Вы тут

Клуб аматараў «Жывіца»: ад вытокаў да поспеху


Народны клуб кампазітараў і паэтаў «Жывіца» працуе пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці ўжо амаль паўтара дзесяцігоддзя. Пра талент удзельнікаў суполкі крыху раскажуць лічбы: за гэты час 20 паэтаў, яго выхаванцаў, прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, у клубе падрыхтаваны і пабачылі свет 6 песенных дыскаў, 17 паэтычных кніг, два новыя выданні ужо сёлета прапанаваны чытачам. Кожны з сяброў імкнецца выдаць свой уласны зборнік вершаў, запісаць музычны дыск. І для многіх з іх такая мара ўжо стала рэальнасцю, нават не раз. Удзельнікі клуба з задавальненнем прымаюць удзел у міжнародных, рэспубліканскіх і абласных святах, фестывалях і імпрэзах, а летась «Жывіца» стала лаўрэатам абласнога конкурсу «Творчы алімп Міншчыны» ў намінацыі «Аматарскія аб'яднанні і клубы па інтарэсах».


За гэтымі крыху сухімі, але тым не менш уражальнымі фактамі (гаворка ж ідзе пра аматараў!) — шмат працы, перажыванняў і клопатаў удзельнікаў, гадзіны кансультацый з прафесіяналамі і вялікая арганізатарская работа. Таму сёння разам з заснавальніцай і кіраўніцай клуба, паэткай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, музыкантам Ірынай Карнаухавай мы ўспамінаем вытокі і спрабуем разгадаць феномен поспеху «Жывіцы».

— Ірына Аляксандраўна, сёння клуб аб'ядноўвае ўжо шмат удзельнікаў, мае за плячыма багаты досвед працы. А з чаго ўсё пачыналася?

— Я сама, калі пачынала пісаць, вельмі доўга шукала кансультанта, які б паглядзеў мае вершы і параіў, ці варта працаваць далей, якія недахопы трэба выпраўляць у творах. А паколькі я чалавек вельмі цікаўны, глыбока вывучаю пытанне, трэніруюся, пакуль не атрымаецца дасканала, то ў выніку... стварыла народны клуб кампазітараў і паэтаў. Самая першая задача была — сабраць людзей, згуртаваць іх, каб яны маглі дзяліцца досведам, паказваць свае напрацоўкі і кансультаваць адно аднаго. Я ад пачатку была ўпэўнена, што на Міншчыне многа таленавітых паэтаў, кампазітараў. Так і аказалася. Спачатку разаслала лісты-запрашэнні і адмыслова распрацаваную анкету ў раёны, стварыла базу звестак творцаў, правяла самы першы вялікі творчы сход у Смалявічах. Атрымалася проста выдатная вечарына. І ведаеце, асноўная частка ўдзельнікаў той сустрэчы дагэтуль у клубе. Такая салідарнасць, яднанне дарагога вартыя.

— Праца клуба грунтуецца менавіта на ўзаемадапамозе?

— Так, але не толькі. Мы пачалі адно аднаго чытаць — гэта ўжо выйсце. Больш вопытныя творцы сталі вычытваць вершы калег, рэдагаваць. Яны ўвесь час стэлефаноўваюцца, перапісваюцца. Я ж арганізоўваю розныя школы, праводжу заняткі па творчым майстэрстве падчас пасяджэнняў нашай суполкі. Спачатку, калі клуб толькі арганізаваўся, я зразумела, што сама наўрад ці змагу працаваць з усімі паэтамі. Многія з іх ужо былі вопытнымі, амаль прафесійнымі творцамі. Стала шукаць паэтаў, якія маглі б дапамагаць. І такія людзі знайшліся. Паэткі Галіна Каржанеўская, Аліна Легастаева і паэт Васіль Жуковіч прыходзілі на пасяджэнні, аналізавалі вершы, паказвалі на недакладнасці ў творах пачаткоўцаў і дапамагалі іх выправіць, укладалі зборнікі.

