Вы тут

Як латвійская сталіца была павільёнам «Беларусьфільма»


Рыга нібы незнаёмка — прывабная і адначасова таямнічая. Нават пра ўзрост горада цяжка сказаць штосьці пэўнае: тры хронікі называюць розныя даты, а археолагі ў гэтае пытанне ўносяць яшчэ больш сумятні. З другой паловы XX стагоддзя, калі Вялікі нямы загаварыў, у Рыгі была адмысловая місія. Фільмаў у Савецкім Саюзе тады стваралася шмат, аднак праз палітыку дзяржавы правесці здымкі за мяжой было цяжка. А Рыга, дзякуючы сваёй гісторыі, архітэктуры і атмасферы стала ідэальным месцам для паказу на экране практычна любога заходняга горада.


Калі казаць пра савецкае кіно, першым варта назваць легендарны фільм «Сямнаццаць імгненняў вясны» Таццяны Ліёзнавай. У эпізодзе, у якім прафесар Плэйшнер ідзе па Блюменштрасе ў Берне на канспіратыўную кватэру, ролю Берна іграе вуліца Яўніела (Новая вуліца), вядомая яшчэ з XVІ стагоддзя. У гэтым жа фільме Рыга выступала і ў ролі Берліна: заалагічны музей знаходзіўся ў будынку Міністэрства фінансаў на вуліцы Мейстару, а насупраць — гасцініца «Амнунтор», у якой была прызначана сустрэча з Борманам. Калі Шцірліц ідзе па вуліцы Вальню, у вітрыне цэнтральнага ўнівермага дапытлівы глядач можа ўбачыць латышскі надпіс — «Apavі katraі sezonaі» (абутак для любога сезона).

Кветкавая вуліца, яна ж Бейкер-стрыт  («Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана», СССР, 1979—1986 гг.)

Вялікае кінематаграфічнае мінулае мае папулярная ў турыстаў Кветкавая вуліца: яна іграе ролю італьянскага Трыеста ў фільме «На далёкіх берагах», ролю Парыжа ў карціне «Вязень замка Іф» і французскага горада Сібур у стужцы «Забойства на вуліцы Дантэ». Далей — болей: менавіта тут здымаліся эпізоды славутага серыяла «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана». На экране Кветкавая вуліца становіцца лонданскай Бэйкер-стрыт, дзе знаходзіцца дом 221в, у якім жывуць галоўныя героі. Праўда, каб убачыць дзверы, што вядуць усярэдзіну, трэба зайсці ў невялікі дворык, які знаходзіцца якраз насупраць будынка з канспіратыўнай кватэрай з «Сямнаццаці імгненняў вясны».

Акно канспіратыўнай кватэры па Блюменштрасе ў Берне  («17 імгненняў вясны», СССР, 1973 г.), яна ж вуліца Яўніела (Новая вуліца)

Дзверы ў кватэру Холмса і Ватсана маюць у Рызе містычную славу. Сцэны ўнутры кватэры здымалі ў Ленінградзе, а дзеянне фільма адбываецца ў XІX стагоддзі, у той час як здымкі — у XX-м. Атрымліваецца, што гэтыя дзверы — прасторава-часавы партал.

У карціне «Першы дзень міру» паказана зноў вуліца Яўніела (можна нават заўважыць акно той самай канспіратыўнай кватэры) у якасці неназванага нямецкага горада. Гэтую ж вуліцу можна ўбачыць у фільме «Трое ў лодцы, не лічачы сабакі»: на яе з акна глядзіць Андрэй Міронаў, які іграў ролю Джэрома. Яна ж у фільме «Ранняя ржа» і ў сярэднявечным баевіку «Слугі д'ябла» — тут Рыга іграе саму сябе.

Домскі сабор.

Дзеянне карціны «Блакітны карбункул» — яшчэ аднаго фільма з Шэрлакам Холмсам, знятага на кінастудыі «Беларусьфільм», — таксама звязана з вуліцай Яўніела. Цікава, што і для «Блакітнага карбункула», і для «Прыгод Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» музыку напісаў адзін і той жа кампазітар — Уладзімір Дашкевіч.

