Вы тут

На Алімпіядзе-2016 ёсць і экзатычныя краіны, якія ўжо заваявалі медалі


Гэтыя кропкі зямнога шара ніколі не вылучаліся поспехамі на сусветных спартыўных арэнах, але сціплай хадой яны ўжо набліжаюцца да алімпа. Мы раскажам не пра лідараў медальнага заліку — ЗША, Кітай і Вялікабрытанію, а пра малавядомыя ў спартыўным свеце краіны, якія маюць у сваёй скарбонцы алімпійскія медалі.


Філіпіны

Філіпіны ўпершыню паўдзельнічалі ў летніх Алімпійскіх гульнях у далёкім 1924 годзе ў Парыжы і з тых часоў не прапусцілі ніводнай летняй Алімпіяды, акрамя Гульняў у Маскве ў 1980 годзе. Атлеты Філіпінаў да Гульняў-2016 заваявалі 9 алімпійскіх узнагарод: 2 сярэбраныя і 7 бронзавых. На п'едэстал філіпінцы падымаліся ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, плаванні і боксе. Сёлета да вышэйзгаданага камплекта дадалася яшчэ адна ўзнагарода, яе здабыла цяжкаатлетка Хідылін Дыяс, якая выйграла «серабро».

Малайзія

Малайзія дэбютавала на Алімпійскіх гульнях крыху пазней — у 1964 годзе. І таксама, як і Філіпіны, не прапускала Гульні, за выключэннем маскоўскіх. Спартсмены гэтай краіны ніколі не прымалі ўдзел у зімовых Алімпіядах, а на летніх за ўсю гісторыю заваявалі 6 узнагарод.

У Бразіліі ўжо паспелі вызначыцца Чэонг Юн Хунг і Пандэлела Рынонг, на іх рахунку сярэбраныя алімпійскія ўзнагароды па скачках у ваду.

Манголія

Манголія ўпершыню прыняла ўдзел у Алімпійскіх гульнях у 1964 годзе. З тых часоў краіна ўдзельнічала ва ўсіх летніх Алімпійскіх гульнях, акрамя Алімпіяды-1984, калі падтрымала байкот, прапанаваны СССР.

У Бразіліі на рахунку мангольскай зборнай ужо ёсць адна сярэбраная ўзнагарода, яе для сваёй каманды заваявала дзюдаістка Сумія Даршурэн у катэгорыі да 57 кг.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: ЗША і Кітай лідзіруюць, але...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.