Вы тут

Саша Захарык прадставіць Беларусь на конкурсе "Новая хваля - 2016"


Днямі было канчаткова пацверджана, хто прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў папулярнай музыкі «Новая хваля», які адбудзецца сёлета ў Сочы з 3 па 9 верасня. Шчаслівы пропуск атрымала спявачка Саша Захарык, якую пільныя меламаны памятаюць як мінімум па нацыянальных адборах на «Еўрабачанне» (у 2008 годзе — у складзе гурта «Вецер у галаве» і летась — ужо сольна).


Заўважым, што свае сілы выпрабавалі яшчэ некалькі беларускіх артыстаў рознай ступені «раскручанасці», у тым ліку нядаўні пераможца конкурсу «Славянскага базару ў Віцебску» Аляксей Грос. Аднак прафесійнае журы, куды ўвайшлі, у прыватнасці, спявачка Кэці Тапурыя, рэжысёр-пастаноўшчык конкурсу Аляксандр Рэўзін, кампазітар, кіраўнік холдынга «АРС» Ігар Крутой, цягам некалькіх адборачных этапаў даволі жорстка адсейвала прэтэндэнтаў, і з некалькіх соцень вакалістаў і калектываў у выніку засталіся ўсяго 16 удзельнікаў з 12 краін.

Самай вялікай на сочынскай сцэне стане музычная дэлегацыя краіны-гаспадыні конкурсу: за Расію выступяць гурт N.E.V.A, а таксама сольныя выканаўцы Дзяніс Сакалоў і Ясенія; па двое канкурсантаў прадставяць Грузію (Аліса Данелія і Гіоргі Надзібаідзэ) і Украіну (Галіна Безрук і Анастасія Прудзіус).

Нагадаем, у 2013—2014 гадах беларускія артысты ўдзелу ў конкурсе наогул не прымалі, а летась дзявочае трыа «Інжыр» апынулася толькі на 12-м месцы, таму перад Сашай Захарык стаіць нялёгкая задача — не толькі заявіць аб сабе, але і нагадаць, што беларускіх артыстаў варта ўспрымаць усур'ёз.

Як расказала сама спявачка, рэпертуар для яе ўжо зацверджаны, але назвы песень яна ўсё ж не рызыкуе агучваць загадзя: «Бывае, што кампазіцыю могуць замяніць літаральна за некалькі дзён да конкурсу». Пакуль што дакладна вядома, што вакальнае спаборніцтва працягнецца, як і ў мінулыя гады, тры дні: у адзін з іх удзельнікі выканаюць песні з кінафільмаў, у другі і трэці — хіт сваёй краіны, а таксама арыгінальную кампазіцыю. Сачыць за перыпетыямі конкурсу і перажываць за нашу артыстку беларусы змогуць у эфіры тэлеканала «РТР-Беларусь».

Дарэчы

Конкурс маладых выканаўцаў папулярнай музыкі «Новая хваля» — не толькі выдатная артыстычная школа, але і неблагая фінансавая падтрымка для пачаткоўцаў. Прызавы фонд складае 7 мільёнаў расійскіх рублёў. Першая прэмія, эквівалентная 50 тысячам еўра, дастанецца пераможцу конкурсу; уладальнікі 2 і 3 месцаў атрымаюць адпаведна грашовыя прэміі ў 30 і 20 тысяч еўра. Акрамя таго, пераможцам анлайн-галасавання гледачоў па традыцыі будуць уручаныя прыз глядацкіх сімпатый і адмысловая «Брыльянтавая хваля» ад ювелірнага партнёра конкурсу.

Тым часам

На музычным конкурсе «Дзіцячая Новая хваля — 2016», які пройдзе з 11 па 13 жніўня ў міжнародным дзіцячым цэнтры «Артэк», Беларусь прадставіць 10-гадовая мінчанка Руслана Панчышына.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Саша Захарык спяе на «Новай хвалі»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.