Вы тут

Агенцтвы нерухомасці афіцыйна вымагалі грошы з уласнікаў жылля


Большасць беларусаў, якія надумалі набыць або прадаць жыллё, лічаць за лепшае звярнуцца па дапамогу ў рыэлтарскае агенцтва — каб другі бок не ашукаў ды дакументы ўсе былі ў парадку. Тым больш што шмат хто такую здзелку ўвогуле робіць раз у жыцці. І раптам яны высвятляюць, што несумленныя супрацоўнікі некаторых кампаній могуць падмануць і «нагрэць рукі» на гаспадарах нерухомасці яшчэ больш, чым заўзяты рабаўнік. Прымушаюць заключаць дагавор пакупніка, які сам знайшоў патрэбны варыянт; аплачваць у «поўным пакеце» паслугі, якія не аказваліся; браць у 60 (!) разоў больш грошай, чым трэба па законе.

За гэтыя і іншыя правапарушэнні за няпоўны месяц пазбаўлены ліцэнзій і закрыліся тры буйныя агенцтвы: «Агенцтва нерухомасці «Акадэмічнае», «Бізнес нерухомасць» і «Цэнтр гандлю нерухомасцю «ПАКАДАН».


Няма дагавора? Усё роўна плаці!

Апошняй кропляй для спынення работы «Акадэмічнага» стаў зварот у Міністэрства юстыцыі адной з пакупніц, якую супрацоўнікі агенцтва вымушалі заплаціць за набываемае жыллё. Матывавалі гэта тым, што з прадаўцом кватэры ў іх заключаны дагавор, згодна з якім апошні аплачвае комплексную паслугу па знаходжанні рыэлтарамі патэнцыйнага пакупніка, афармленню дакументаў і шэрагу іншых. А значыцца, пакупніца таксама павінна аформіць дагавор з кампаніяй і аплаціць паслугу па падборы ёй жылля ў памеры 90 базавых велічынь (далей — БВ). Аргументы, што грамадзянка сама знайшла гэтую кватэру праз прапановы, размешчаныя ў інтэрнэце, таму паслуга па пошуку ёй не аказвалася, да ўвагі не прымаліся.

Між тым, як адзначыў намеснік міністра юстыцыі Сяргей ЗАДЗІРАН, пры наяўнасці дагавора на аказанне паслуг з прадаўцом супрацоўнікі агенцтва не маюць права перашкаджаць патэнцыйнаму пакупніку, з якім у іх не аформлены дагавор, у набыцці маёмасці.

Асабліва грубым парушэннем у дадзеным выпадку стала патрабаванне аплаты за паслугу па падборы варыянтаў жылля, якое пакупніца знайшла самастойна, без дапамогі супрацоўнікаў кампаніі.

Агенцтва «Бізнес Нерухомасць», якое працавала з адміністрацыйнымі аб'ектамі, аказалася яшчэ больш вынаходлівым у справе ашукання кліентаў. Згодна з законам, кошт паслугі па аглядзе аб'екта нерухомасці з пісьмовым афармленнем акта гэтага агляду каштуе 5 базавых велічынь. Аднак супрацоўнікі кампаніі прызвычаіліся браць за гэтую паслугу грошы ў залежнасці ад колькасці агледжаных будынкаў. Такім чынам, набягалі сумы ў 60, 85 і нават 305 базавых, і, урэшце, выніковыя лічбы ў дагаворах з кліентамі перавышалі ўстаноўленыя ў 12, 17 і нават 60 разоў. Акрамя таго, паслугі аказвалі не толькі рыэлтары агенцтва, а і асобы, якія не мелі на гэта права.

Замест працэнтаў — базавыя велічыні

Агенцтва «ПАКАДАН» пазбавілася ліцэнзіі ў мінулую пятніцу. На гэты раз у Мінюст звярнулася жанчына, якая з дапамогай кампаніі прадавала за 245 мільёнаў беларускіх рублёў ($18 000) пакой. (Сумы пазначаны на перыяд мінулага года. —  Аўт.) Першапачатковая сума за паслугі, якую назвалі супрацоўнікі, пры завяршэнні справы ўзрасла больш чым у два разы.

На першай кансультацыі ў агенцтве ёй сказалі, што за сваю працу па дапамозе ў арганізацыі продажу пакоя яны возьмуць 3% ад кошту. Гэта 7 350 000 беларускіх рублёў ($600). Такая сума прадаўца задаволіла, і яна заключыла дагавор. Аднак у выніку ёй давялося аддаць «ПАКАДАН» не $600, а амаль 1000 (на той момант — 18 мільёнаў).

За пакой прадавец атрымала 245 мільёнаў, 18 з якіх ну ніяк не адпавядалі 3%, што яна мусіла заплаціць агенцтву згодна з першапачатковай дамоўленасцю. Выніковая сума перавысіла папярэднюю больш чым у два разы і склала 7,3% ад кошту аб'екта нерухомасці.

— Калі мы разлічваліся з пакупніком у агенцтве, рыэлтар адлічыў з атрыманай мной сумы частку грошай (свой працэнт). Мне падалося, што гэта больш чым $600, але ў той момант я прамаўчала, бо лічыла, што памылілася. І ўжо калі мы накіраваліся да натарыуса, каб аформіць дакументы, стала зразумела, што не хапае амаль $1000. Я папрасіла спецыяліста агенцтва даць мне паперы, па якіх будзе відаць, што я аплаціла іх паслугі, і якія б патлумачылі, чаму цана падрасла. Мне падрыхтавалі новы дагавор — так званы акт аб выкананых работах, дзе быў прапісаны цэлы шэраг паслуг, якія мне не аказваліся, аднак якія складалі якраз узятую з мяне суму ў 18 мільёнаў. Падпісаць яго я адмовілася і звярнулася па дапамогу ў Мінюст, — расказала нам прадавец.

Аказалася, што суму ў агенцтве налічылі не ў працэнтах, а ў базавых велічынях (ажно 100 БВ). Між тым, згодна з Тарыфамі на рыэлтарскія паслугі, зацверджанымі пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.03.2008 № 386, пры кошце аб'екта нерухомасці да 4 200 базавых уключна кошт рыэлтарскіх паслуг складае 3% ад кошту аб'екта. Калі цана аб'екта перавышае 4200 базавых, сума, якая адлічваецца рыэлтару, складае 1% ад кошту або налічваецца ў базавых велічынях. У дадзеным выпадку пакой каштаваў 245 мільёнаў (1361 базавая), і сума адлічэння павінна была адпавядаць менавіта тым $600, абумоўленым з пакупніком на пачатку работы, пракаменціравалі ў Мінюсце.

Чым кіравалася агенцтва, калі налічвала суму зыходзячы з базавых велічынь, а не працэнтаў, і чаму іх было ажно 100, невядома, аднак вынік такой работы відавочны — агенцтва пазбаўлена ліцэнзіі і права на работу.

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Нагрэлі рукі» на чужых метрах

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.