Вы тут

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага


Булкі — у печ, яйкі — у цыбульнік, хрон — на тарку.

Чым далей ад сталіцы, тым большая верагоднасць захаваць тое, што пакінулі нам продкі ў першасным выглядзе. Без лоску і прыцягнутых за вушы акалічнасцяў, якія дапамагаюць зарабіць грошы на так званай аўтэнтычнасці. Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і, як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага.


Мае бацькі — людзі ўзростам 45+ — жывуць у вёсцы на Заходнім Палессі. Яны актыўныя карыстальнікі інтэрнэту і рэгулярна выбіраюцца ў Мінск і Брэст, каб заставацца ў курсе ўрбаністычных перамен. Цікавяцца сусветнымі трэндамі ва ўсіх сферах — ад культуры да палітыкі. Але гэта не выцесніла з іх жыцця «старога парадку» — на двары пад яблынькай, як і сто гадоў таму, расце хрон (у нашай мясцовасці горкую расліну называюць менавіта так), а ільняныя саматканыя ручнікі ляжаць у чаканні духмяных гарачых булак з печы.

Пасха (слова «Вялікдзень» у заходнепалескай гаворцы проста не існуе) для бацькоў па-ранейшаму застаецца адной з асноўных дат у календары. Без падрыхтоўкі да яе немагчыма ўявіць аніводную вясну.

Самае важнае ў гэтым — палешукі не ўспрымаюць фарбаванне яек ці прыгатаванне рытуальнай ежы як забаву або часовую моду на зварот да нацыянальнай культуры. Тут так было, ёсць і, хочацца верыць, будзе заўсёды.

Адраджэнне

Неяк трапіў мне на вочы матэрыял пра тое, «як раней беларусы рыхтаваліся да Вялікадня». Пакуль чытала, насмяялася ад душы. Аўтар даваў парады накшталт «у панядзелак трэба выграбаць леташняе лісце з саду, а ў аўторак падмятаць падлогу ў хаце» і называў гэта народнай традыцыяй... Якім жа лайдаком трэба быць, каб чакаць апошняга тыдня перад Пасхай і толькі тады пачаць выграбаць лісце?

У перадсвяточных клопатах палешукі пачынаюць варушыцца яшчэ да Вялікага посту. Прынамсі, кабанчыка сёлета бацькі закалолі ў сярэдзіне сакавіка. Каб хатнія прысмакі — каўбаскі і паляндвіца — былі гатовыя акурат да «свята свят».

За прыборку бяруцца прыкладна за месяц. Рана? Але ж мы з вамі гаворым не пра гарадскую кватэру, а пра паўнавартасную вясковую сядзібу — з хлевам і гародам, якія вясной патрабуюць асаблівай увагі.

Бацька наводзіць парадкі на двары і вакол яго, як толькі сышоў снег. Тыдзень за тыднем усё адраджаецца: рамантуецца, беліцца, фарбуецца і г. д. У наш час знік адзін рытуал, якому калісьці надавалася вялікае значэнне. Ведаю пра яго ад бабулі:

— Паколькі падлогу ў сялянскіх хатах ніхто не фарбаваў, дошкі станавіліся цёмныя. Аднак перад святам іх вышмароўвалі да першаснага стану, яны рабіліся светлыя-светлыя. Абноўленае дрэва аж пачынала пахнуць лесам — «ажывала».

Матуліны абавязкі датычацца дома. Здаецца, такой дасканалай прыборкі, як перад Пасхай, больш не бывае ніколі. Таму што дзеліцца яна на некалькі этапаў. На апошні перадсвяточны тыдзень адводзяцца самыя лёгкія задачы, сярод якіх прывядзенне да парадку і саміх сябе.

Калі мы жылі ў дзедавай хаце «без цывілізацыі» (гэта я пра водаправод), то лазневы дзень абавязкова ладзіўся на Чысты чацвер. Вымываліся ўсе — ад малых да старых. Цікава, што і цяпер, калі ёсць магчымасць прыняць душ у любы момант, мы не здраджваем традыцыі і імкнёмся вылучыць час для знешняй чысціні менавіта ў «чыстачацвярговы» вечар.

