Вы тут

На наступным тыдні споўніцца 110 гадоў з дня нараджэння Яніны Жэймо


На наступным тыдні, 29 мая, споўніцца 110 гадоў з дня нараджэння савецкай актрысы, якая нарадзілася ў Беларусі, Яніны Жэймо. Яна сыграла больш за тры дзясяткі роляў у кіно, але галоўную славу ёй прынёс фільм «Папялушка» (1947). 1 і 2 чэрвеня тэлеканал «Культура» пакажа дакументальны фільм пра няпросты лёс кіналюбіміцы ўсяго Савецкага Саюза, а таксама ўласна казку.


... Яніна нарадзілася ў Ваўкавыску ў цыркавой сям'і і з трох гадоў працавала на манежы — гімнасткай, наезніцай, балерынай, музычным эксцэнтрыкам. Бацька рана памёр, і маме з чатырма дочкамі давялося брацца за любую працу, каб выжыць. Іх карміла эстрада: Яніна з сёстрамі прыдумалі нумар на ксілафонах. Як лічыла сама актрыса, магчыма, яна перастала расці (рост яе быў менш чым 148 см, памер нагі — 31) якраз таму, што цягала на галаве цяжкія інструменты, бо рукі хутка стамляліся. У 15 гадоў Яніна паступіла ў акцёрскую студыю Ленінградскага кінакамбіната, а ў 1925 годзе дэбютавала ў кіно. Ролі школьніц зрабілі яе настолькі папулярнай, што за Жэймо натоўпамі хадзілі прыхільнікі... Далейшую працу перапыніла вайна. Муж Жэймо, рэжысёр Іосіф Хейфіц, разам з дзецьмі выехаў у Ташкент, а Яніна засталася ў Ленінградзе. Днём яна ў складзе канцэртнай брыгады выступала ў шпіталях, гарадскіх парках, а ўначы, як і ўсе гараджане, дзяжурыла на дахах і гасіла запальныя бомбы. Толькі ў канцы 1942 года ўдалося таксама перабрацца ў Ташкент, але дома яе ніхто не чакаў: да мужа дайшлі чуткі пра яе гібель, і ён палічыў сябе свабодным чалавекам... Ад болю і крыўды актрыса цяжка захварэла, ледзь не памерла насамрэч. Выратаваў яе будучы трэці муж, польскі рэжысёр Леанід Жано, які літаральна выхадзіў Яніну, нібы дзіця.

Як згадвала потым рэжысёр фільма «Папялушка» Надзея Кашаверава, уся гэтая гісторыя з самага пачатку была прыдуманая пад Жэймо. Заяўку ўдалося «прабіць» вельмі хутка, а сцэнарый Яўгена Шварца аказаўся настолькі пераканаўчым, добрым і жыццесцвярджальным цудам, што мастацкая рада дала «дабро» аднагалосна.

Цудаў падчас стварэння кінастужкі і надалей хапала. Як інакш назваць мужнасць Фаіны Ранеўскай, якая дзеля ролі «дыктатара»-мачахі штодня падцягвала каўчукавым клеем нос і падбівала ватай шчокі, ігру акцёраў, якія ў халодных павільёнах рабілі выгляд, што ім весела і душна на балі, або працу мастакоў па касцюмах, якія пашылі шыкоўныя ўборы для каралеўскага балю літаральна з нічога. У справу ішлі рэшткі аксамітных штор, абрэзкі шыфону, чэшскае насценнае бра — з яго выйшаў галаўны ўбор феі-хроснай... Нарэшце, ці не цуд, што 38-гадовая Яніна Жэймо перайграла ўсіх маладых канкурэнтак, балерын і актрыс. Дарэчы, прынц — Аляксей Кансоўскі — таксама быў не юным хлопчыкам, яму было 34 гады.

Фільм з-за недахопу грошай знялі на трафейную нямецкую, чорна-белую стужку. Копію давялося некалькі разоў рэстаўраваць — у 1967-м, 1981-м і, нарэшце, у 2009 годзе, калі «Ленфільм» і амерыканская студыя Lеgеnds Fіlm, выдаткаваўшы больш за мільён долараў, правялі поўнае аднаўленне гуку і фарбаў — фільм стаў каляровым. А «закатная» роля Жэймо — яшчэ больш кранальнай.

Загаловак у газеце: «Вельмі шкодна не ездзіць на баль, калі ты гэтага заслугоўваеш»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».