Вы тут

Дар'я Матросава: Шчаслiвая штодзень займацца фатаграфiяй


Яна неаднаразовая пераможнiца i прызёрка прэстыжных мiжнародных фотаконкурсаў International Photography Awards у Лос-Анджэлесе i MIFA ў Маскве, Prix de la Photography–2019 у Парыжы. Яе работы можна ўбачыць на цэнтральнай станцыi метро ў Барселоне, еўрапейскiх выстаўках, шматлiкiх вокладках сусветнага глянцу. Сёлета Дар'я Матросава прызнана «Найлепшым прафесiйным еўрапейскiм фатографам — 2020» па вынiках конкурсу Федэрацыi еўрапейскiх фатографаў сярод больш як дзвюх тысяч прафесiйных здымкаў з 29 краiн. Да таго ж, гераiня — першая жанчына, удастоеная такога звання.


— Дар'я, якая з работ для вас самая значная?

— Серыя графiчных фатаграфiй «Акцэнты i формы», якая i была адзначана як найлепшая ў конкурсе Федэрацыi. У яе шмат сусветных прэстыжных узнагарод, i тыя, хто не знаёмы з маёй творчасцю i ўпершыню заходзяць на мой сайт, заўсёды адзначаюць iх. Думаю, прыцягвае прастата i вытанчанасць формаў. Iх здымка прайшла яшчэ ў 2017 годзе, i ўжо падчас падрыхтоўкi я зразумела, што будзе «ваў»-эфект. Але так бывае не заўсёды, i фатографам-навiчкам трэба ведаць аб тым, што ў любы момант кадр можа атрымацца зусiм не такi, як задумваўся спачатку. Калi гаварыць пра вышэйназваны конкурс, то спачатку я перамагла ў сваёй намiнацыi, а затым i сярод усiх. Цырымонiя ўзнагароджання павiнна была прайсцi ў Рыме, аднак з-за каранавiруса адбылася ў анлайн-рэжыме.

— Цi думалi вы ў дзяцiнстве, што будзеце цесна звязаны з фатаграфiяй?

— Усё маё жыццё так цi iнакш звязана з мастацтвам. З малых гадоў мама вучыла маляваць, мне гэта вельмi падабалася. Калi прыйшоў момант вызначацца з прафесiяй, для мяне было зразумела, чаму аддам прыярытэт. Паступiла ў Вiцебскi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя П. М. Машэрава на мастацка-графiчны факультэт i нават не здагадвалася, што буду займацца фатаграфiяй. Зразумела, я была сярод творчых маладых людзей, таму захацелася паспрабаваць нешта новае для сябе. На трэцiм курсе купiла вельмi дарагую камеру i... атрымала вялiкi стрэс, бо не ведала, што з ёй рабiць. Як i многiя, здымала ўсё, што бачыла: вулiцы, твары, нават адпрацавала на некалькiх вяселлях, пасля чаго з'явiлася ўпэўненасць: гэта дакладна «не маё». Усё змянiла першая мастацкая фотасесiя, якую арганiзавала, будучы на пятым курсе. Прыйшло разуменне: у маiх работах павiнна быць нешта большае, чым удала злоўленае iмгненне. З таго часу заўсёды сумяшчаю жывапiс з фатаграфiяй, атрымлiваюцца канцэптуальныя i эксперыментальныя здымкi. Лiчу, што менавiта гэта i прыцягвае да маiх работ, iх стварэнне — гэта цэлае мастацтва.

— I ўсё ж такi, цi важна мець дарагую камеру на пачатковым этапе развiцця ў фатаграфii?

— Неадназначнае пытанне. З аднаго боку, калi гэта стане матывацыяй для далейшага развiцця, як было ў мяне, то варта. А калi вы не ўпэўнены ў сваiх сiлах i сваiм жаданнi самаўдасканальвацца, лепш не трэба. Навошта купляць такую рэч, якую паставiш на палiцу, i яна будзе пакрывацца пылам?

— Як выглядае працэс стварэння вашых фота?

— Спачатку з'яўляецца iдэя, iх у мяне вельмi шмат, усе запiсаны ў нататнiку. Некаторыя патрабуюць бюджэту, некаторыя — пэўнай лакацыi. Пасля iдзе падрыхтоўка да запаветнага «клiка» камеры. За кожным здымкам стаiць работа многiх прафесiяналаў: вiзажыстаў, касцюмераў, мадэляў. У сярэднiм грым доўжыцца ад дзвюх да шасцi гадзiн. Самi знаходзiм i падбiраем аксесуары, шыем адзенне. Затым iдзе самая нескладаная частка работы — здымка гадзiны на дзве, апошнi этап — рэтуш, якi займае каля пяцi гадзiн. Дарэчы, фоташопам карыстаюся толькi для таго, каб прыбраць маленькiя няроўнасцi.

— Вы — вопытная ўдзельнiца i пераможнiца розных конкурсаў. Што працуе на поспех лепш за ўсё?

