Вы тут

Гісторыкі шукаюць звесткі пра экіпаж, які загінуў на Старадарожчыне


«Не бывае безыменных герояў — бываюць героі, чые імёны былі забытыя».

Пачаўшы некалі пошукі экіпажа, які загінуў каля вёскі Падарэссе Старадарожскага раёна, я не магла нават здагадвацца, што ў гэтай гісторыі будзе працяг... Званок неабыякавага жыхара з вёскі Рабак Слуцкага раёна Міхаіла Іванавіча Сыцько, які паведаміў, што ў іх у лесе таксама ёсць помнік і месца падзення невядомага савецкага самалёта, зноў адправіў мяне ў дарогу.


Тэму гібелі невядомага экіпажа недалёка ад вёскі Бярозаўка Слуцкага раёна (а дакладней, на краі балота, паміж вёскамі Аступішча і Таліца, ва ўрочышчы, названым Корзаўшчына—Саляншчына) мясцовыя жыхары спрабавалі падымаць неаднойчы. На працягу многіх гадоў лічылася, што тут загінуў знішчальнік — і адзін чалавек з экіпажа. Пра гэта ў 50-х гадах мінулага стагоддзя пісала апавяданне Алена Васілевіч. Журналісцкае расследаванне вёў таксама мой зямляк Міхась Тычына. Спрабавалі навесці архіўныя даведкі былы старшыня калгаса імя Тэльмана Віктар Магілявец, старшыня Паўстынскага сельсавета Святлана Жук і многія, многія іншыя.

Таму, калі я звярнулася са сваёй просьбай аб дапамозе ў расследаванні гэтай гісторыі, ні адзін чалавек з бліжэйшых вёсак не застаўся ўбаку.

Прыйшло і старэйшае, і маладое пакаленне. Падключылася Урэцкае лясніцтва. Старшыні Урэцкага выканкама і Казловіцкага сельвыканкама. Музей г. Любань, адміністрацыя г. Слуцка і нават палкоўнік у адстаўцы з Масквы, ураджэнец гэтых мясцінаў Барыс Няронскі. І я чарговы раз зразумела, што гэтая генетычная памяць, нягледзячы на ўсе навамодныя перапісванні гісторыі, навечна і трывала будзе працягваць у нас жыць.

Уварванне

Заходняя Асобая ваенная акруга апынулася на напрамку галоўнага ўдару нямецкай арміі. Тут былі сканцэнтраваны асноўныя сілы Германіі... На помніку ў лесе паблізу вёскі Бярозаўка пазначана дата — 26 чэрвеня 1941 года. І вось перада мной ляжыць дакумент аб баявых вылетах 140-га БАП (бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка), якія прыпадаюць на тыя даты. Менавіта ў гэтых паэкіпажных спісах і значацца імёны лётчыкаў, якія загінулі паблізу вёскі Бярозаўка Слуцкага раёна. У адпаведнасці з «Журналам баявых дзеянняў», прадстаўленым мне пошукавікам Д. Брыштэнам, вылеты ў гэтыя дні былі наступныя.

26 чэрвеня — напрамак Картуз—Бяроза. Раніцай полк у складзе трох эскадрылляў вылецеў на баявое заданне. Гэты вылет увайшоў у гісторыю як адзін з прыкладаў удалых дзеянняў авіяцыі ў першы перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У выніку было затрымана наступленне нямецкіх матарызаваных часцей у раёне населенага пункта Картуз—Бяроза, на захад ад Мінска.

27 чэрвеня — самалёты ўсё таго ж 140-га БАП прыкладна ў 9.00 раніцы вылецелі ў напрамку станцыі Цімкавічы—Піліпавічы. І цэлае звяно (3 самалёты) з бою не вярнулася.

28 чэрвеня — дождж. Палёты абмежаваныя. Але баявыя вылеты зроблены для атакі мехкалоны ваеннай тэхнікі, якая затрымалася на лініі ад Сіняўкі (Слуцкі раён) да Бабруйска.

30 чэрвеня — вядомае паветранае пабоішча над Бабруйскам, пра якое не далажылі Сталіну...

Праехаўшы па ўсіх населеных пунктах (размешчаных побач з вёскай Бярозаўка, паблізу якой згарэў у кабіне самалёта экіпаж з 140 БАП) у суправаджэнні добраахвотных памочнікаў — Мікалая Жука з вёскі Паўстынь і яго жонкі, былой старшыні Паўстынскага сельсавета, Святланы Жук, — мы сустрэліся з відавочцамі тых падзей, з першых рук атрымалі бясцэнны гістарычны матэрыял.

Збор у Паў­сты­ні. Людзі, якія дапамагалі ў пошуках. У цэнтры першага рада Мікалай Жук — чалавек, які браў Берлін.

