Вы тут

Свята музыкі і паэзіі


Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна» праходзіць шаснаццаты раз. Лейтматывам сёлета стала знакавая дата — 75-годдзе з дня нараджэння мастацкага кіраўніка дзяржаўнага ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна. Менавіта гэтаму чалавеку прысвечаны асноўныя мерапрыемствы фестывалю.


Урачыстае адкрыццё песенна-музычнага форуму адбылося ўчора ўвечары на сцэне летняга амфітэатра. Гасцей фестывалю парадаваў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр. Падчас адкрыцця ўзнагародзілі лаўрэатаў нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

Сёння праграма працягваецца. На галоўных пляцоўках горада пройдуць шматлікія творчыя сустрэчы. Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр сыграе яшчэ раз у 11.00 у Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў. У 15.00 на канцэрт «Вясёлая сямейка» запрашае Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя Мулявіна Маладзёжнага тэатра эстрады. У летнім амфітэатры выступяць пераможцы і лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Падтрымліваць юных «зорак» будзе вакальна-харэаграфічны ансамбль «Заранак».

А шостай вечара аматарам сцэнічнага мастацтва прапануюць наведаць спектакль «Пясняр», які пакажуць у гарадскім Палацы культуры. Пастаноўку па п'есе Васіля Дранько-Майсюка прадставіць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага. Рэжысёр — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валянціна Гранькова. Ролю песняра выканае артыст тэатра і кіно Сяргей Жбанкоў.

Яскравым завяршэннем стане канцэрт «Беларусь — крыніца натхнення» (ён распачнецца ў 21.30) з удзелам «зорак» айчыннай эстрады. На сцэну амфітэатра выйдуць Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Дзяржаўны ансамбль танца, вакальная група «Чысты голас», фальклорны гурт «Палац» і іншыя выканаўцы.

Акрамя таго, у суботу госці фестывалю змогуць наведаць выстаўку, прысвечаную Уладзіміру Мулявіну, пабачыць карціны з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея і паслухаць беларускіх паэтаў.

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.