Вы тут

35 гадоў таму на экраны выйшла лірычная камедыя «Адзінокім даецца інтэрнат»


Для пачатку — крыху лічбаў. У 1984 годзе на Усесаюзным кінафестывалі ў Кіеве гэты фільм Самсона Самсонава атрымаў прыз як найлепшая кінакамедыя, а актрыса Наталля Гундарава па апытанні часопіса «Савецкі экран» стала найлепшай актрысай. Толькі за год фільм убачылі 23,2 мільёна гледачоў. А ў здымках узялі ўдзел 500 сапраўдных ткачых з Іванава — што праўда, потым некаторыя актывісткі з іх ліку пісалі ў газеты гнеўныя лісты, маўляў, нічога падобнага на падзеі кінастужкі ў іхніх інтэрнатах не адбываецца, і наогул фільм прыніжае і зневажае жанчын... Але час расставіў усё па належных месцах, і сёння карціна трывала ўвайшла ў залаты фонд савецкага кіно.


Пачалася ж гісторыя «Адзінокіх...» у 1980-м, калі сцэнарысту Аркадзю Ініну даслалі на пошту з розных куткоў краіны падобныя газетныя аб'явы —  так і так, адзінокая жанчына жадае пазнаёміцца з прыстойным мужчынам. На той час гэта гучала па-дзікунску: як гэта, жанчына сама прапаноўвае сябе? Але сцэнарыст убачыў за маленькімі абвесткамі вялікую праблему — адзіноты, і адправіўся ў інтэрнат станкабудаўнічага завода, дзе доўга гутарыў з дзяўчатамі, занатоўваючы кожную дэталь. Гэтыя падгледжаныя жыццёвыя гісторыі і склаліся потым у адну.

Роля цэнтральнага персанажа — перадавой ткачыхі і па сумяшчальніцтве свацці Веры Голубевай — адразу прыдумвалася пад Наталлю Гундараву, хоць рэжысёр спрабаваў і іншыя варыянты. Але на здымачнай пляцоўцы аказалася, што выбар самы той. Самаадданая працавітасць і разам з тым мяккая інтэлігентнасць Гундаравай зачаравалі ўсіх.

Без спроб быў зацверджаны на ролю каменданта Віктара Пятровіча — былога марака, якога кінула жонка, — і Аляксандр Міхайлаў. Яму нават не спатрэбілася ўжывацца ў вобраз «марскога ваўка», бо акцёр калісьці насамрэч працаваў памочнікам матарыста і хадзіў па Ахоцкім, Берынгавым і Японскім морах. Дарэчы, ён сам прыдумаў свайму герою суровы шрам на ўвесь твар.

Сказана!

  • «Я не ўмею есці тое, што ты ўмееш гатаваць!»
  • «Гэта інтэрнат ткацкага камбіната альбо прытон у неапальскім порце?»
  • «Пісьменнік быў, Стэндаль. Піў чырвонае па-чорнаму».
  • «Вось жэнішся, тады і ўзрадуешся!»
  • «Дурань ты, боцман, і жарты ў цябе дурныя».
  • «Муж як муж. На ўзроўні сусветных стандартаў».
  • «Агульная кухня — гэта ж рассаднік усіх псіхалагічных канфліктаў!»
  • «Раніцай — яечня, днём — яечня, вечарам — яечня, а ноччу — амлет! Хутка я буду кудахтАць, як кураня».
  • «Хлопец добры, а гарэлка дрэнная».

Аднаго з жаніхоў, «усходняга мужчыну з пышнымі вусамі», хацелі зрабіць грузінам. Але сыграў яго армянін Фрунзік Мкртчан, ды так удала, што вобраз стаў адным з самых яскравых у фільме. Кажуць, што якраз акцёр прыдумаў сцэну, дзе яго герой прыносіць да навагодняга стала кавун (дарэчы, узімку яго знайшлі толькі на ВДНГ, дый тое мастакам па рэквізіце давялося маляваць на зялёнай ягадзе чорныя палоскі).

Хочаце наноў згадаць атмасферу дзявочага інтэрнату, убачыць гісторыю простага шчасця і пачуць словы кахання на армянскай мове? Уключыце канал «Культура» 11 і 12 чэрвеня — у гэтыя дні якраз будзе ісці «Адзінокім даецца інтэрнат».

Загаловак у газеце: «...А ноччу — амлет!»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.