Жывая гісторыя

Віктар Васілевіч Магілявец, 1927 г. н., — ураджэнец вёскі Паўстынь, партызан-ардэнаносец, былы старшыня калгаса імя Тэльмана, успамінае: «Я бачыў, як днём у бок Слуцка праляцела невялікае звяно нашых самалётаў. І амаль тут жа іх сталі праследаваць нямецкія, з крыжамі. У выніку бою наш самалёт быў падбіты і, страціўшы вышыню, спікіраваў «носам уніз», зваліўшыся ва ўрочышча Корзаўшчына—Саляншчына, у балотца. Другі савецкі самалёт быў таксама падбіты і ўвесь у дыме паляцеў праз Варшаўскую шашу («Варшаўку») у бок вёскі Новы Гуткоў. (Пра тое, што з іншага боку Варшаўскай шашы, каля вёскі Селішча, таксама ўпаў наш, савецкі, самалёт, мы з пошукавікамі ўжо ведалі. — Аўт.)

Уладзімір Арсеневіч Зіма, 1952 г. н., ураджэнец вёскі Ліпнікі: «Па расказах маіх бацькоў, савецкіх самалётаў было тры. Адзін збілі тут — ва ўрочышчы Корзаўшчына—Саляншчына, і там жа, на ўскрайку, астанкі лётчыкаў пахавалі. Будучы дзецьмі, мы корпаліся ў гэтай варонцы ад самалёта і аднойчы знайшлі там частку дэталі з нумарам. Перадалі яе свайму земляку — карэспандэнту газеты «Мінская праўда» Міхасю Адамавічу Тычыну».

Анатоль Фёдаравіч Масюк з вёскі Боркі: «М. Тычына па прыездзе з Мінска часта заходзіў да майго бацькі — Фёдара Кірэевіча Масюка, які ў канцы 60-х працаваў лесніком. Аднойчы, разгаварыўшыся, мой бацька расказаў яму пра тое, што на яго тэрыторыі ляжаць рэшткі збітага савецкага самалёта. Пасля чаго Тычына пачаў сваё журналісцкае расследаванне і напісаў пра гэта артыкул. Менавіта Міхась Тычына разам з маім бацькам Фёдарам Кірэевічам за свой кошт заказалі першы просты цэментны помнік — загінуўшаму экіпажу...»

Успамінае Канстанцін Рэут, 1929 г. н., вёска Аступішча: «На пачатку вайны 1941 года над нашай вёскай праляцелі два самалёты. На фоне неба ў кабіне савецкага самалёта я бачыў двух чалавек. Адзін вёў самалёт, другі страчыў з кулямёта. Ляцелі яны вельмі нізка, амаль над дрэвамі... Праляцеўшы над нашай вёскай, самалёт упаў на пакосе, недалёка ад лесу, ва ўрочышчы Корзаўшчына. Хадзіў я глядзець гэта месца падзення назаўтра. Вакол ямы валялася пакарабачанае жалеза, ляжала кола. Я ўзяў палку і паварушыў попел у варонцы — адтуль выскачылі іскры. Нос самалёта яшчэ тлеў».

Пацвярджае гэты ж факт аб гібелі экіпажа з некалькіх чалавек  Мікалай Аляксандравіч Забродскі, 1930 г. н., вёска Аступішча, які цяпер жыве ў г. Слуцку. «У першы тыдзень вайны мне было 11 гадоў. Я знаходзіўся на вуліцы з аднагодкамі і бачыў, як падбілі савецкі самалёт. А дарослыя расказвалі, што адкапалі розныя часткі целаў трох лётчыкаў. Іх астанкі пахавалі побач з месцам падзення, на краі лесу. Пра перапахаванне ніхто ніколі не казаў».

Ураджэнец вёскі Рабак Міхаіл Ільіч Міхневіч, 1934 г. н.: «Калі самалёт упаў, якраз са Слуцка вяртаўся наш каваль, Павел Масакоўскі. Ён хадзіў туды па павестцы. Але ў ваенкамаце ўжо нікога не было. І Масакоўскі вяртаўся назад. Ён баяўся падыходзіць да самалёта, які дыміў — думаў, што немцы прыедуць. Але ніхто не прыязджаў. Яшчэ людзі казалі, што быццам адзін стары з Аступішчаў знаходзіў планшэт з імем Аляксей Новік, і там было ўказана месца ваеннай прапіскі, падобнае на нашы Селішчы».

