Вы тут

Ва ўсіх школах Мінскай вобласці з'явіцца відэаназіранне


У 2016 годзе ў Мінскай вобласці будуць уведзены ў строй тры новыя ўстановы адукацыі — сярэдняя школа і два дзіцячыя садкі.


— 1 верасня павінна адкрыцца сярэдняя школа на 510 месцаў у пасёлку Нарач Мядзельскага раёна, — паведаміла начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна КАЗАК. — Зараз вядзецца будаўніцтва дзіцячага садка ў вёсцы Ляскоўка, якая адносіцца да Бараўлянскага сельсавета Мінскага раёна. Увод у эксплуатацыю гэтага аб'екта таксама запланаваны на бягучы год. А ў найбліжэйшы час адбудзецца адкрыццё дзіцячага садка на 230 месцаў у Барысаве — па ім ужо падпісаны акт уводу ў эксплуатацыю.

Усяго ў Мінскай вобласці з 2015 да 2020 года было запланавана пабудаваць 12 дзіцячых садкоў. У трох з іх адукацыйны працэс распачаўся яшчэ летась.

«Што датычыцца будаўніцтва ў найбліжэйшай перспектыве сярэдніх школ, то ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама сфарміравала свае прапановы. Трэба, каб яны прайшлі ўзгадненне і былі зацверджаны аб'ёмы фінансавання. Напрыклад, у гэтым годзе павінны быць выкананы праектныя работы па школе на 720 месцаў у Мінскім раёне, будаўніцтва якой плануецца распачаць у 2017 годзе», — паведаміла Галіна Казак.

Па словах начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі, за 2011—2015 гады ў Мінскай вобласці было пабудавана 11 дзіцячых садкоў на 2043 месцы, праведзена рэканструкцыя і перапрафіляванне дзевяці аб'ектаў на 518 месцаў. Таксама ў Мінскім раёне ў 2015 годзе былі адкрыты два прыватныя дзіцячыя садкі. «Усяго на будаўніцтва і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі за 2011—2015 гады накіравана больш як 2 трлн рублёў, — канстатавала Галіна Казак. — За той жа перыяд адкрыта 10 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, а колькасць дзяцей, уладкаваных на сямейныя формы выхавання, вырасла з 80,6% да 85,85%».

Таксама да канца года плануецца завяршыць працу па абсталяванні сістэмамі відэаназірання абсалютна ўсіх устаноў адукацыі ў вобласці. Галіна Казак упэўнена, што з сістэмамі відэаназірання навучальныя ўстановы сталі больш абароненымі. Яна адзначыла, што ў буйных школах сталічнага рэгіёна з колькасцю 700 і больш вучняў з 2013 года, акрамя відэаназірання, усталяваныя яшчэ і электронныя прапускныя сістэмы. У менш буйных школах практыкуюцца толькі сістэмы відэаназірання, што дазваляе кантраляваць сітуацыю як звонку будынка, так і ўсярэдзіне. «Тэхнічныя сродкі дысцыплінуюць не толькі навучэнцаў, але і наведвальнікаў школ», — падкрэсліла начальнік упраўлення.

Да пачатку новага навучальнага года плануецца завяршыць рэалізацыю яшчэ аднаго важнага праекта — па стварэнні безбар'ернага асяроддзя ва ўстановах адукацыі. Для гэтага неабходна абсталяваць яшчэ 25 пандусаў. Летась у школах сталічнага рэгіёна такая праца праводзілася вельмі актыўна — усяго было абсталявана 398 пандусаў. А ў Дзяржынску быў адкрыты дзіцячы сад з безбар'ерным асяроддзем.

Таксама ў 2016 годзе ў Мінскай вобласці плануецца падключыць да праекта «Электронная школа» 112 устаноў адукацыі. Гэты праект будзе рэалізаваны пры падтрымцы Міністэрства адукацыі сумесна з РУП «Белтэлекам». А ў 2017 годзе да праекта далучацца яшчэ 19 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці.

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.