— Вы працуеце з паэтамі, развіваеце іх творчыя здольнасці. Як адбываецца такая праца падчас пасяджэнняў?

— Робім такія практыкаванні: я кажу фразу — і паэты на хаду павінны напісаць верш, прадоўжыць прапанаваны пачатак. Ці рубрыка «Сам сабе рэдактар»: раздаю вершы, у якіх варта выправіць некаторыя хібы, а ў рубрыцы «Пад уражаннем» мы разбіраем і абмяркоўваем тэксты, складаныя для разумення. Ёсць у нас і адмысловая школа акцёрскага майстэрства, дзе мы вучымся прыгожа дэкламаваць вершы са сцэны. Літаратурная і кампазітарская творчасць — надзвычай складаная праца.

— Заданні, пра якія вы распавялі, могуць зацікавіць і школьнікаў, і больш сталых творцаў. Людзі якога ўзросту — сябры «Жывіцы»?

— Узрост удзельнікаў абсалютна розны. Ёсць члены клуба, якія прыйшлі ў «Жывіцу» яшчэ школьнікамі, сёння яны ўжо студэнты. Ёсць пажылыя ўдзельнікі, ім ужо за 80. Мы — адна вялікая сям'я, на свае сустрэчы збіраемся з розных гарадоў і вёсак вобласці ў любое надвор'е. Самае важнае для ўдзельнікаў — зносіны, абмен думкамі, навінамі, выступленні. Гэта ўжо неабходнасць.

— Узаемадапамога — гэта выдатна. А ці арганізоўваеце сустрэчы з вядомымі творцамі, майстар-класы прафесіяналаў?

— Такіх сустрэч праходзіць шмат. На пасяджэнні клуба часта запрашаем пісьменнікаў, кампазітараў, якія ўжо маюць вялікі аўтарытэт у краіне і за мяжой. Гэта, напрыклад, паэты Міхась Пазнякоў, Анатоль Аўруцін, Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп, Васіль Жуковіч, Анатоль Зэкаў, актрысы Раіса Астрэдзінава, Ірына Нарбекава, вядомы спявак Дзядзя Ваня, кампазітары Алена Атрашкевіч, Валерый Карэтнікаў, Алег Молчан, Алег Елісеенкаў, Дзмітрый Даўгалёў і іншыя. Два разы на год ладзім творчыя лабараторыі і практычныя майстар-класы. Яны сапраўды карысныя, бо адна справа — проста прыйсці пазнаёміцца, паслухаць вядомага чалавека, і зусім іншая — павучыцца ў яго ствараць новыя вершы, песні, прадумваць вобразы для сцэны.

— Не магу не запытацца пра графаманію ў «Жывіцы». Як тут з гэтым змагаюцца?

— Час усё расставіць на месцы. Такіх геніяў, як Колас і Купала, у нашым клубе няма, ды і нараджаюцца яны раз на сотню гадоў. Але справа не ў гэтым. Калі ў чалавека ёсць жаданне, імкненне да творчасці ў любым выглядзе — кулінарыя, садоўніцтва, патрэба пісаць, то чаму не? Нашы сябры пішуць, развіваюць свае творчыя здольнасці. Але графаманства, проста вершаплёцтва тут ужо не праходзіць. Тыя, хто не ставіцца сур'ёзна да працэсу стварэння вершаў, хто не ўпэўнены ў іх узроўні, нават не спрабуюць выходзіць на сцэну і чытаць, яны стараюцца працаваць над сабой. Падчас пасяджэнняў ёсць рубрыка «Новыя асобы ў клубе», дзе мы даём слова навічкам. Калі нешта ў іх творах будзе не так, то нашы сябры самі падкажуць, дапамогуць, параяць. Мякка, ветліва, але строга і справядліва.

— І як новыя ўдзельнікі ставяцца да крытыкі?

