Вы тут

Беларуская этнаграфія: 60 гадоў акадэмічнасці


Калегі-вучоныя прызнаюцца, што крыху зайздросцяць супрацоўнікам менавіта гэтага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А ўсё таму, што іх імёны ведаюць у розных кутках краіны, што іх праца скіраваная не толькі на вывучэнне пэўнага аспекту рэчаіснасці, але непасрэднае жыццё нашага народа. Ды і, па сутнасці, беларусаў як нацыі і Беларусі як краіны, магчыма, не існавала б, калі б не руплівая праца даследчыкаў жыцця і культуры нашых земляў, якія актыўна вандравалі, запісвалі, вывучалі нас у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і ўжо тады заклалі асновы беларускай этнаграфіі, фалькларыстыкі і — шырэй — антрапалогіі.


Кар­ці­на ад аў­та­ра — на­ву­коў­ца і мас­та­ка,  ды­рэк­та­ра Цэнт­ра да­сле­да­ван­няў бе­ла­рус­кай куль­ту­ры, мо­вы і лі­та­ра­ту­ры НАН Бе­ла­ру­сі, ака­дэ­мі­ка Аляк­санд­ра ЛА­КОТ­КІ ў па­да­ру­нак  Стар­шы­ні Са­ве­та Рэс­пуб­лі­кі На­цы­я­наль­на­га схо­ду,  чле­ну-ка­рэс­пан­дэн­ту Акадэміі навук Мі­ха­і­лу МЯС­НІ­КО­ВІ­ЧУ.

Так, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі адсвяткаваў сваё 60-годдзе. Натуральна, адсвяткаваў, сабраўшы калег і паплечнікаў з нашай краіны і замежжа на вялікай міжнароднай канферэнцыі «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў». Гэты прадстаўнічы навуковы форум прайшоў у НАН ужо восьмы раз.

Сёння культуру часта называюць стратэгічным рэсурсам развіцця краіны, дзяржавы, нацыі. Менавіта нашы карані, адметнасці светапогляду і ладу жыцця, нацыянальная кухня і песні, строі і танцы робяць нас самімі сабой, фарміруюць адметнасці духоўнага жыцця. А гэта асабліва важна ў часы глабалізацыі. Незаўважна праламляючыся ў іншыя сферы, элементы нацыянальнага ўплываюць і на развіццё эканомікі, дабрабыт і — адпаведна, фарміруюць будучыню краіны. А сёння, у час асаблівай цікавасці да этнічнай культуры, вельмі важна мець арыенцір, тую грунтоўную базу, якая застанецца. Назаўжды. І за 60 гадоў працы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы сабраў сапраўды грунтоўныя калекцыі і архівы, падрыхтаваў і выдаў прынцыпова важныя зборнікі і манаграфіі. У якасці прыкладаў, што асабліва ўражваюць, — багаты збор Музея старажытнабеларускай культуры, які існуе пры інстытуце, 30-томны праект «Беларуская народная творчасць», адзначаны Дзяржаўнай прэміяй краіны, даследаванні па гісторыі тэатра, кіно, музыкі.

Таму і не дзіўна, што, каб павіншаваць інстытут з юбілеем, на ўрачыстае пасяджэнне завіталі высокія і званыя госці.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт  НАН Міхаіл МЯСНІКОВІЧ:

— Гэтая канферэнцыя і юбілей, што мы святкуем, вельмі знакавыя для развіцця навуковага, гістарычнага і культурнага патэнцыялу краіны і сусветнай супольнасці. Сёння нам вельмі важна клапаціцца пра развіццё нацыянальнай культуры, мовы і літаратуры, вельмі далікатна і з павагай ставіцца да замежных культур. Інтэграцыйныя працэсы, глабалізацыя ў такім выпадку будуць садзейнічаць развіццю нас як нацыі. Канферэнцыя дае магчымасць абмяняцца думкамі, гэта вельмі карысна ў навукова-даследчай працы. Асабліва істотная яна сёлета, у год, які ў нашай краіне аб'яўлены Годам навукі.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ:

— Гаворачы пра навукоўцаў, якія працуюць у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН, нельга не адзначыць іх сумленнасць, асабліва моцную сувязь з роднай зямлёй, народам, самаадданасць. Сапраўднымі зоркамі, прыкладамі прынцыповасці з'яўляюцца цяперашнія і колішнія супрацоўнікі інстытута. Можна згадаць імёны Рычарда Смольскага, Аляксандра Лакоткі, Зінаіды Мажэйкі, Яўгена Сахуты, Таццяны Мдзівані, але гэты шэраг будзе доўжыцца і доўжыцца.

Намеснік міністра культуры Аляксандр ЯЦКО:

— За многія гады ўстанавіліся трывалыя сувязі паміж Міністэрствам культуры і Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Яго супрацоўнікі актыўна ўдзельнічаюць у фарміраванні навуковага падмурка, на якім сёння грунтуюцца працэсы развіцця нацыянальнай культуры. Даследаванні вучоных, накіраваныя на абагульненне творчага досведу нашых архітэктараў, дзеячаў дэкаратыўна-прыкладнога, выяўленчага, музычнага, тэатральнага і іншых відаў мастацтва, дапамагаюць вызначаць арыенціры культурнага развіцця. Важныя таксама напрацоўкі ў галіне вызначэння нацыянальнай ідэнтычнасці і самабытнасці народа, пошуку падыходаў да вывучэння гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Юрыя ІВАНОВА

Загаловак у газеце: Народам, нацыяй звацца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.