Ежа

Набор страў, які з'яўляецца на стале раніцай на Пасху, заўсёды застаецца нязменны. Фарбаваныя вараныя яйкі, хлеб-соль, запечанае мяса з хронам і салодкія булкі. Астатняе — па жаданнях і густах. Прычым гатуецца ўсё нават не напярэдадні, а цягам тыдня і ў вялізных аб'ёмах. Хрон — літрамі, булкі — дзясяткамі, яйкі — ледзь не сотнямі. Як слушна ў свой час заўважыў Пімен Панчанка: «А на Палессі ўсё нядробна».

Пра булкі хочацца распавесці падрабязна. Калі ў пачатку 2000-х бацькі будавалі новы дом з летняй кухняй, то ні ў кога нават сумненняў не ўзнікала наконт таго, будзе ў ёй печ ці не. Класічная пабеленая, з заслонкай. «Каб сушыць грыбы і ягады, запякаць крывянку і, вядома, пячы булкі да Пасхі», — планавала маці. Дарэчы, традыцыйны куліч яна робіць толькі адзін — каб асвяціць. Астатняе месца на шырокіх бляхах займаюць доўгія пузатыя «круцяні». Такія булкі заўжды пякла прабабка Соф'я. Галоўнае ў іх — правільна замешанае і добра вытрыманае цеста. У начынку ідуць мак, тварог і яблычнае ці слівавае варэнне — тое, што заўжды можна было знайсці ў засеках палескай гаспадыні. Булкі маці пячэ, як правіла, у пятніцу. Аднак свежымі яны застаюцца не толькі да самай Пасхі, але яшчэ і тыдзень-другі пасля яе. У чым сакрэт? Ніякай хіміі ў складзе і захоўванне не ў пластыкавых пакетах, а пад ручнікамі.

Хрон бацька выкопвае і націрае дзён за пяць, каб ён паспеў настаяцца.

Яшчэ адна традыцыйная смаката — запечаны або вараны кумпяк. У прыкуску да якога і падаецца хрон. Раніцай абавязкова ядуць менавіта такое мяса, а вось на святочны абед ці вячэру падаюцца і каўбасы, і паляндвіца.

Чырвоная субота — дзень, калі фарбуюць яйкі. Чыгунок, шалупінне ад цыбулі (цыбульнік), вада, агонь і ніякай магіі — так некалькі дзясяткаў хатніх белых яек ператвараюцца ў насычана барвовыя. Калі на дрэвах і кустах ужо распусцілася маладое лісце, то з дапамогай нітак ці старых капронавых калготак, якімі гэтыя лісцікі да яйка «прыклейваюць», можна перавесці малюнак на шкарлупіну.

Што наконт так званай тварожнай пасхі? Яе апошнія гады мы не робім толькі таму, што няма свайго малака, масла і ўласна тварагу. Была б кароўка — іншая справа. З магазінных прадуктаў нічога не атрымліваецца.

Калі ежа гатовая, то па невялікай частцы кожнай стравы мы складваем у кошык. А вечарам у суботу адпраўляемся з ім... на самы край лесу за гародамі. Царквы ў вёсцы няма даўно, згарэла яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Аднак месца, дзе яна калісь стаяла, травой не зарастае — там паставілі драўляны крыж, дзе і адбываецца асвячэнне ежы. Святар моліцца, дыміць кадзіла, сотня (ці дзве) праваслаўных вернікаў прыкрываюць рукамі свечкі ад ветру, а над імі шумяць векавыя палескія сосны. У іншым месцы такое нават уявіць немагчыма.

Сцежка да продкаў

У нашай мясцовасці на першы дзень Пасхі прынята хадзіць на могілкі. Ідуць, вядома, не з пустымі рукамі. На магілы кладзецца велікодны пачастунак. На многіх з іх, дарэчы, таму можна і заўважыць талеркі, відэльцы з лыжкамі і нават чаркі. «Паелі самі — занеслі прысмакі продкам». Прызнацца, да пераезду ў Мінск я думала, што ва ўсіх беларусаў такая традыцыя існуе.