— Звычайна ўсе парады і крытычныя заўвагі ўспрымаюцца добра. Але былі і такія паэты — часцей мужчыны, — якія вельмі негатыўна ставіліся да заўваг і толькі праз два гады пасля першай сустрэчы зноў вярталіся ў клуб. Часам сапраўды бачыш, што ў вершах пачаткоўца ёсць жывое слова, рацыянальнае зерне, і яму дастаткова проста дапамагаць парадамі, крыху падказваць і вучыць. А школа ў нас склалася вельмі моцная. Напрыклад, Галіна Нічыпаровіч з Узды, Галіна Мароз з Лагойска, Лілія Мялешка з Клецка, Уладзімір Цанунін і Віктар Кажура з Вілейкі (а ён працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры) ужо сталі членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, але працягваюць наведваць пасяджэнні клуба, дапамагаюць парадамі пачаткоўцам. З рэдактурай зборнікаў, арганізацыяй імпрэз дапамагае Юрась Нераток, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

— Сябрамі клуба «Жывіца» з'яўляюцца не толькі паэты, але і кампазітары. Ведаю, што вы арганізоўваеце літаратурна-музычныя вечары, прымаеце ўдзел у розных конкурсах і фестывалях.

— Так. Зладзіць мерапрыемства, арганізаваць выдатную канцэртную праграму мы гатовыя літаральна ў любы момант. Адметна, што канцэрты «Жывіцы» праходзяць на сцэне без рэпетыцый: усе выступоўцы прыязджаюць з розных мясцін, і напярэдадні імпрэзы іх проста немагчыма сабраць разам. Але як рэжысёр я выдатна бачу агульную карціну выступлення, і, ведаючы рэпертуар і здольнасці кожнага з сяброў клуба, магу выстраіць канцэрт. Адметна, што на абласным фестывалі-конкурсе «Напеў зямлі маёй», які штогод праходзіць на радзіме кампазітара Ігара Лучанка і ў якім прымаюць удзел толькі народныя і ўзорныя калектывы Міншчыны, мы сёлета паказвалі асобную канцэртную праграму.

— А наколькі высокі прафесійны ўзровень кампазітараў — сяброў клуба?

— Яны не прафесіяналы, але ў многіх з іх хобі ператвараецца ў прафесіяналізм. Іх песні і сёння гучаць на сцэне ў выкананні маладых артыстаў, на «Славянскім базары» ў Віцебску, свяце паэзіі і песні ў Маладзечне. Напрыклад, некалькі выдатных і плённых праектаў было ў кампазітаркі Алены Атрашкевіч і паэта з Крупак Барыса Макарэвіча. Алег Пяткун з Дзяржынска свае песні прапаноўвае для эстраднага аддзялення каледжа мастацтваў. Ён сам піша музыку і аранжыроўкі. Ёсць у нас аўтары-выканаўцы, якія пішуць і вершы, і музыку — як Максім Жыроні з Салігорска. Ён урач-педыятр, загадчык аддзялення неанаталогіі. Высокі, моцны мужчына, але піша такія выдатныя песні — з гумарам, вобразныя. Ці Уладзімір Цанунін, ён перажыў чарнобыльскую катастрофу, нават напісаў пра гэта цэлую кнігу паэзіі. Піша таксама і рознажанравыя песні. Я магу пералічыць яшчэ шмат таленавітых кампазітараў «Жывіцы», і менавіта дзякуючы дапамозе прафесіяналаў яны растуць у творчым плане.

— Вы так разрэкламавалі «Жывіцу»! Як стаць сябрам клуба?

— Проста прыходзьце. Нашы дзверы заўсёды адчынены. Адзінае, што варта памятаць: гэта абласны клуб і мы аддаём перавагу менавіта ўдзельнікам з Мінскай вобласці. Але і многія мінчане просяцца на пасяджэнні суполкі, кажуць, што толькі ў нас ёсць такая школа творчасці. Настойліва ходзяць да нас на пасяджэнні цягам некалькіх гадоў, працуюць. Натуральна, калі мы бачым інтарэс, жаданне, то не адкідваем удзельнікаў і прымаем у клуб.

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: ...і канцэрты без рэпетыцый

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.