— Наладжаны кантакт з патрэбнымi людзьмi, карысныя знаёмствы. Я заўсёды адкрытая для прапаноў, часта такiя паступаюць ад мастакоў, якiя хочуць злучыць фатаграфiю з мастацтвам, — у гэтым дакладна ёсць перспектыва. Лiчу, што не трэба саромецца расказваць пра сябе: калi хачу папрацаваць з пэўным брэндам, пiшу iм сама. Таксама важна быць актыўным усюды: на дзелавых сустрэчах, у сацсетках. Варта сачыць за прафесiяналамi сусветнага ўзроўню, самому iмкнуцца да новых вышынь. Сёння фатаграфаванне даступнае кожнаму. Аднак, маючы толькi талент, можна так i застацца ў ценi iншых. Каб вылучыцца з велiзарнай колькасцi i заявiць пра сябе на вялiкую аўдыторыю, вучыцеся прыкмячаць штосьцi цiкавае, бярыце ўнiкальнай падачай, аддавайце ўвагу i асабiстым якасцям, i прафесiйным навыкам.

— Цi адрознiваецца замежны рынак фатаграфii ад айчыннага?

— У нас больш запатрабаваныя камерцыйныя здымкi накшталт гiсторый кахання, вяселляў i гэтак далей. У Еўропе, напрыклад, наадварот, iндывiдуальныя фотасесii не вельмi карыстаюцца папулярнасцю, iм больш даспадобы мастацкiя работы, што выходзяць за рамкi звычайнага. Таксама там карыстаюцца папулярнасцю выстаўкi ў галерэях.

— Творчыя людзi падзяляюцца на дзве катэгорыi: адны лiчаць, што натхняцца i недзе нават капiраваць работы вядомых майстроў — гэта нармальна, бо такi падыход дапамагае вызначыцца са сваiм стылем. А ёсць тыя, хто не прымае названай пазiцыi, маўляў, з-за гэтага не развiваецца фантазiя, творчае мысленне. Што думаеце вы?

— Ва ўсiм патрэбны баланс. Напрыклад, у некаторых маiх работах праглядваюцца матывы Пiкасо або iншых мастакоў. Калi фатаграфую, быццам узнаўляю карцiну: нешта паўтараю тэхнiчна або iдэйна, i ў той жа момант гэта дапамагае згенерыраваць уласныя вобразы. Аднак кумiраў сярод фатографаў у мяне няма. Занадта шмат таленавiтых людзей, назваць кагосьцi канкрэтнага вельмi цяжка. Штодня праглядаю работы як маладых мастакоў, фатографаў i iлюстратараў, так i дасведчаных, i ў кожнага знаходжу нешта, што мне падабаецца.

— Вы не толькi бераце ўдзел у розных выстаўках, але i самi з'яўляецеся арганiзатарам некаторых. Як адчуваеце сябе ў такой ролi?

— Для любога фатографа гэта вялiкае свята. У Мiнску выстаўку MIFA арганiзоўвала ўпершыню, хоць увогуле ўдзельнiчаю ў ёй часта. Хацелася зрабiць свой унёсак у гэтую сферу на радзiме. Сабралi фатографаў, якiя прадэманстравалi свае найлепшыя работы, i атрымалi ацэнку сваёй творчасцi ад прафесiяналаў. Прыемна, што пасля было многа станоўчых водгукаў, дзякуючы такой сустрэчы нехта пачаў таксама займацца фатаграфiяй. Лiчу, што каб гэтая сфера добра развiвалася, трэба больш акцэнтаваць увагу на падобных праектах. Так прыходзiць усведамленне, на якiм ты ўзроўнi зараз, цi хапае табе вопыту або ведаў. Але, на жаль, як паказвае практыка, выставак з кожным годам праводзiцца ўсё менш, бо яны не прыносяць прыбытку, — iх арганiзацыя каштуе вялiкiх грошай.

— Дар'я, вас абралi прадстаўнiком ад Беларусi ў кiрунку «Мастацтва» на сусветнай фотавыстаўцы «Экспа» ў Дубаi, што павiнна адкрыцца сёлета ў кастрычнiку. Якiя работы прадставiце там?

— Варта сказаць, што зараз iдуць перамовы аб яе пераносе на наступны год з-за эпiдэмii. Але гэта не значыць, што я спыняюся ў рабоце. У мяне ўжо ёсць пэўныя распрацоўкi i дакладнае бачанне сваёй часткi. Гэта будуць ультрасучасныя фатаграфii з нацыянальным каларытам, славянскай гiсторыяй, культурай, традыцыямi, адлюстраванымi на здымках. Увогуле, я шчаслiвая ад таго, што займаюся фатаграфiяй штодня. Не стамляюся, бо гэта тое, чым жыву. Зразумела, былi моманты выгарання, аднак гэта заўсёды мінае, галоўнае — працягваць нешта ствараць, пераключацца з iдэi на iдэю. Доўгi час супрацоўнiчала з беларускiмi глянцавымi выданнямi, але цяпер тое — не мая гiсторыя. На сёння я мала працую над фэшн-здымкамi, сканцэнтравалася на мастацкiх. Таксама ва ўмовах каранавiруса пiшу калонку ў самым буйным кiтайскiм часопiсе пра фота Photo world, ён асвятляе ўсё самае цiкавае са сферы фатаграфii i мастацтва, публiкуюся i ў iншых выданнях.

Дар'я ШЛАПКОВА

Фота дадзена гераiняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».