Вы тут

Па слядах Вавілонскай вежы, або Скульптуры наступаюць


Адна з самых маштабных вулічных інсталяцый лета, якая знаёміла нас мінулы раз з жалезным хакеістам і вялізнай вежай з біблейскага падання, зноў адкрылася на тэрыторыі Камсамольскага вострава ў парку Перамогі знакамітыя «Арт-астравы». Гэта не проста вернісаж пад адкрытым небам, а цэлы мастацкі маршрут. За кожным паваротам сцяжынкі новы сімвалічны аб'ект, вельмі філасофскі, часта пададзены з іроніяй альбо гумарам, але заўсёды поўны эмоцый. Ад дызайнерскіх задумак да трэш-арту. Мастацкія работы сталі часткай гарадскога асяроддзя, збіваючы яго афіцыяльнасць і штодзённасць, дадаючы крэатыўнасці. Гэта ўжо адна з устойлівых тэндэнцый сучаснага беларускага мастацтва. Магчыма, вы будзеце шакаваныя. Але дакладна здзівіцеся. Запомніце: гэта рublіс аrt, а не акадэмічная манументальная скульптура.


Намеснік старшыні Саюза беларускіх мастакоў Леанід Хобатаў адзначыў на адкрыцці праекта, што пляцоўка арт-астравоў – гэта не толькі эстэтыка, тут пастаўлены сур'ёзныя пытанні прасторы, пластыкі, стылістыкі і інтэлектуальнай думкі. У творчым «сусвеце» зразумела.

Пятнаццаць аб'ектаў у некалькі метраў з самых розных матэрыялаў – металу, дрэва, пластыку. Свабода ў формах і колерах, поўны эксперымент, нацыянальны авангард. На востраве прадстаўлены самыя незвычайныя з'явы (а можа і звычайныя, але ў арыгінальнай акантоўцы). Чырвоны партал з камянямі, які вядзе на парог вечнасці, белыя коканы на дрэвах, нібыта з логава гіганцкага павука, драўляны веласіпед з трыма коламі, які нагадвае гаўбіцу, каляровыя цені, што танцуюць, дрэва-лега, якое прырасло да ствала сасны, квэст з дарожных знакаў...

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва Наталля Шаранговіч прызналася, што ўсіх мастакоў наўмысна выбіралі па прынцыпе «яны павінны быць вельмі рознымі». Сярод скульптараў і дызайнераў, творамі якіх можна палюбавацца – Дзмітрый Сурскі, Канстанцін Селіханаў і Павел Вайніцкі, Алена Атрашкевіч-Златковіч, Віктар Копач і Максім Пятруль. Прадставілі свае творчыя выказванні Канстанцін Мужаў, Сяргей Аганаў, Вольга Нячай, а таксама Ігар Лявонцьеў і Таццяна Гомза. Не засталіся ў баку Віктар Старухін, Аляксей Сарокін, Аляксандр Сакалоў, Васіль Цімашоў, Паліна Пірагова.

Адзін з удзельнікаў, скульптар Іван Арцімовіч параўнаў мінскія «Арт-астравы» са швейцарскім опэн-эйрам, адным з самых буйных у Еўропе, дзе скульптура таксама надзвычай удала інтэгравалася ў архітэктурнае і прыроднае асяроддзе. «Спадзяюся, Мінск усё ж атрымае свой маштабны парк скульптур, якімі будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове, а «Арт-астравы» пашыраць свой фармат да міжнароднага». У праекце сёлета бярэ ўдзел польскі мастак Рэмігіуш Дулька, што прадставіў скульптуру «Горад».

Праект «Арт-астравы» з'яўляецца выдатным прыкладам таго, як паркавая зона ператвараецца не проста ў месца адпачынку, а ў культурную пляцоўку. Аб'екты так ці інакш прымушаюць спыніцца.

Арганізатар выставы – Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Праходзіць яна пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Спонсарам выступіў «Альфа-Банк» (Беларусь). Між іншым, Альфа-прышчэпка ад банка, выстаўленая мінулы раз, ужо стала вай-фай лаўкай побач з Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў на вуліцы Някрасава, 3. Такі ж лёс угатаваны новаму аб'екту ад спонсараў – чырвонаму ветразю. Тры месяцы наведванняў даступныя ў любы час дня і ночы – гэта абавязкова трэба ўбачыць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».