Вы тут

Чатыры дзесяцігоддзі праз фотааб'ектыў


Часта кажуць, што ўсё новае — гэта добра забытае старое. Аднак можа здарыцца і так, што і старое раптам робіцца новым. Архіўныя фотаплёнкі гарадзенкі Наталлі Дораш, якія ўжо некалькі дзесяцігоддзяў праляжалі нават не ў архіве, а проста на гарышчы, у каморы, у старых кнігах, аказаліся запатрабаванымі сёння. Ачышчаныя ад пылу, алічбаваныя, надрукаваныя на паперы, яны склалі рэтраспектыўную выставу «Палешукі», якая адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі.


Наталля Дораш ніколі не жыла на Палессі. Затое з вёскі Букча Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці яе муж. Прыязджаючы ў госці да яго сваякоў, застаючыся прыглядаць за дзецьмі, калі ўсе ішлі на поле працаваць, яна ўвесь час фатаграфавала тое, што бачыла.

— У маладосці я пабывала ў Крыме і ў многіх іншых месцах. Але, калі першы раз прыехала на Палессе, мне здалося, што я трапіла ў зусім іншую краіну, — распавядае Наталля Дораш. — Людзі там зусім не такія, як, напрыклад на Гарадзеншчыне, дзе я нарадзілася і правяла ўсё жыццё. Там зусім іншы народ. Палешукі — гэта дзеці, непасрэдныя, сардэчныя. Яны заўсёды радасныя. Мне ніколі не было сумна з імі кантактаваць. Асабліва з дзецьмі і старымі. А паколькі я фатограф, то з маладых гадоў заўсёды насіла з сабой фотаапарат. Тое, што бачыла, мела звычку здымаць.

Даводзілася спадарыні Наталлі не толькі фатаграфаваць, але і самой прымаць удзел у нарыхтоўцы сена, зборы ягад і грыбоў. Яна ездзіла на рэчку Колак лавіць рыбу, пасябравала з мясцовай дзятвой.

— Раней я несур'ёзна ставілася да сваіх здымкаў. І ў асноўным фатаграфавала на памяць тым людзям, якія траплялі ў аб'ектыў, — адзначае творца. — Я фатаграфавала, друкавала здымкі і раздавала іх. Свой архіў вельмі дрэнна даглядала. І вось толькі праз сорак гадоў зразумела, што гэтыя здымкі — мінулае жыццё, якое не паўторыцца. Я стала шукаць тыя стужкі — знаходзіла іх у сябе дома ў каморы, на гарышчы ў вясковай хаце. Нават у звычайных старых кнігах: адкрываю, а там ляжаць плёнкі. Мне спатрэбілася тры гады, каб усё гэта сабраць, алічбаваць. У выніку атрымалася фотавыстава. У яе ўвайшла толькі траціна тых фотаздымкаў, якія ў мяне сабраліся за 1970—1980 гады.

У 1979 годзе здымак «Дзедавы яблыкі», зроблены на Палессі, Наталля падала на ўсесаюзную міжклубную фотавыставу «Свет сучасніка» і заваявала там залаты медаль. Аднак сённяшняя выстава «Палешукі» з'явілася ў пэўным сэнсе выпадкова (хоць выпадковасцяў у жыцці, як вядома, не бывае). Аднойчы жанчына вырашыла зарэгістравацца ў сацыяльнай інтэрнэт-сетцы Facebook. Пачала выкладваць туды свае сучасныя фотаработы. За пяць гадоў займела пэўную папулярнасць. На прасторах інтэрнэту яе заўважыў фотамастак Валерый Вядрэнка. Ён стаў ініцыятарам і куратарам стварэння выставы. Таксама да распрацоўкі ідэі спрычыніўся фотамастак Юрый Васільеў. Каб не яны, магчыма, архівы так і засталіся б архівамі... Наталля Дораш працягвае:

— Як бываю на Палессі, ужо 37 гадоў там здымаю. У мяне сабралася вельмі вялікая калекцыя. Я ў нейкім сэнсе вяла фотахроніку жыхароў вёскі Бухча. І калі на гэтых здымках мы бачым дзяцей, то цяпер яны ўжо выраслі, у іх свае дзеці. Усё гэта адбывалася на маіх вачах: вось гэтыя маленькія дзяўчаткі — ужо сталыя жанчыны. І толькі я адна застаюся такой жа маладой (усміхаецца). Як прыехала туды ў 1976 годзе, калі мне было 24 гады, такой і адчуваю сябе. У мяне ёсць жаданне здымаць і працягваць гэту хроніку. Неўзабаве пачнуцца канікулы ў майго ўнука, і мы зноў паедзем у Бухчу. Там ужо няма нашых бацькоў, шмат памерла людзей у вёсцы. Аднак вяскоўцы засталіся, яны тыя ж палешукі. Я вельмі люблю іх, і многія таксама памятаюць мяне. Ужо выраслі новыя людзі, дзеці дзяцей, і яны таксама аб'екты маіх фотаздымкаў. Толькі фатаграфую я ўжо не старэнькім «Зенітам», а сучаснай лічбавай камерай.

Наталля Дораш усё жыццё адпрацавала ў Гродне газетчыцай: пісала, рэдагавала, фатаграфавала — засвоіла ўсе спецыяльнасці гэтай справы. Ужо сем гадоў жанчына на пенсіі, аднак працягвае актыўна фатаграфаваць. Яна адзначае, што ў яе ўжо сабраўся вельмі вялікі архіў прыроды і людзей сучаснага Палесся — хапіла б на яшчэ адну выставу...

nina@zviazda.by

Фота з асабістага архіва Наталлі Дораш

Загаловак у газеце: «Палешукі — гэта дзеці»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.