджаецца Мiранiка Март, — у Беларусi толькi-толькi пачынае развiвацца культура звароту да псiхолага. Многiя ж церпяць да той пары, пакуль не робiцца невыносна, i нават тады не ўпэўнены: прыйсцi да псiхолага — гэта вельмi сорамна або не? Але недахопу ў героях у нас няма — пасля першых жа эфiраў паступiлi дзясяткi заявак, у тым лiку i з-за межаў Беларусi — з Расii, Польшчы; прычым для многiх людзей гэта лiтаральна апошнi шанц. Мы заўжды зыходзiм з прынцыпу «не нашкодзь», таму папярэдне праводзiм дастаткова вялiкую работу з кожным патэнцыйным удзельнiкам праграмы — у некаторых з iх знiкае патрэба ў сеансе, бо яшчэ на стадыi гутаркі чалавек знайшоў выйсце; у iншых, наадварот, аказваецца настолькi складаны выпадак, што публiчнасць яму толькi пашкодзiла б, бо тут патрэбны шэраг кансультацый тэт-а-тэт.
Спектр праблем, з якiмi людзi звяртаюцца ў праграму, самы шырокi: немагчымасць наладзiць асабiстае жыццё, застарэлы боль ад страты блiзкага чалавека, павышаны ўзровень агрэсiўнасцi ў стасунках з навакольнымi, непрыняцце ўласнага цела, здрада каханага, «комплекс ахвяры» цi адчуванне сябе няўдачнiкам — словам, многiя з нас, пры жаданнi, змогуць пазнаць у героях сябе. А потым — зноў жа, пры жаданнi — для вяртання ўнутранай гармонii скарыстацца метадамi, якiя прапануюць прафесiяналы.
Часам выйсце з невырашальнай сiтуацыi аказваецца настолькi простым, што многiм не верыцца. «Ведаеце, гэта як з электрычнай разеткай: калi засунуць у яе пальцы, цябе гарантавана б'е токам. Некаторыя людзi спрабуюць вывучаць прыроду тока, iншыя бачаць у кожнай разетцы кармiчнае пакаранне... А трэба ўсяго толькi перастаць засоўваць у яе пальцы!»
— Безумоўна, мы не займаемся хваробамi, якiя мусiць лячыць псiхiятрыя, а працуем са звычайнымi людзьмi, у якiх здарылiся пэўныя перакосы i з-за гэтага пагоршылася якасць жыцця, — зазначае Мiранiка Март. — Напрыклад, паводле тэорыi сямейных расстановак, на лёс чалавека ўплываюць папярэднiя пакаленнi, i многiя нашы цяжкасцi звязаны з траўмамi, перанесенымi ў мiнулым, таму для вырашэння праблем трэба перанесцiся зноў у гэта мiнулае i расставiць усё па належных месцах. Яшчэ адзiн важны момант, чаму мы вучым людзей (i вучымся самi па ходу работы), — адэкватна назваць свае эмоцыi, не саромецца, а прыняць iх. Часта героi даведваюцца аб сабе даволi непрыемныя рэчы, аднак уласцiвасць лекаў — быць горкiмi, i гэта трэба перажыць. Дарэчы, самi здымкi ўзмацняюць тэрапеўтычны эфект, чалавек пражывае сiтуацыю некалькi разоў: спачатку, калi прыходзiць да нас на папярэдняе iнтэрв'ю, дзе збiраецца падрабязны «анамнез» i складаецца стратэгiя работы, потым непасрэдна падчас здымак i стасункаў з псiхолагам i трэцi раз — калi глядзiць праграму ў эфiры.
Сеанс работы герояў з псiхолагам доўжыцца больш за гадзiну, а ў эфiры застаецца ўсяго 15-20 хвiлiн — тэлевiзiйны фармат абавязвае. Рэдактар «выразае», як правiла, працэс настройкi, глыбока iнтымныя рэчы з жыцця героя, а таксама тэхнiчныя моманты, цiкавыя толькi прафесiяналам. Аднак самыя яркiя эмоцыi ўдзельнiкаў i сутнасць праблемнай сiтуацыi, безумоўна, застаюцца ў праграме. Акрамя таго, употай ад герояў аўтары шукаюць адсутныя элементы «пазла» душэўнай раўнавагi; скажам, камусьцi вельмi не хапае бацькоўскай любовi i проста пахвалы — i тэлевiзiйнiкi запiсваюць сюжэт, у якiм бацькi цi iншыя блiзкiя людзi гавораць гэтыя важныя рэчы.
«Няма паняцця «праблема», ёсць успрыманне жыцця як праблемы, — мяркуе вядучы праекта, псiхолаг Канстанцiн Даўлатаў. — Трэба проста зразумець, з якога боку ты глядзiш на рэчы».
— Наколькi ўдаецца прытрымлiвацца сцэнарыя — цi ўся работа заснавана на iмправiзацыi i залежыць ад паводзiн героя?
— Да пачатку здымак ёсць гiпотэзы развiцця сiтуацыi, iх ад трох да пяцi, i па якой лiнii мы пойдзем, абсалютна невядома, бо гэта залежыць ад тэрапii, ад таго, як будзе на яе рэагаваць клiент, — тлумачыць прадзюсар Валерыя Лядзяева. — Праект атрымлiваецца неймаверна жывы, i ў гэтым яго асаблiвае хараство: мы ў рэжыме рэальнага часу назiраем за трансфармацыяй чалавека, спачуваем яму. Для сябе я зразумела, што шлях паказваецца кожнаму, але не кожны гатовы яго прыняць: ёсць людзi, якiм прасцей працягваць рухацца па наезджанай каляiне, чым змянiць штосьцi ў жыццi. Будаваць нешта новае — для гэтага трэба мець унутраную сталасць, смеласць i запас сiл, каб не збегчы ў апошнi момант.