Менавіта 140-ы бамбардзіровачны авіяполк базіраваўся ў ваенным гарадку Сешча (Бранская вобл.). Перад вайной Сешчынскі авіягарнізон уваходзіў у склад Арлоўскай ваеннай акругі. У паэкіпажных спісах 140-га СБАП ёсць лётчык з падобным прозвішчам — Аляксей Мікалаевіч Навук, 1919 г. н., Украінская ССР, Адэская чыгунка, ст. Варанкова, мал. сяржант, прапаў без вестак прыблізна 25 чэрвеня. Ці быў тут менавіта гэты лётчык або мясцовыя знайшлі іншы напаўабгарэлы планшэт — пакуль застаецца загадкай.

А далей раптам высветлілася, што ў раёне гэтых вёсак падаў не адзін самалёт...

Фо­та свед­каў — на мес­цы па­дзен­ня са­ма­лё­та: У. Зі­ма (в. Ліп­ні­кі); А. Ша­бу­ра (в. Ра­бак) і А. Ма­сюк (в. Бор­кі).

Бой над Урэччам

Чалавек, які браў Берлін, Мікалай Міхайлавіч Жук, 1925 г. н., вёска Паўстынь: «У канцы вайны, у 1944 годзе, з боку вёскі Мерашыно (якая бліжэй да Любанскага раёна) ляцеў наш самалёт — нізка, над хатамі. Яго праследавалі два нямецкія знішчальнікі. Падбілі яго, калі пераляцеў чыгунку каля станцыі Урэчча. І ён, разумеючы, што падае, стаў скідаць бомбы. А сам накіраваўся ў бок урочышча Камітэт і там упаў. Гэта было прыкладна каля паўдня. Праз некалькі хвілін я ўбачыў ужо наш савецкі танк, затым — пяхоту».

Мікалай Данілавіч Стасюк, 1939 г. н., вёска Паўстынь: «Апроч таго, што я хадзіў на месца падзення самалёта на ўрочышча Корзаўшчына—Саляншчына і таксама бачыў варонку са шматлікімі абломкамі, памятаю, як у канцы вайны, у 1944 годзе, каля пасёлка Урэчча нямецкія знішчальнікі пераследавалі савецкі бамбардзіроўшчык, які збілі ва ўрочышчы Камітэт. Лёс лётчыкаў невядомы».

Імёны пілотаў, якія загінулі ў паветраным баі над пасёлкам Урэчча і якія ўпалі разам з самалётам у суседнім лесе, празваным у народзе Камітэтам, я знайшла з дапамогай дырэктара музея г. Любань — Наталлі Сіняк. Гэта Іван Фёдаравіч Родзін — стралок з Іванаўскай вобласці, г. Южа, і сяржант Сяргей Канстанцінавіч Сальнікаў — стралок са Смаленскай вобласці, Казельскага раёна, сяло Бярды.

Здарылася гэта 29 ліпеня 1944 года. Пахаваныя лётчыкі ў брацкай магіле пасёлка Уручча. Так, пачаўшы пошукі аднаго экіпажа, які загінуў каля Бярозаўкі ў Слуцкім раёне, мы знайшлі і аднавілі іншыя значныя для гісторыі падзеі.

Каля вёскі Селішча

Адзін з самалётаў, па сведчаннях відавочцаў, быў збіты каля вёскі Селішча Старадарожскага раёна. Пошукам і падняццем яго астанкаў займаліся энтузіясты-адзіночкі. Па расказах мясцовых жыхароў вядома, што адзін з членаў экіпажа тады, у 1941 годзе, выжыў, і яго хаваў мясцовы жыхар. Ураджэнка вёскі Селішча Вера Аляксандраўна Здаравец, таксама пошукавік-энтузіяст, расказвала, што мясцовыя, пахаваўшы аднаго з загінуўшых лётчыкаў, знайшлі пры ім дакументы на прозвішча альбо Вадагрэй, альбо Вадагрэцкі. І што адзін з лётчыкаў быў украінец. Сама таго не ведаючы, Вера Аляксандраўна фактычна «падказала» прозвішчы лётчыкаў з экіпажа 99-га БАП, збітага 28 чэрвеня 1941 года. А менавіта гэта былі: старшы бамбардзір, лейтэнант Міхаіл Пятровіч Вадагрэцкі, 1913 г. н., ураджэнец Арджанікідзаўскага краю, які прапаў без вестак 28 чэрвеня 1941 года пры атацы танкавай калоны праціўніка на шашы Старыя Дарогі—Бабруйск; пілот, малодшы лейтэнант Аляксандр Іванавіч Неўтрынс, які патрапіў у палон 28 чэрвеня 1941 года, затым у перасыльны лагер для ваеннапалонных у г. Полацк, пасля ў Германію і памёр там ад туберкулёзу 4 красавіка 1943 года. І нарэшце стралок-радыст, Анатоль Іванавіч Мусіенка, 1920 г. н., — украінец. Менавіта ён выжыў пры падзенні самалёта ў вёсцы Селішча 28 чэрвеня 1941 года. Пасля зноў патрапіў на фронт, загінуў 7 жніўня 1942 года на самалёце У-2 у раёне Майкопа.