У гангстарскім фільме «Браты Рыка», знятым па матывах рамана Жоржа Сімянона, «Беларусьфільм» прадставіў Рыгу ў вобразе Нью-Ёрка. А ў фільме «Ідэальны муж» з цудоўнай парай — Юрыем Якаўлевым і Людмілай Гурчанкай — Рыга зноў ужывалася ў вобраз Лондана. Чаго варты кадр, у якім гераіня Гурчанкі, знаходзячыся ў гасцініцы на вуліцы Цірганю (у савецкі час там знаходзілася вядомая кавярня «Сіняя птушка»), глядзіць у акно і замест Домскага сабора бачыць... будынак парламента Вялікабрытаніі.

Нью-Ёрк у версіі "Беларусьфільма" ("Браты Рыко", СССР, 1980 г.), або рыжская вуліца Зіргу.

Дзіўная гісторыя здарылася ва ўзаемаадносінах Рыгі і Міхаіла Казакова, які зняўся ў фільме «Забойства на вуліцы Дантэ». Праз шмат гадоў, калі Казакоў як рэжысёр здымаў фільм «Пакроўскія вароты», ён не ўтрымаўся і ўставіў у свой фільм сцэну, дзе па тэлевізары паказваюць фрагмент «Забойства на вуліцы Дантэ».

Хоць лідарам па з'яўленні ў кадры з'яўляецца вуліца Яўніела, у Старым горадзе практычна няма месца, дзе ў савецкі час не здымалі б кіно: Домскі сабор, царква Пятра, Шведскія вароты, плошчы Вецпілсетас, Пілс, Ліву і, вядома, Домская плошча, розныя іншыя вулачкі. У цэлым я налічыў каля сарака фільмаў, але, хутчэй за ўсё, гэта няпоўны спіс.

Былая кавярня "Сіняя птушка" ў фільме "Ідэальны муж" (СССР, 1980) выконавала ролю гатэля на лонданскай вуліцы Цірганю.

З роляў Рыгі можна згадаць Стакгольм («Пасол Савецкага Саюза»), Капенгаген («Тайна Снежнай каралевы»), міфічны нямецкі горад Альтшат у фільме Рыгора Аляксандрава «Сустрэча на Эльбе» з Любоўю Арловай у ролі амерыканскай журналісткі. А фільм «Белыя званочкі», зняты на Рыжскай кінастудыі па сцэнарыі Герца Франка ў 1961 годзе, у 1995-м у Клермон-Феране (Францыя) быў уключаны кінакрытыкамі ў спіс ста найлепшых кароткаметражных фільмаў усіх часоў.

Музей з "17 імгненняў вясны" (СССР , 1973 г.), ён жа міністэрства фінансаў Латвійскай Рэспублікі.

У 2005 годзе англійскі рэжысёр Дэйв Мур у пошуках месца для здымак фільма «Уоліс і Эдуард» (пра гісторыю кахання старэйшага сына караля Георга V да замужняй прыгажуні Уоліс Сімпсан) выбірае Рыгу. Апошнім часам тут здымаліся расійскія фільмы і серыялы («Поп», «Чырвоная капэла»), працавалі кінематаграфісты з Індыі («Агент Вінод», «Флаш і Вані»), Швецыі («Рыжскія сабакі»), Германіі («Блакіт неба»), ЗША («Дзеці Ірэны»), Карэі («Мой шлях») і з іншых краін.

Так ці інакш, Рыга — не толькі кінаактрыса на экране, але і сучасная еўрапейская сталіца, вартая вочнага знаёмства.

Сяргей ІВАНЧАНКА, рыжанін у чацвёртым пакаленні

г. Рыга

Загаловак у газеце: Кінаактрыса па імені Рыга. Як латвійская сталіца была павільёнам «Беларусьфільма»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.