Вы тут

Усе дарогі вядуць у... Мір


Вось ужо пяць гадоў прайшло, як Мірскі замак змяніў статус: замест звання філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь стаў самастойным замкавым комплексам. Увесь гэты час установай кіруе кандыдат гістарычных навук Вольга ПАПКО. Пад яе пільным кіраўніцтвам было зладжана мноства адметных выставак, арганізавана канферэнцый, рэалізавана выдавецкіх праектаў. Не пакідае Вольга Мікалаеўна і ўласнай даследчыцкай работы, працуе ў архівах, выступае з публікацыямі ў друку. З ёй мы гутарым пра азарт навукоўца, містыку Мірскага замка і важнасць работы ў камандзе.


— Вольга Мікалаеўна, за пяць гадоў самастойнасці замкавага комплексу «Мір» змянілася шмат. Якія самыя яркія навуковыя поспехі музея можаце вылучыць?

— Наш замкавы комплекс паступова ператвараецца ў навукова-даследчую ўстанову, хоць пакуль афіцыйна такога статусу не мае. Але паколькі ў нас няма адмыслоўцаў па ўсіх кірунках — а ў музеі захоўваецца і калекцыя зброі, і мэблі, і яўрэйская гісторыя нас цікавіць, — то пры патрэбе звяртаемся да вузкіх спецыялістаў, вядомых у нашай краіне і за мяжой навукоўцаў, а нейкія тэмы самі глыбока вывучаем. За гэтае пяцігоддзе мы надрукавалі калектыўную манаграфію, прысвечаную гісторыі роду першых уладальнікаў Мірскага замка — Ільінічаў. Нам дапамагалі супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, але мы суправаджалі праект, шукалі ілюстрацыі і цалкам прафінансавалі выданне кнігі. Сёлета наш музей выдаў кнігу польскага навукоўца Томаша Кэмпы, прысвечаную Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку. Думаецца, досыць метадычна падыходзім да справы, бо гісторыя Мірскага замка пачалася з Ільінічаў, прадоўжылася ў часы Сіроткі. Таксама займаемся вывучэннем родаў Вітгенштэйнаў і Радзівілаў.

— Але выданне кніг і навуковыя даследаванні праходзяць у комплексе з арганізацыяй навуковых канферэнцый для спецыялістаў?

— Так, за гэтыя гады іх у нас прайшло шмат. Сёлета ў якасці асноўнай на канферэнцыі мы ўпершыню выбралі музейную, а не гістарычную тэму. Наш форум быў прысвечаны рэканструкцыі, рэстаўрацыі і атрыбуцыі музейных прадметаў. Зімой, калі няма вялікай колькасці турыстаў, нашы навуковыя супрацоўнікі маюць больш часу для даследаванняў, работы ў архівах і бібліятэках. І за апошнія дзве зімы ў Міры зроблена шмат па атрыбуцыі экспанатаў. Мы таксама ўбачылі, што гэтая тэма на навуковых канферэнцыях у Беларусі не прадстаўлена. Часам чытаюцца асобныя даклады, прысвечаныя жывапісу, зброі, але комплекснага абмеркавання яшчэ не было. І не памыліліся. Бо на канферэнцыі прысутнічалі слухачы з профільных цэнтраў па рэстаўрацыі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вільнюса. Яны прыехалі проста каб паслухаць нашых дакладчыкаў! Натуральна, з дакладамі выступалі і супрацоўнікі музея. Мы прадставілі вынікі даследавання шпалераў, якія збіраем. Летась нашы навуковыя супрацоўнікі былі на стажыроўцы ў Абюсоне ў Францыі, дзе створаны тры з нашых васьмі шпалераў. Пагадзіцеся, сумесныя з французскімі калегамі вынікі даследаванняў ужо маюць вагу. Адметна таксама, што нашы навукоўцы не працуюць «у стол», як гэта часам бывае ў навуковых установах, калі даследаванне доўга чакае публікацыі.

