Вы тут

Пакланяючыся зямлі, ці Ода жыццю


Сімбіёз архаікі і сучаснасці — у новым фотапраекце.

Каляровая і пярэстая штодзённасць — бачылі такое? Марына Бацюкова дакладна. Яе фотапраект «Сула. Непарыўнае» адкрыўся ва ўнутраным дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Ад аб'ектыва ўважлівага рэпарцёра не выслізнула ніводная дэталь, што пацвярджае абаяльнасць простых, знаёмых рэчаў з жыцця беларускай вёскі.


Фатограф даследуе нашы карані, традыцыі, тое спрадвечнае, што закладвае разуменне свету і пакідае адбітак у свядомасці будучых пакаленняў. Фальклор — тая частка культуры, якая не паддаецца модным плыням, самабытная і ўнікальная.

Аўтарка цікавіцца этнаграфіяй, у гэтым выпадку старадаўнімі абрадамі. Сула, або ваджэнне і пахаванне стралы — адзін з іх. На фотаздымках, як і ў любога рэпарцёра, які не змяняе рэальнасць у «Фоташопе», і без спецэфектаў прасочваецца сімвалічная сувязь сучаснасці і мінулага. Бабулі ў старадаўніх квяцістых спадніцах і стаптаных сандалях, вышываныя кашулі і каралі з хусткамі суседнічаюць з новымі аўтамабілямі на вясковых вулачках, роварамі і мабільнымі тэлефонамі. Сама форма выстаўкі — таксама сімбіёз. Фотаздымкі на вялікіх палотнах упісаны не ў рамы музея, а ў цагляныя сцены, вароты гаражоў, лавачкі і краты ў дворыку. І ў гэтым іх чароўнасць.

Марына Бацюкова даследуе жыццё ў вёсках Неглюбка і Стаўбун Гомельскай вобласці падчас вясновага свята, якое суправаджаецца тым самым абрадам «Ваджэнне і пахаванне стралы (сулы)». Прыцягальнасць свята ў тым, што традыцыі яго правядзення не змяняюцца. Жыхаркі вёсак па-ранейшаму надзяваюць традыцыйнае адзенне, збіраюцца разам, водзяць карагоды і ідуць шэсцем да жытнёвага поля. А тую самую сулу, дарэчы, закопваюць у зямлю, таму што яна — сімвал цёмных разбуральных сіл, якія павінны ператварыцца ў дабро, багацце і поспех, утаймаваць прыродныя стыхіі. Так прыходзіць лета, з'яўляецца ўраджай. А калі паляжыш у жыце, то знойдзеш сілу і здароўе. Мяркуючы па фота, яны і праўда шчаслівыя.

Дарэчы, абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы» з'яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.

Выстаўка працуе да 11 верасня.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.