Спытай у нашых людзей, чаму яны так робяць, і з 95-працэнтнай верагоднасцю атрымаеш адказ: «Бо так заведзена». Знайсці вытокі тых ці іншых звычак вельмі складана. Аднак ёсць меркаванне, што канкрэтна гэтая зарадзілася ў савецкі час. Ідэалогія атэізму выгнала людзей з храмаў, але хадзіць на могілкі ім ніхто забараніць не мог. Вось і пачалі збірацца там з галоўнымі атрыбутамі свята Уваскрэсення Хрыстовага — фарбаванымі яйкамі і булкамі.

— Раніцай пасля малітвы і хрыстосавання ежай вясковыя вуліцы быццам паміралі гадзіны на дзве. Жывыя ішлі «праведаць» мёртвых, — успамінае бабуля пра сваё дзяцінства, якое прыйшлося на канец 50-х. — Да самага распаду Савецкага Саюза на могілках каля каплічкі заўсёды сядзелі «юродзівыя». Вяскоўцы выстройваліся ў доўгую-доўгую чаргу, каб папрасіць іх памаліцца за сваякоў-нябожчыкаў. Верылі, што калекі быццам «пазначаныя Богам», а таму бліжэйшыя да яго. У якасці падзякі за малітву старцам пакідалі пасхальную ежу, якую яны пасля свята раздавалі ўбогім і жабракам.

Мясцовыя святары да такога парадку ставяцца па-рознаму. Адны адкрыта забараняюць ці настойліва просяць прыхаджан не ісці ў першы дзень Пасхі на могілкі і тым больш не несці з сабой ежу. Другія ставяцца да гэтай завядзёнкі больш памяркоўна, бо ведаюць: палешукі ўпартыя, калі да нечага прызвычаяцца, то іх не пераканаць. Трэція глядзяць на сітуацыю па-філасофску і нават радуюцца таму, што народ у цэлым не забывае сцежку да продкаў.

Варта зазначыць, што пасхальны ход на могілкі моцна яднае нашых людзей. У гэты дзень аніводная магіла не застаецца без увагі.

Адметная наша Пасха яшчэ і тым, што знаёмыя (а незнаёмых людзей у вёсцы не бывае па змоўчанні, усе адно аднаго ведаюць) тры святочныя дні вітаюцца фразамі «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос». Нават выпівохі, якія ў царкву дзесяцігоддзямі не заходзяць, першыя выкрыкваюць табе вестку пра ўваскрашэнне Сына Божага. Здавалася, усяго некалькі слоў, але якую сілу яны маюць і ствараюць атмасферу ўсеагульнага свята. Часам мне і ў горадзе хочацца так павітацца з кім-небудзь, але ніколі няма ўпэўненасці, што перад табой чалавек, які гэта зразумее.

Дарэчы

Што ні край — то свой звычай

Паездзіўшы па Палессі як журналіст, я не раз пераконвалася ў тым, што нашых людзей хлебам не кармі — дай да якога абраду прычыніцца. Самае цікавае, што ў многіх вёсках заведзеныя свае, ні на якія іншыя не падобныя традыцыі.

Напрыклад, у невялічкай вёсачцы Данілевічы ў Лельчыцкім раёне мясцовыя жыхары ходзяць на паклон да «каменнай дзяўчынкі». Па легендзе калісьці падчас жніва маці з дачкой працавалі ў полі. Дзяўчынка ад работы адвільвала, а маці не жадаючы з гэтым мірыцца раззлавалася і не падумаўшы выпаліла: «Каб ты каменнем стала!» Так на ўскрайку Данілевічаў і з’явілася каменая фігура, што нагадвае абрыс чалавека.

Штогод напярэдадні Вялікадня жыхары вёскі прыбіраюць «дзяўчынку» ў новае квяцістае «ўбраннне», а старое спальваюць. У сам дзень Уваскрэсення Хрыстовага яны прыходзяць яе пачаставаць велікоднымі прысмакамі. Водзяць вакол карагоды і спяваюць святочныя песні. Кажуць, што калі бяздзетная пара папросіць у «дзяўчынкі» дзіця, то яно абавязкова народзіцца.

Ганна ВОЛЯНСКАЯ

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА

Загаловак у газеце: «А на Палессі ўсё нядробна...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.