— І гэта нядзіўна, бо замкавы комплекс «Мір» мае выдавецкую ліцэнзію і ажыццяўляе падрыхтоўку выданняў.

— Так, мы актыўна працуем у кірунку выдання кніг. Але не толькі так прадстаўляем свае напрацоўкі. Напрыклад, зараз рыхтуецца выпуск «Беларускага гістарычнага часопіса», цалкам прысвечаны Мірскаму замку. Там будуць і артыкулы нашых супрацоўнікаў, і працы іншых гісторыкаў. Але у гэтым часопісе будзе змешчана ўсё самае новае, самая свежая інфармацыя, якая яшчэ нідзе не фігуравала. Сама я падрыхтавала артыкул, прысвечаны картам, на якіх ёсць Мірскі замак. Сёлета ў лютым я знайшла ў архіве ў Германіі калекцыю карт Вітгенштэйнаў, на чатырох з іх намаляваны Мірскі замак. І самі выявы, і іх аналіз у гэтым тэматычным выпуску будуць прадстаўленыя ўпершыню.

— Вы неаднаразова падкрэслівалі імкненне зрабіць калекцыю Мірскага замка, ды і саму ўстанову ўнікальнай — сабраць прадметы, якіх няма больш нідзе, праводзіць імпрэзы, якія іншыя не ладзяць, арганізоўваць выстаўкі, якія не пабачыш у іншых месцах...

— А яшчэ не так даўно мы набылі калекцыю веераў, што ўключае больш за 40 прадметаў. Я бачу праблему нашых музеяў
у адсутнасці ці малой колькасці калекцый. Іх зборы фарміраваліся з асобных рэчаў. І калі мы маем, напрыклад, некалькі цвікоў, кавалак старажытнай тканіны, тры крэслы, то прадставіць іх разам на выстаўцы амаль немагчыма. Выстаўкі робяцца на падставе калекцый. Таму мы вылучылі некалькі кірункаў — сярод іх вееры, шпалеры, шляхецкія срэбныя гузікі. Дарэчы, калекцыю апошніх мы збіраем каля года і маем у ёй ужо больш як паўтары сотні прадметаў. Рэдкія рэчы, якімі проста ніхто не цікавіўся. Калі ў мяне пытаюцца, навошта мы набываем так шмат дарагіх рэчаў, я прыводжу такую статыстыку: наш асноўны фонд складае прыкладна паўтары тысячы прадметаў, у Карэліцкім краязнаўчым музеі — іх 11 тысяч, Гродзенскім абласным музеі — 172 тысячы. Зразумела, мы — малады музей, у нас няма рэчаў, іх трэба шукаць і набываць. Значную частку заробленых на продажы квіткоў грошай укладаем менавіта ў гэтую справу.

— А як яшчэ зарабляе ўстанова?

— Нечакана прыбытковай аказалася выдавецкая дзейнасць. Летась мы надрукавалі спадарожнік-даведнік па Мірскім замку. Ён складзены такім чынам, што распавядае наведвальніку пра кожную з залаў замка. Мару ўбачыць на адной паліцы каля паўтара дзясяткаў такіх кніг на розных мовах, але пакуль мы прапануем даведнікі толькі на шасці мовах. Летась у маі надрукавалі першы з іх — па-руску, тыражом 10 тысяч асобнікаў. І зараз фактычна ўвесь наклад раскуплены. Ёсць даведнікі на беларускай, польскай, англійскай, французскай, літоўскай мовах. Натуральна, яны не так хутка прадаюцца, але ўсё ж запатрабаваныя.

— Калі казаць пра новыя рэчы для музея, то дзе іх шукаеце?

