Вы тут

Здароўе з паветра


...Па суботах фізкультура ва ўніверсітэце звычайна праходзіла ў басейне. 25-метровыя дарожкі ў гэты ранішні час былі амаль цалкам у распараджэнні студэнтаў (акрамя нас, паплаваць прыходзілі яшчэ некалькі выкладчыкаў). Для тых, хто няўпэўнена адчуваў сябе на вадзе, былі пенапластавыя дошкі, для тых, хто хацеў засвоіць нешта большае, чым стыль «па-сабачаму», — трэнеры, якія не стамляліся прыдумваць новыя заданні. Ідэальна.


Але ажыятажу не назіралася. Толькі калі займаліся першакурсніцы — для іх наведванне басейна было абавязковай умовай для заліку. Старэйшых студэнтак прыходзіла вельмі мала (хоць пару на вадзе залічвалі за дзве). Прытым што частка з іх пастаянна шукала спосабы пахудзець, самы відавочны і даступны з іх чамусьці ігнаравалі.

«Няма часу, грошай, сіл», — якія «адмазкі» вы яшчэ чулі? (Не кажу пра тых, хто спортам займацца не хоча ўвогуле.) Так апраўдваюцца дзяўчаты, якія на словах толькі і чакаюць магчымасці пабегчы ў залу. І не заўважаюць, колькі тых магчымасцяў насамрэч ёсць.

Цяпер у сталічных парках распачаліся бясплатныя заняткі ёгай. Кожную нядзелю (вядома, калі надвор'е не перашкодзіць) аматараў усходняй гімнастыкі — і прафесіяналаў, і навічкоў — запрашаюць на зялёныя пляцоўкі Мінска: у паркі Перамогі, Цівалі, 40-годдзя Кастрычніка і іншыя. З сабой просяць захапіць дыванок для ёгі. Так, прымусіць сябе рана прачнуцца ў выхадныя, каб ужо ў 9 гадзін быць на трэніроўцы, — тая яшчэ задачка. Але, калі спаць да абеду, вылучыць час на спорт будзе яшчэ складаней.

Бясплатныя трэніроўкі праходзяць і ў парку «Dreamland». Па суботах у 11 гадзін прапануюць выпрабаваць на сабе розныя фітнес-напрамкі. Напрыклад, у наступную суботу будзе FІZІKA. Не, школьныя задачкі рашаць не трэба. Гэта напрамак, які аб'ядноўвае ў сабе некалькі фітнес-методык і дапамагае развіваць вынослівасць і гнуткасць. Карацей, лепш адзін раз паспрабаваць, чым сто — пачуць.

Любіце бегаць, але няма кампаніі? Калі ласка! Суполка MіnskRun (больш за 70 чалавек) і пяцікіламетровая дыстанцыя (у ляску!) чакаюць вас кожную суботу а 10-й гадзіне раніцы. Зноў жа бясплатна. Больш за тое, каманда валанцёраў, якая арганізуе гэтыя спартыўныя сустрэчы, прапануе яшчэ і кожны раз пасля прабежкі фіксаваць свой вынік на сайце і сачыць за прагрэсам. Дробязь, а прыемна.

Не кажу ўжо пра шматлікія акцыі ў фітнес-клубах. Толькі паспявай запісвацца.

Дзіўная рэч: усе так імкнуцца пахудзець да лета, што не заўважаюць, што лета само па сабе — цудоўная магчымасць прывесці сябе ў форму. Абставіны — спякотнае надвор'е — вымушаюць есці менш, а рухацца больш. Сяброўка нядаўна пахвалілася: нарэшце скінула злашчасныя пяць кілаграмаў. «Каб не лета, напэўна, не пратрымалася б на той дыеце. А так нават па мучным і салодкім не надта сумую: гародніны і садавіны хапае».

Не думайце, што магчымасці прапануе толькі сталіца. Як па мне, у вёсцы ці ў невялікім горадзе ёсць усе ўмовы, каб займацца спортам. Навошта ісці ў трэнажорку, калі ёсць сапраўдны веласіпед і кіламетры сцежак уздоўж лесу ці рэчкі? А замест басейна — возера? У бабуліным двары, памятаю, нават валейбольную пляцоўку рабілі. Нацягвалі вяроўку паміж платамі двух агародаў — і давай. Галоўнае, не трапіць мячом па агурках.

Які сэнс скардзіцца сяброўкам і чарговы раз расказваць, чаму вы не можаце ўзяцца за сябе? Пахудзець гэта яшчэ нікому не дапамагала. Чым апраўдвацца (у першую чаргу перад сабой), лепш перасіліць сваю ляноту і нарэшце зрабіць штосьці з даўно складзенага плана дзеянняў. Неабавязкова адразу выпраўляцца на пяцікіламетровую дыстанцыю, каб потым тыдзень адыходзіць ад той прабежкі і з жахам думаць пра наступную. Здаровы лад жыцця пачынаецца з дробязяў, час для якіх можна знайсці кожны дзень.

Наталля Лубнеўская

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.