29 верасня, аўторак

Вы тут

Прыцягнуць грошы ў сацыяльны праект прасцей, чым у бізнес


Як сабраць 50 мільёнаў на распрацоўку адукацыйнай праграмы ці адкрыццё прытулку? Проста: расказаць наваколлю пра сваю ідэю і прапанаваць прафінансаваць. Менавіта так арганізаваны краўдфандынг. І хоць першапачаткова падобныя інтэрнэт-пляцоўкі ствараліся, каб прыцягваць грошы ў камерцыйныя праекты, «сацыялка» ў народных спонсараў знаходзіць не меншы водгук.


Кінатэатр у правінцыі і курс для педагогаў

Некалькі месяцаў таму ў Мсціславе задумаліся над тым, каб адкрыць свой міні-кінатэатр. Каб моладзі ўвечары было дзе адпачыць. Раней кінатэатр у горадзе быў, але праз аварыйны стан памяшканне даўно не выкарыстоўвалася. Настаўнік інфарматыкі мясцовай гімназіі Сяргей КАЛЬЦОЎ прапанаваў абсталяваць для прагляду фільмаў актавую залу навучальнай установы. Закупіць мультымедыйны праектар, вялікі, да 3,5 метра, экран, акустычную сістэму і 3D-акуляры.

— Праз сайт кінатэатра можна будзе выбраць фільм, які спадабаўся, і фарміраваць рэпертуар, — распавядае Сяргей Кальцоў. — А каб павысіць узровень інфармаванасці ў розных галінах навукі і мастацтва, будзем ладзіць тэматычныя прагляды дакументальнага кіно.

На ўсё, па падліках настаўніка, патрэбна было 37,5 мільёна. І суму ўдалося сабраць. Грошы на кіназалу пералічыў 171 спонсар.

Яшчэ адзін праект, які збіраў сродкі з дапамогай краўдфандынгавай платформы, стаў запатрабаваным далёка за межамі аднаго горада. Журналіст Ірына Дзяргач, дырэктар грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Таццяна Якаўлева і вэб-дызайнер Дзмітрый Валошка вырашылі запусціць адукацыйны курс для педагогаў, псіхолагаў, дэфектолагаў і бацькоў малых з аўтызмам. Гэта 14 анлайн-семінараў на рускай мове, якія будуць у сеціве ў свабодным доступе. Каб арганізаваць такі курс, каманда шукала 27 мільёнаў — на арэнду пляцоўкі для правядзення вэбінараў і аплату замежных экспертаў. Праект «Інклюзія анлайн» падтрымала больш за 130 чалавек: на яго рэалізацыю перавялі 53 мільёны — амаль у два разы больш ад заяўленай сумы!

— Першапачаткова мы нават не разлічвалі на такую раскрутку, — прызнаецца дырэктар арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Таццяна ЯКАЎЛЕВА. — Патрэба ў навучанні беларускіх спецыялістаў і бацькоў асновам аналізу паводзін, сэнсарнай інтэграцыі асаблівых дзетак, напэўна, стала надзвычай актуальнай. Усё гэта веды, а на міжнародным рынку яны каштуюць вельмі дорага.

Курс зацікавіў не толькі беларусаў, але і жыхароў Расіі і Украіны. Таццяна Якаўлева кажа, што даводзіцца пакуль адмаўляць некаторым з тых, хто рэгіструецца для ўдзелу ў семінарах. Па статыстыцы, попыт перавышае прапанову ў 3-4 разы.

Сярэдні чэк — 400 тысяч рублёў

6 з 10 сацыяльных праектаў, што шукаюць сродкі праз краўдфандынг, збіраюць неабходную суму. Такую лічбу прыводзіць платформа «Вулей». Для параўнання: сярэдні ўзровень паспяховасці па інтэрнэт-пляцоўцы — 40 працэнтаў.

Цікава, што і сярэдні чэк, які гатовы выпісаць народныя спонсары на сацыяльны праект, у 1,5 раза вышэйшы, чым па астатніх катэгорыях. Ён складае 300-400 тысяч рублёў. Ёсць, вядома, і больш значныя пералічэнні, на тысячу долараў. Як паказвае практыка, да ідэй, якія фінансуе вялікая колькасць дробных інвестараў, падцягваецца буйны спонсар — бізнес або мецэнат.