— Набываем і ў мясцовых жыхароў, і ў калекцыянераў. Адзін з апошніх набыткаў — сталярная майстэрня князя Святаполк-Мірскага, якая знаходзілася ў замку, мадэлі, зробленыя там у 1930-я гады. Трапляюцца і старыя кнігі. А не так даўно набылі альбом фотаздымкаў часоў Першай сусветнай вайны. Некаторыя калекцыянеры-прафесіяналы з Мінска і іншых гарадоў па заказе для нас шукаюць рэчы. На аўкцыёнах за мяжой працаваць не даводзілася, бо пакуль не адпрацаваны механізм набыцця. Часам нам робяць падарункі нашчадкі асоб, чый лёс звязаны з Мірскім замкам. Нядаўна падарылі калекцыю асабістых рэчаў Освальда Руфайзена, яўрэя, які падчас вайны паведаміў вязням Мірскага гета пра тое, што іх збіраюцца забіць, дапамог са зброяй і выратаваў тых, хто здолеў уцячы.

— Вы ўжо адзначылі неверагодную знаходку карт у архіве Германіі. Напэўна, яны маюць карысць і для ўладкавання тэрыторыі Мірскага замка?

— Сапраўды. Цяпер мы маем шмат новых дакументаў, што тычацца непасрэдна Мірскага замка, маёнтка Замір'е, карты часоў Святаполк-Мірскіх, з дапамогай якіх можна параўнаць сучасны стан тэрыторый з тым, што было раней. Напрыклад, мы дакладна высветлілі, дзе знаходзіўся той сад, які ў адпаведнасці з легендамі высеклі падчас квітнення і на яго месцы выкапалі возера. Яно вялікае, але дзе дакладна быў сад, мы не ведалі. Цяпер гэта нам вядома.

— Сад — толькі адна з замкавых легендаў, таксама неаднаразова расказваюць пра ўласцівасць замка «хавацца» ў цемры. Працуючы і нават жывучы тут ужо столькі гадоў, магчыма, заўважылі яшчэ нешта незвычайна-містычнае?

— Калі я пачала тут працаваць і жыла ў замку, часам, позна вечарам вяртаючыся з камандзіроўкі, нават баялася. Ідзеш-ідзеш у цемры — і раптам апынаешся каля сцяны замка. Яго сапраўды не было відаць з дарогі! Таму мы павесілі некалькі ліхтароў на тэрыторыі, якія ўсю ноч свецяць. Мясцовыя жыхары кажуць таксама, што замак прыцягвае да сябе тое, што яму патрэбна. Было некалькі такіх гісторый. Я сама здзіўлялася. У нас узнікала нейкая праблема, раптам званіў тэлефон і гучала прапанова менавіта таго, што было патрэбна. Але, магчыма, гэта можна патлумачыць законамі фізікі. Замак — вялікі, цяжкі мураваны будынак, які прыцягвае да сябе аб'екты.

— Напэўна, вельмі складана быць дырэктарам такой вялікай установы, вырашаць гаспадарчыя пытанні, звязаныя з будаўніцтвам, рэстаўрацыяй? Яны ж часам зусім не жаночыя.

— У нас вельмі добрая гаспадарчая служба, якая вырашае ўсе гэтыя пытанні. Хоць вельмі часта прыходзіцца чытаць, разбірацца ў некаторых момантах. Напрыклад, не так даўно я сустракалася з кіраўніком праекта рэстаўрацыі замка, архітэктарам Дзмітрыем Бубноўскім, мы абмяркоўвалі перспектывы работ у флігелі. Узнікла пытанне правядзення ацяплення. А я кажу: выкарыстаем цеплавую помпу. Ён вельмі смяяўся і казаў, што здзіўлены, што я ведаю пра існаванне такіх рэчаў. Калі я вымушана прымаць рашэнне, то павінна ведаць, які выбар зрабіць. Магчыма, з-за сваёй работы пра цеплавыя помпы трохі больш ведаю, чым жанчына, якая не мае тэхнічнай адукацыі, але ў нас ёсць выдатныя спецыялісты, якія заўсёды падкажуць. Больш глыбока прыйшлося вывучаць юрыдычныя рэчы, калі мы афармлялі аўтарскія правы на назву «Мірскі замак», вопыту ў музеяў амаль не было — толькі Нясвіж перад намі, а ўжо пазней, на нашым вопыце вучылася Брэсцкая крэпасць. Рыхтуюся, раюся з юрыстамі, калі мне трэба падпісваць дамовы і прадстаўляць інтарэсы музея.

