Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы працуе выстава «Францыск Скарына і наш час»


Гэта не зусім звычайная экспазіцыя... На ёй паказана, як цесна жыццё першадрукара знітавана з сучасным жыццём... А прадстаўлена нечаканае «прачытанне» вобраза першадрукара на выставе «Францыск Скарына і наш час», якая адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і будзе доўжыцца два месяцы.


Выява Скарыны пададзена на шматлікіх календарах, медалях, марках, манетах. У свой час быў зняты фільм пад назвай «Я, Францыск Скарына», пра што сведчыць аднайменны плакат. Вобраз «Малой падарожнай кніжыцы» цяпер выкарыстоўваецца як... вокладка нататніка. Выяву асветніка можна ўбачыць і на майках, і нават на завушніцах — цалкам сучасныя вобразы прадстаўлены на размешчаных тут манекенах.

Варта адзначыць, што ні прадстаўнікоў грамадскасці, ні спецыялістаў такое выкарыстанне спадчыны славутай асобы ніколькі не засмучае. Наадварот, яны ўпэўнены, што, калі Скарына настолькі цікавы сучаснікам, так жыва адгукаецца ў іх сэрцах і адлюстроўваецца ў самых розных творах, значыць... ён жывы! У гэтым упэўнены намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь СУША, які адзначае:

— Вобраз Скарыны шырока ўвайшоў у сучасную культуру. Ім у многім вызначаецца цывілізацыйнае развіццё нашага рэгіёна. Ён жыў пяцьсот гадоў таму, але згадкі пра славутага земляка вельмі часта сустракаюцца і сёння. У Мінску варыяцыі вядомага ўсім імені выкарыстоўваюцца для афармлення — напрыклад на білбордзе ля Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, у назве кавярні «У Францыска». Бібліятэчныя ўстановы таксама названыя ў гонар першадрукара — гэта бібліятэкі ў Полацку, у Лондане. Грамадскія арганізацыі дзейнічаюць пад сцягам гэтай асобы. Ёсць нават цягнік імя Францыска Скарыны: ён рухаецца ад Варшавы да беларуска-польскай мяжы. Многія банкі ў межах карпаратыўнай культуры выкарыстоўваюць імя славутага асветніка, выпускаюць адпаведныя календары. Не засталіся ў баку і ўстановы адукацыі: гімназія №1 Мінска і гімназія №1 Полацка, а таксама знакамітая Віленская беларуская гімназія названы ў гонар Скарыны, таксама як і Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт.

Цікавыя вынікі былі атрыманы падчас сацыялагічнага даследавання, якое ў свой час праводзілася, каб выявіць, каго з гістарычных асоб найбольш шануюць у грамадстве. У ім прынялі ўдзел людзі з рознай адукацыяй, сацыяльным становішчам, рэлігійнымі поглядамі... Францыск Скарына ўвайшоў у дзясятку тых, каму аддалі перавагу. Больш за тое, ён адзіны, хто не выклікаў пярэчанняў ні ў каго з апытаных.

Адна з галоўных узнагарод нашай краіны таксама нясе на сабе адбітак славутага асветніка — гэта ордэн Францыска Скарыны. Ім, сярод іншых выдатных сучаснікаў, узнагароджаны пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір ЛІПСКІ. Тая кніга, выданню якой першадрукар прысвяціў сваё жыццё, для яго — не пусты гук. На адкрыцці выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы Уладзімір Ліпскі расказаў, што двойчы прачытаў Біблію «з алоўкам»: калі, натхняючыся пэўнымі месцамі Святога Пісання, у яго ўзнікалі свае думкі, ён адразу занатоўваў іх. У выніку ў Ліпскага атрымалася напісаць 33 малітвы. Адну з іх, дзясятую, ён прачытаў для прысутных. Эпіграфам да яе сталі наступныя словы: «Прызнайцеся адзін аднаму ў правінах і маліцеся адзін за аднаго, каб ачуняць» (Якава 5:16): «Усцяшыцель, мы ўсе на зямлі дзеці Твае. На крыжы Ты выцерпеў гнеў людзей, гнеў д'ябла, і ўсё для таго, каб мы жылі. Грахоўнасць наша ў тым, што мы не заўсёды цэнім Твой подзвіг, будуем часта сцены, дзе трэба будаваць масты, заводзім спрэчкі, бо не хочам разумець адзін аднаго, асуджаем іншых, замест таго, каб выправіць саміх сябе. Чужыя грахі перад вачыма, а свае — за спінай. Шукаем сяброў без недахопаў і застаёмся ў адзіноце. Позна даходзіць да нас, што выслухаць праўду пра сябе і не пакрыўдзіцца, — гэта ёсць сапраўднае сяброўства. Верны сябар той, хто чэсны і правы, хто ведае пра цябе дрэннае, але ж любіць цябе, бо хоча, каб ты быў лепшы. Хрысціянства пачынаецца з любові. Каб сустрэцца з ёй, пазнаць яе, абнаўляй сябе штодзённай малітвай, выконвай Божыя запаветы, і Гасподзь паклапоціцца пра цябе. Ты атрымаеш суцяшэнне ад усякай глузды. Памолімся, каб людзі вакол нас сталі добрымі, міласэрнымі, спагадлівымі. І самі пастараемся быць такімі».

І гэта яшчэ адно ўвасабленне спадчыны першадрукара, якое нарадзілася сёння, больш чым праз 500 гадоў пасля яго нараджэння. А колькі яшчэ будзе твораў і аўтараў, натхнёных тым, хто запаліў у цемры святло і праклаў нам дарогу да друкаванага слова...

Адразу запамінаецца гараджанка, у вобразе якой цікава абыграна скарынаўская тэматыка. На яе майцы — выява доктара Скарыны, прычым паўстае ён у выглядзе алхіміка, што вынаходзіць лекі не толькі для душы, але і для цела... На завушніцах сучаснай прыгажуні таксама вобраз нашага асветніка, што сядзіць за сваім друкарскім станком. Дадаём сюды саламяны капялюш, ярка падведзеныя вочы — і новы актуальны стыль у нацыянальным духу гатовы!

nina@zviazda.by

Фо­та Кас­ту­ся ДРО­БА­ВА

Загаловак у газеце: Нечаканы Францыск Скарына

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.