Вы тут

Абярэг Дзераўнянскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна


Дакрануцца да карціны-абраза, што вісіць у школе, — добры знак.

У кожнай установе адукацыі ёсць свой гімн, эмблема. А вось у Дзераўнянскай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна — яшчэ і абярэг.


— Наша школа адна з найстарэйшых у раёне, у 2013-м ёй споўнілася 150 гадоў. Яна і самая вялікая сярод сельскіх устаноў адукацыі, тут займаюцца 235 вучняў, — расказала дырэктар Марыя Шумчык. — У нас працуюць 37 педагогаў, 21 з іх — нашы выпускнікі.

Сапраўды, цікавая акалічнасць. Але, як мяркую, гэтаму ёсць тлумачэнне. У школе створана душэўная і духоўная атмасфера, даверлівыя адносіны паміж настаўнікамі, вучнямі, бацькамі. Соф'я Варатынцава (на фота) выкладала беларускую мову і літаратуру, цяпер — педагог дадатковай адукацыі.

— Сярод нашых выпускнікоў былы Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а цяпер епіскап Пінскай дыяцэзіі Антоній Дзям'янка. Менавіта ён падараваў школе карціну-абраз з выявай Папы Яна Паўла ІІ і хрысціянскай сімволікай: вінаградам (як сімвал крыві Ісуса Хрыста), гербам і ладдзёй. Настаўнікі і вучні з павагай ставяцца да гэтага сімвала. Дакрануцца да яго — добры знак: як заўважылі, усё загаданае збываецца.

Магчыма, таму ў нас такая цудоўная атмасфера, 100-працэнтнае паступленне ў сярэдне-спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, — лічыць Соф'я Варатынцава. — У вучняў няма праблем ні з вучобай, ні з паводзінамі: ніводзін з іх не здзейсніў дрэнных учынкаў, не стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. А ў Дзераўнянскім сельсавеце, на тэрыторыі якога знаходзіцца школа, адсутнічаюць сем'і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Ніводнае свята не абыходзіцца без блаславення ксяндза Сяргея Лямгі. Своеасаблівым рытуалам стаў выпускны баль, калі дзеці ў прыгожых строях разам з бацькамі і настаўнікамі ідуць у касцёл у гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Выхаванцы лічаць за гонар дапамагаць святару падчас набажэнстваў, нават запісваюцца ў чаргу.

Невыпадкова дзеці зацікавіліся гісторыяй стварэння храма і правялі асабістае даследаванне. У канцы XVІ стагоддзя па загадзе ўладальніцы мястэчка Эўфіміі Вярбіцкай у выніку шлюбу яе дачкі Гальшкі Вішнявецкай і Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі быў узведзены велічны касцёл, які першапачаткова атрымаў назву ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, паколькі быў асвячоны 25 сакавіка, калі католікі адзначаюць Дабравешчанне.

— У сакавіку прайшоў конкурс даследчых работ, мая вучаніца з аб'яднання «Спадчына» выступіла з работай пра былога святара касцёла Паўла Доўжыка, — падзялілася навіной Соф'я Іосіфаўна. — Ідэю мы запазычылі ў настаяцеля парафіі ў гонар Святой Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна Часлава Курэчкі, узнагароджанага прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Ён расказаў пра двух святароў, спаленых зажыва падчас Вялікай Айчыннай вайны. У той мясцовасці яны лічацца святымі. Я падумала: а чым горшы наш Павел Доўжык, які ўратаваў храм ад разбурэння ў гады ліхалецця цаной свайго жыцця? Прыхаджане даведаліся, што фашысты хочуць арыштаваць святара за дапамогу падпольшчыкам. Яго схаваў у сваёй хаце мясцовы жыхар Браніслаў Сянько. Але ворагі аб'явілі: калі ксёндз не з'явіцца сам, то спаляць святыню. І настаяцель здаўся. 10 жніўня 1943 года па яго прыехалі на машыне, а куды павезлі, ніхто не ведаў. Больш як праз тыдзень яго знайшлі ў лесе: цяпер тут стаіць асвячоны крыж. Ляжаў ён тварам уніз — відаць, стралялі ў спіну. На той час, як згадваюць старажылы, стаяла спякота. Але цуд: цела ксяндза не кранула тленне. Пад покрывам цемры Юлія Буднік з вёскі Налібокі на кані кружнымі шляхамі прывезла цела ў Дзераўную. Паўла Доўжыка пахавалі ноччу каля касцёла. Пазней на магіле быў устаноўлены помнік.

Соф'ю Іосіфаўну можна слухаць без перапынку. Цікавая, неабыякавая, інтэлігентная: яна ў свой час скончыла Дзераўнянскую школу і працуе тут ужо 44 гады, кіруе аб'яднаннем «Спадчына», стварыла школьны музей «Стаўбцоўшчына літаратурная». Яна шмат зрабіла разам з вучнямі, педагогамі, каб пра іх школу, вёску ведалі не толькі на Стаўбцоўшчыне, а выхаванцы жылі ў суладдзі.

І наогул, як адзначыў старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, у Дзераўнянскім, Налібоцкім сельскіх Саветах сапраўды наладжана добрае супрацоўніцтва са святарамі. Яны дапамагаюць выхоўваць моладзь.

І не толькі. Напрыклад, у Налібоках ксёндз прысутнічае на сесіях, настройвае актыў на пазітыўны лад. А калі ладзіцца суботнік, то ён у сваю чаргу заклікае прыхаджан прыняць у ім актыўны ўдзел. І людзі адклікаюцца. Менавіта дзякуючы гэтым стасункам у населеных пунктах, на могілках парадак, чысціня.

Сярод нашых выпускнікоў былы Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а цяпер епіскап Пінскай дыяцэзіі Антоній Дзям'янка. Менавіта ён падараваў нашай школе карціну-абраз з выявай Папы Яна Паўла ІІ і хрысціянскай сімволікай: вінаградам, (як сімвал крыві Ісуса Хрыста), гербам і ладдзёй. Настаўнікі і вучні з павагай ставяцца да гэтай карціны. Дакрануцца да яе — добры знак: як заўважылі, усё загаданае збываецца.

lazovskaya@zviazda.by

Фота Васіля Зянько

Загаловак у газеце: Прыгажосць, якая аберагае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.