— Прыклад з адкрыццём картаў Вітгенштэйнаў, знакамітая знаходка невядомай калекцыі партрэтаў Радзівілаў у Баварыі даказвае, што даследчыцкія амбіцыі, імпэт
у глыбокім вывучэнні сваёй тэмы вельмі дапамагаюць у працы. І калегам раіце быць больш смелымі, не баяцца стукацца ў дзверы?

— Як даследчык я магу сказаць дакладна: калі хочаш нешта даведацца, трэба ісці да першакрыніцы, да дакумента, аб'екта. Не праз інтэрнэт. Вопыт супрацы з Абюсонам даказвае, што гэта правільны падыход. Гледзячы на мяне, і нашы супрацоўнікі пасмялелі. Прывяду такі прыклад. У нас ёсць адна шпалера, зробленая ў Бельгіі. Самі супрацоўнікі знайшлі музей, які спецыялізуецца па гэтым тыпе шпалераў, напісалі ліст і атрымалі не толькі адказ на трох старонках — а гэта значыць, што і замежных калег зададзенае пытанне зацікавіла, — але і некалькі альбомаў. І пытанні зніклі, і супрацоўнікі пабачылі, што трэба быць смялейшымі. Ды і як навуковец ведаю, што знайсці адказ на пытанне, зрабіць адкрыццё — вялікае задавальненне. Як у рыбака, які выцягнуў рыбу, ці паляўнічага. Гэта азарт, я вельмі рада, што ён прысутнічае і ў нашых супрацоўнікаў. Дарэчы, трэба вельмі шмат камунікаваць з калегамі. Людзі працуюць у розных архівах, выпадкова могуць сустрэць патрэбны дакумент. Я шмат расказваю пра тое, чым займаюся, не трымаю ў сакрэце.

— А як жа даследчыцкая скупасць, нават рэўнасць да адкрыццяў?

— Так, ёсць традыцыя крыху прыхоўваць свае даследаванні, але я лічу, што нават трохі сыраватым матэрыялам можна дзяліцца. Гэта прыносіць плён. Але калі карыстаюцца маімі матэрыяламі, прашу, каб пазначылі, што гэта выяўлена мной. Ды і калегі-гісторыкі таксама са мной часта дзеляцца сваімі знаходкамі.

— Над чым працуеце цяпер? Што пабачаць наведвальнікі Мірскага замка бліжэйшым часам? Якія новыя выдавецкія праекты рыхтуеце?

— Скончаны макет кнігі, першай у серыі, што будзе расказваць пра фарміраванне калекцыі музея «Замкавы комплекс «Мір». На яе старонках разам з Надзеяй Усавай — яна доўгі час была намеснікам дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея, адказвала за навуку — мы расказваем пра гісторыю рэчаў, што захоўваюцца ў Мірскім замку. Пасля будзем друкаваць вузкатэматычныя каталогі, напрыклад, пра нашу мэблю, выяўленчае мастацтва. Амаль скончана калектыўная манаграфія, прысвечаная роду Вітгенштэйнаў, у ёй шмат знаходак, мы адкрылі Вітгенштэйнаў таксама і як мецэнатаў ХІХ стагоддзя, у той час яны фактычна перахапілі ў Радзівілаў функцыю падтрымкі мастацтва, дапамагалі дзясяткам мастакоў, скульптараў, архітэктараў, сябравалі з Бруловым, Кіпрэнскім. Наведвальнікаў чакаюць і яркія выставачныя праекты — некаторыя з іх сумесныя з музеямі са Смаленска, Стакгольма. Наш музей вельмі актыўна развіваецца, тут сабралася вельмі добрая каманда. Разам ужо можам горы зрушваць, праўда, пакуль невялікія.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.