Грошы аўтар праекта атрымлівае толькі ў тым выпадку, калі збірае заяўленую суму цалкам. Тэрміны, за якія гэта трэба зрабіць, аўтар вызначае сам. Тое, што пералічылі звыш бюджэту, таксама перадаецца на рэалізацыю ідэі.

— Прынцып «усё або нічога», на мой погляд, з'яўляецца самым сумленным і празрыстым для ўсіх бакоў, — лічыць дырэктар па развіцці платформы «Вулей» Эдуард БАБАРЫКА. — Калі аўтар праекта сабраў 25 ці 50 працэнтаў, значыць, ідэя не будзе рэалізавана. Трэба недзе дадаткова шукаць сродкі, якіх не хапае. Гарантаваць, што яны знойдуцца, аўтар праекта не можа, бо калі б былі гарантыі, ён бы першапачаткова заявіў меншую суму.

А калі чалавек збярэ грошы і нічога не зробіць з таго, што абяцаў? Cпонсары падтрымліваюць праект на падставе дагавора дарэння. Гэты дакумент не абавязвае аўтара ў выпадку няўдачы вяртаць сродкі. Але ёсць сацыяльная адказнасць, якой, прыцягнуўшы сотню інвестараў, не ўдасца пазбегнуць.

Спонсара трэба зачапіць гісторыяй

Сярод праектаў, якія засталіся без фінансавай падтрымкі, — прытулак для жанчын з дзецьмі ў Бабруйску, серыя адукацыйных брашур аб эпілепсіі, маладзёжны фестываль, дзе можна было б пазнаёміцца з адукацыйнымі праграмамі і стажыроўкамі. Не знайшло водгук, бо не патрэбна?

— Я гаварыў бы не пра ідэю (бо пасыл у сацыяльных праектаў падобны), а пра падыход. На першы план для краўдфандынгу выступаюць эмоцыі і гісторыя, якая расказваецца ініцыятыўнай групай. Важна, як выкладаецца праблематыка, як апісваецца рашэнне, ці натхняе яно людзей на тое, каб далучыцца да праекта. Ці дастаткова высілкаў прыкладае аўтар, каб пра праект даведалася як мага больш людзей. Варта мець дэталёва прапрацаваны маркетынгавы план, — каментуе Эдуард Бабарыка.

Для кожнага спонсара прадугледжаны падарунак. У выпадку з кінатэатрам у Мсціславе, тым, хто перавёў на рахунак 30 тысяч, абяцалі па тры квіткі на любыя сеансы ў гэтай кіназале, людзям, якія не пашкадавалі 500 тысяч, — магчымасць бясплатна прыходзіць на паказы ўвесь год. На думку Эдуарда Бабарыкі, матэрыяльная падзяка, безумоўна, уплывае на рашэнне дапамагчы праекту, але ідэя і гісторыя для спонсара важнейшыя:

— Бонусы толькі дапамагаюць сарыентавацца ў парадку коштаў, рэгулююць значнасць учынку. Іх мэта — узмацніць эмоцыю.

Пакуль праекты, якія збіраюць грошы на беларускай краўдфандынгавай пляцоўцы, маюць бюджэт да 5 тысяч долараў. Але, мяркуюць на «Вуллі», сума ўжо зараз можа быць у 10 разоў вышэйшай.

— Краўдфандынг упершыню прадаставіў простаму чалавеку магчымасць уплываць на будучыню. Права выбіраць, — лічыць дырэктар па развіцці пляцоўкі. — Гэта практычна перадзамова. Калі чалавек проста дасылае грошы на дабрачынны рахунак, ён не заўсёды адчувае датычнасць да працэсу. У сітуацыі з праектамі вынікі больш наглядныя, ёсць цесная эмацыянальная сувязь. Задаволенасць ад такога тыпу фінансавання нашмат вышэйшая.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Спонсары знойдуць вас самі

Выбар рэдакцыі

Культура

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

Пагаварылі з некаторымі з тых людзей, якія спрычыніліся да вялікай працы.