Вы тут

Завяршыўся фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна»


У 19-ы раз чакае гасцей і ўдзельнікаў Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна». Лейтматывам фэсту, які праходзіць 7—8 чэрвеня, стануць Год малой радзімы і 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў праграме знойдуць імпрэзы на свой густ аматары песні і паэзіі, музыкі і тэатру, жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. 


Яшчэ ў студзені ва ўсіх абласцях краіны прайшлі папярэднія адборы маладых выканаўцаў. На ІІ і ІІІ туры нацыянальнага конкурсу беларускай эстраднай песні ў Маладзечне трапіць 21 з іх (па тры выканаўцы з кожнага рэгіёна і сталіцы), і ўжо ўвечары 7 чэрвеня стане вядома, каго прафесійнае журы палічыла вартым Гран-пры імя Уладзіміра Мулявіна, а каму прысудзіла першую і другую прэміі.

24 майстры прыгожага слова, вядомыя дзеячы культуры і мастацтва сталі ўдзельнікамі шэрагу літаратурных мерапрыемстваў: запісу культуралагічнай аўтарскай праграмы Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы», работы паэтычнай пляцоўкі «Мой родны кут, як ты мне мілы» і музычна-паэтычнай гасцёўні «Пад небам Бацькаўшчыны роднай». У апошняй, дарэчы, прагучаць творы, якія трапяць у зборнік паэзіі і прозы «Мая Радзіма», што рыхтуецца да выдання ў Выдавецкім доме «Звязда».

Заўважнай падзеяй фестывалю абяцае стаць прэм'ера канцэрта «Песні вайны», падрыхтаванага заслужаным калектывам «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. Гэтую маштабную і разам з тым вельмі асабістую, кранальную музычную праграму госці пачуюць і ўбачаць падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця «Маладзечна-2019» на сцэне гарадскога летняга амфітэатра.

У другі дзень фестывалю творчыя калектывы, якія ўваходзяць у склад Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра, дадуць канцэрт акадэмічнай музыкі, прысвечаны творчасці Яўгена Глебава, — у Маладзечанскай школе мастацтваў, і джазавай песні — на сцэне Чысцінскага сельскага дома культуры, дзе любяць і заўжды чакаюць высокае мастацтва.

Увагу тэатралаў арганізатары звяртаюць на дзве пастаноўкі: спектакль «Янка Купала: жыццё ў свеце маланак», які прадставіць Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, і «Не пакідай мяне» Мінскага абласнога драмтэатра.

У стварэнне агульнага вялікага свята ўключыліся і музеі. Напрыклад, Мінскі абласны краязнаўчы музей запрашае наведаць выстаўку мастацкіх вырабаў «Гармонія шкла», якая прадставіць работы творчай дынастыі барысаўскіх мастакоў Пятра і Таццяны Арцёмавых (іх эксклюзіўныя творы, між іншым, упрыгожваюць інтэр'еры штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку). Нацыянальны гістарычны прадставіць экспазіцыю «Аб вайне і Перамозе», а пры падтрымцы музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў межах рэспубліканскай акцыі «Беларусь помніць» будзе працаваць выстаўка «Жаночы твар Перамогі», што ўключае партрэты жанчын-франтавікоў, гераінь вайны.

Не менш цікавымі абяцаюць стаць традыцыйны мастацкі пленэр і праект «Асоба эпохі», цэнтральнымі асобамі якога становяцца жанчыны-легенды (сёлета гэта будзе Надзея Мікуліч, якая раскажа пра сваё жыццё і творчасць), гала-канцэрт «Маладзічок» запальвае зоркі» з удзелам лаўрэатаў сёлетняга адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні, конкурс па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве «Вытокі майстэрства» і першы Арт-фэст «ЛянОК», прысвечаны аднаму з сімвалаў нашай краіны — льну.

А яркую творчую кропку ў фестывалі паставіць юбілейная канцэртная праграма «Зорны карагод», якой адзначае ўласнае 60-годдзе Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Валянціна Дудкевіча. Гэты канцэрт, дарэчы, можна будзе не толькі паглядзець, але і паслухаць, бо яго ўдзельнікамі стануць вядомыя айчынныя артысты, з якімі ў калектыву склалася творчая садружнасць: Ірына Дарафеева, Алена Ланская, Аляксандр Саладуха, Юлія Быкава, ансамбль «Песняры» і вакальны гурт «Чысты голас», выхаванцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна.

Анансуючы мерапрыемствы 19-га Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, прафесар Міхаіл Фінберг заклікаў праяўляць больш увагі і падтрымліваць маладых выканаўцаў, імёны якіх штогод адкрывае конкурс у Маладзечне і якія ў будучым прадставяць нашу краіну, у тым ліку на міжнародным узроўні. «Трэба шанаваць сваю культуру самім, каб яе шанавалі іншыя. Асабіста я буду рабіць, колькі б'ецца маё сэрца, усё магчымае і немагчымае, каб беларускую музыку ведалі ў свеце», — падкрэсліў народны артыст Беларусі.

Таксама дэлегацыя літаратарау́ наведала філіял музея Янкі Купалы у́ Вязынцы і у́склала кветкі да помніка Песняру.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Музыка, Паэзія, Маладзечна...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.