— Наш праект — не «У гасцях у казкi», — дадае Мiранiка Март, — i няма такога, што прыйшоў чараўнiк i зрабiў усё за вас. Чалавеку неабходна працаваць са сваiмi перажываннямi самому, i прытым выразна ўсведамляць, якой мэты ён хоча дасягнуць i як шмат давядзецца для гэтага зрабiць.
— Цi сочыце вы за лёсам герояў пасля праграмы i якiя водгукi ад iх атрымлiваеце?
— Так, мы падтрымлiваем зваротную сувязь i сочым, як уплывае на iх лёс узрушэнне, якое адбылося падчас сеансу работы з псiхолагам. Большасць адчуваюць зрухi да лепшага i шчыра дзякуюць нам. Многiх «накрывае» ўжо на праграме — відаць, як змяняецца постаць чалавека, выраз твару, нават стан скуры! А некаторых як быццам чуе космас i дае менавiта тое, чаго яны просяць: так, адна наша гераiня на працягу 6 гадоў пасля разводу з мужам працягвала жыць з iм i трыма дзецьмi ў адной кватэры, бо не было куды з'ехаць, цярпела яго тыранiю i не бачыла выйсця з тупiка, хоць бясконца вучылася, у тым лiку прайшла шэраг псiхалагiчных трэнiнгаў. Што б вы думалi — праз тыдзень пасля здымак яна напiсала мне: «Павiншуй, я шчаслiвая ўладальнiца 2-пакаёўкi, здзелка адбылася!» — цытуе прадзюсар урыўкi з перапiскi, — знайшоўся пакупнiк, гатовы пагасiць крэдыт, дачакацца завяршэння ўсiх папяровых працэдур, i ў гэтай зацягнутай гiсторыi нарэшце з'явiлася тлустая кропка.
«Дазволiць сабе адчуць i перажыць эмоцыi вельмi важна. Адна з нашых гераiнь пакутавала ад таго, што некалi яе, цяжарную, кiнуў каханы i завёў адносiны з суседкай. Яна доўга моўчкi ўсё гэта назiрала. Канстанцiн Даўлатаў прапанаваў: уявi, што перад табой сядзiць былы каханы, i скажы, што ты адчуваеш. Дзяўчына ўважлiва паглядзела на пустое крэсла i выдала: «Фёдар, ты казёл!» Мы ўсе лiтаральна спаўзлi на падлогу — а дзяўчына прызналася, што ёй стала значна лягчэй, нават дыхаецца па-iншаму».
У прафесiйным асяродку праект успрынялi неадназначна: адны псiхолагi яго стрымана хваляць, другiя, пераважна псiхатэрапеўты, для якiх кожная сустрэча з клiентам — гэта грошы, вiдавочна раўнуюць... «Не, у нас з Канстанцiнам Даўлатавым гэтай рэўнасцi няма, бо мы робiм адну справу, проста адказваем за розныя яе ўчасткi, — усмiхаецца ў адказ на маё пытанне Мiранiка Март, таксама псiхолаг па адукацыi. — Наадварот, мне заўжды цiкава зразумець, чаму ён абраў менавiта такi спосаб, каб раскрыць глыбiнную сутнасць чалавека. I ў нашым дыялогу Канстанцiн якраз раскрывае мне i гледачам некаторыя нюансы».
Патрэба ў псiхалагiчных тэлекансультацыях, здаецца, немалая: на гэты момант у «лiсце чакання» на ўдзел у праграме каля 70 заявак, прычым многiя пiшуць не ўпершыню. «Мы знялi ўжо 3 сезоны рэалiцi (у кожным сезоне па 6 выпускаў), неўзабаве прыступiм да чацвёртага. Наогул «Усё складзецца» будзе ў эфiры АНТ як мiнiмум да канца мая», — дзелiцца планамi Валерыя Лядзяева.
Даведка «Звязды»
«Усё складзецца» — тэлевiзiйнае псiхалагiчнае рэалiцi, гэта значыць у праграме няма пастановачных здымак: толькi рэальныя людзi, толькi сапраўдныя гiсторыi i натуральныя эмоцыi. Стваральнiкi адмыслова адкiнулi частку «шоу», бо ў праграмы нi ў якiм выпадку не забаўляльны, хутчэй, асветнiцкi кiрунак.
На «ценявым баку» студыi героi разам з псiхолагам, псiхатэрапеўтам, кандыдатам псiхалагiчных навук Канстанцiнам Даўлатавым крок за крокам аналiзуюць прычыны сваiх няўдач, а на «светлым баку» дзеляцца з сувядучай праекта Мiранiкай Март уражаннямi ад праведзенай работы. «Мы iмкнёмся паказаць у эфiры механiзмы рашэння даволi частых праблем, абумоўленых распаўсюджанымi стэрэатыпамi мыслення, а таксама прадэманстраваць працэс трансфармацыi героя на гэтым шляху», — тлумачаць аўтары праекта.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Фота прадакшн-студыі «MediaCube»
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?