Так раскрылася яшчэ адна тайна невядомага экіпажа, які загінуў каля вёскі Селішча.

Доказам гэтых архіўных звестак, вядома ж, павінны паслужыць раскопкі і знаходжанне нумарных знакаў самалёта. Работы па пошуку яшчэ шмат. Патрэбна добрая вялікая экспедыцыя па месцах баёў на Брэсцкім напрамку, дзе нашы маладыя хлопцы цаной свайго жыцця спрабавалі спыніць уварванне нямецка-фашысцкіх полчышчаў.

* * *

Але вернемся да невядомага экіпажа, які загінуў каля вёскі Бярозаўка на Случчыне. Савецкіх самалётаў было тры.

Адзін з іх упаў недалёка ад Бярозаўкі — у балота. Другі, таксама падбіты, паляцеў цераз Варшаўскую шашу на Новы Гуткоў. А трэці — спусціўся нізка, і амаль дакранаючыся да верхавін сосен, здолеў сысці. За ім у пагоню кінуўся нямецкі знішчальнік... Мне ўдалося знайсці месца падзення другога савецкага самалёта. Паводле расказа мясцовай жыхаркі Наталлі Кукліцкай, сведкам падзення быў яе бацька, Уладзімір Казіміравіч Кукліцкі: «Падпалены самалёт прыляцеў з-за шашы. Мой бацька казаў, што ён плавіўся, калі ляцеў. Упаў недалёка за вёскай. І ўсе дзеці, у тым ліку і мой бацька, туды пабеглі. Лётчыкаў было двое, яны згарэлі зажыва... Там іх і пахавалі».

Зыходзячы з успамінаў сведкаў і матэрыялаў архіва, экіпаж, які загінуў паблізу Бярозаўкі, па ўсіх наяўных звестках быў збіты 27 чэрвеня 1941 года. Гэта адзін з таго самага звяна 140-га БАП, якое вылецела на баявое заданне ў 8.30 раніцы ў напрамку станцыі Цімкавічы—Піліпавічы і з задання не вярнулася. У адпаведнасці з архіўнымі дакументамі, экіпаж складаўся з лётчыкаў: штурмана Віктара Васільевіча Іванова, лейтэнанта, 1914 г. н., ураджэнца Курскай вобласці, г. Льгоў; стралка-радыста Міхаіла Мікалаевіча Чыжова, старшага сяржанта, 1913 г. н., ур. Ленінградскай вобласці, г. Колпіна; сяржанта Леаніда Леанідавіча Лакшына, 1921 г. н., ур. Данецкай вобласці, г. Крывы Рог, па першасных дакументах «загінуўшага паблізу в. Бярозаўка, г. Слуцк». Але, як высветлілася пазней, Лакшын тады выжыў! Моцна папакутаваўшы пры выкананні баявога задання 27 ліпеня 1941 года пры налёце на чыгунку Мінск—Смаленск (мяркую, што ў даце існуе апіска — на самай справе гэта 27 чэрвеня) атрымаў цяжкае раненне кісцей рук, абедзвюх ног і асколкам разрыўнога снарада — галавы. Быў накіраваны ў эвакашпіталь №1064, пасля ў эвакашпіталь г. Саратава. За ўдзел у баях з нямецкімі акупантамі быў узнагароджаны медалём «За адвагу». А ў 1985 годзе — ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Іншых дакументаў на прыналежнасць якіх-небудзь яшчэ асоб да гэтага экіпажа няма. Доказы, якія пацвярджаюць гібель экіпажа, мы спадзяёмся атрымаць у выніку раскопак, станоўчае рашэнне аб якіх прыняла адміністрацыя Слуцкага раёна. Праводзіць раскопкі рэшткаў самалёта будуць прадстаўнікі гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна», якія валодаюць гэтым правам. Але, на жаль, у «Лініі Сталіна» няма тэхнікі для пад'ёму. Таму дапамогу і забеспячэнне тэхнікай для раскопак прапанаваў мясцовы прадпрымальнік, дырэктар прадпрыемства «ВясеяАўта» Уладзімір Уладзіміравіч Бойка. Вялікую ўдзячнасць у пошуку архіўных матэрыялаў выказваю таксама Ганне Глазавай, жыхарцы сяла Вонгуда Анежскага раёна Архангельскай вобласці,.

Нашы пошукі працягваюцца.

Ларыса КАРАСІНА, чэрвень 2016 г.

Фота Ла­ры­сы КА­РА­СІ­НАЙ

Загаловак у газеце: Экіпаж адлятае ў вечнасць...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.